У пустыні Гобі пабудавалі музей, падобны да яек дыназаўраў. Ён амаль не мае патрэбы ў кандыцыянерах нават пры 55 градусах спёкі
У кітайскай частцы пустыні Гобі пабудавалі незвычайны музей, які з вышыні нагадвае раскіданыя па пяску яйкі дыназаўраў. Але яго галоўная асаблівасць не ў знешнім выглядзе — будынак спраектавалі так, каб ён мог вытрымліваць экстрэмальную спёку і холад без кандыцыянераў.

Як піша The Guardian, Музей птэразаўраў знаходзіцца ў пустыні Гобі, непадалёк ад горада Хамі на паўночным захадзе Кітая. Умовы тут надзвычай суровыя: улетку тэмпература паветра можа перавышаць 55 градусаў, а паверхня зямлі награваецца да 80. Зімой тэмпература апускаецца ніжэй за мінус 20 градусаў. Да таго ж у рэгіёне часта здараюцца моцныя вятры і пясчаныя буры.
Знешні выгляд музея не менш незвычайны, чым яго размяшчэнне. Здалёк серабрыстыя купалы нагадваюць касмічную базу, а з вышыні птушынага палёту — вялізныя яйкі дыназаўраў, раскіданыя сярод пяскоў пустыні.
Месца для музея выбралі невыпадкова. Менавіта тут навукоўцы знайшлі сотні выкапняў птэразаўраў — лятучых рэптылій, якія жылі ў эпоху дыназаўраў. Некаторым знаходкам каля 130 мільёнаў гадоў. Сярод іх ёсць асабліва рэдкія астанкі, у якіх захаваліся нават мяккія тканкі галаўнога грэбеня.

Музей вырашылі пабудаваць непасрэдна ў раёне раскопак, каб не перавозіць далікатныя выкапні на вялікія адлегласці. Акрамя таго, так наведвальнікі могуць убачыць знаходкі ў тым самым геалагічным асяроддзі, у якім яны праляжалі мільёны гадоў.
Але перад архітэктарамі паўстала праблема: як стварыць прыдатныя ўмовы для наведвальнікаў і экспанатаў, не расходуючы велізарную колькасць энергіі на ахалоджванне?
Рашэнне знайшлі пад зямлёй
Большую частку музея плошчай восем тысяч квадратных метраў размясцілі на глыбіні васьмі метраў. Грунт служыць натуральнай цеплаізаляцыяй: летам ён абараняе памяшканні ад спёкі, а зімой дапамагае захоўваць цяпло. Акрамя таго, падземныя залы значна менш цярпяць ад моцных вятроў і пясчаных бур.

У музеі ёсць і сістэма натуральнай вентыляцыі. Прахалоднае паветра паступае ўніз, а цёплае па спецыяльных шахтах падымаецца і выходзіць вонкі.
Кандыцыянеры ў будынку ўсё ж ёсць, але яны патрэбныя пераважна як рэзерв. Паводле разлікаў кампаніі Turenscape, якая распрацавала праект, такая канструкцыя дазваляе скараціць выдаткі электраэнергіі на кандыцыянаванне на 94% у параўнанні са звычайным наземным будынкам аналагічнага памеру.

Яшчэ адной задачай было забяспечыць падземныя памяшканні дзённым святлом. Для гэтага архітэктары стварылі вялізныя паўпразрыстыя канструкцыі ў форме варонак, якія прапускаюць сонечныя прамяні ў выставачныя залы. Дзякуючы ім патрэба ў штучным асвятленні скарачаецца амаль напалову.

Электрычнасць музей плануе атрымліваць пераважна ад уласнай сонечнай электрастанцыі, размешчанай прыкладна за кіламетр. Цікава, што яе абрысы з вышыні нагадваюць птэразаўра. Энергія будзе назапашвацца ў акумулятарах, але на выпадак перабояў музей таксама падключылі да гарадской электрасеткі.
У пустыні даводзіцца эканоміць не толькі электрычнасць, але і ваду. Таму ў музеі прадугледзелі сістэму ачысткі і паўторнага выкарыстання часткі сцёкавых вод.
Архітэктары спадзяюцца, што гэты праект стане прыкладам для іншых будынкаў у рэгіёнах з экстрэмальным кліматам. Ідэя заключаецца ў тым, каб не змагацца з прыроднымі ўмовамі выключна з дапамогай тэхнікі, а выкарыстоўваць іх асаблівасці на сваю карысць.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары
и повязали бы насстобой
и не важно что это ябатькинагазета