Былая палітзняволеная расказала пра цяжкі псіхалагічны стан адной са сваіх сябровак
Былая палітзняволеная Яна Пінчук, вызваленая сёлета 15 верасня, расказала пра цяжкі псіхалагічны стан палітзняволенай Марыны Леановіч, піша «Вясна».

«Марына і я былі разам да майго памілавання. У яе вельмі нестабільны псіхалагічны стан, і яна знаходзілася ў бяспечным памяшканні, бо яе пераследавалі думкі пра самагубства», — напісала Яна Пінчук у сацыяльных сетках.
Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна мінчанка. Пасля школы адвучылася ў БДУІР на метролага. Адразу па размеркаванні дзяўчына пайшла працаваць у EPAM, дзе была франтэнд-распрацоўшчыцай (чалавек, які распрацоўвае тую частку праграмы, якую бачыць карыстальнік).
Таксама Марына займалася творчасцю. Напрыклад, пісала артыкулы для беларускай Вікіпедыі, рабіла ілюстрацыі ды перакладала на беларускую мову, а яшчэ пісала вершы. Усе сацсеткі дзяўчына вяла па-беларуску, але пад псеўданімамі.
Пасля пачатку вайны Марына паехала жыць у Грузію і асела ў Тбілісі. Дзяўчына захапляецца прыродай і фатаграфавала ды ідэнтыфікавала віды раслін ці насякомых, якія знаходзіла падчас вандровак.
Пра затрыманне Марыны напісалі ў твітары ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь. 14 студзеня 2025 года яна была асуджаная на 5 гадоў зняволення.
Каментары