Свет22

Еўрапейскія чыноўнікі зладзілі дэмарш супраць міністра фінансаў Расіі на сустрэчы МВФ у Бангкоку

Пасяджэнне пакінулі амаль дзясятак дэлегатаў. Сярод іх былі прадстаўнікі Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

На штогадовай сустрэчы МВФ у Бангкоку прадстаўнікі амаль дзесяці краін пакінулі залу падчас выступлення міністра фінансаў Расіі Антона Сілуанава. Раней еўрапейскія чыноўнікі прымусілі арганізатараў змяніць рассадку на афіцыйным прыёме, адмовіўшыся сядзець за адным сталом з расійскім віцэ-прэм’ерам Аляксеем Аверчуком, піша «Агенцтва».

Дэмарш супраць Сілуанава адбыўся ў суботу на пасяджэнні Міжнароднага валютна-фінансавага камітэта (IMFC) — галоўнага кансультатыўнага органа МВФ. Калі расійскі міністр пачаў выступаць, з залы выйшлі прадстаўнікі некалькіх еўрапейскіх краін, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на трох суразмоўцаў.

Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў агенцтва, пасяджэнне пакінулі амаль дзясятак дэлегатаў. Сярод іх былі прадстаўнікі Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Першым з залы, паводле яго ўласных слоў, выйшаў кіраўнік Нацыянальнага банка Украіны Андрэй Пышны. Ён расказаў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна», што іншыя кіраўнікі цэнтральных банкаў і міністры ўзялі з яго прыклад.

Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў патлумачыў Reuters, што вайна ва Украіне ўяўляе экзістэнцыяльную пагрозу для Еўропы, таму еўрапейскія дзяржавы не могуць дапусціць нармалізацыі адносін з Расіяй.

Яшчэ адзін дыпламатычны скандал адбыўся ў чацвер на афіцыйным прыёме ў Доме ўрада Тайланда.

Арганізатары планавалі размясціць за адным сталом некалькіх кіраўнікоў еўрапейскіх цэнтральных банкаў і віцэ-прэм’ера Расіі Аляксея Аверчука, які ўзначальвае расійскую дэлегацыю і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Еўрапейскія чыноўнікі запатрабавалі змяніць зацверджаную рассадку або заявілі пра намер адмовіцца ад удзелу ў мерапрыемстве, паведаміў Пышны.

Паводле слоў кіраўніка ўкраінскага Цэнтрабанка, пярэчанні выказалі прадстаўнікі цэнтральных банкаў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Харватыі. За тым жа сталом першапачаткова планавалі размясціць дырэктарку МВФ Крысталіну Георгіеву, прэзідэнтку Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысцін Лагард і міністарку фінансаў Швецыі Элізабэт Свантэсан.

Усяго прыём быў разлічаны больш чым на 400 удзельнікаў. Пасля пярэчанняў еўрапейцаў арганізатары змянілі рассадку, а Аверчук на мерапрыемства не прыйшоў, расказаў Пышны.

Акрамя таго, арганізатары адмянілі традыцыйнае агульнае фота ўдзельнікаў штогадовых сустрэч МВФ і Сусветнага банка.

Расійская дэлегацыя высокага ўзроўню прыехала на штогадовыя сустрэчы МВФ і Сусветнага банка ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Для Сілуанава гэта другая падобная замежная паездка пасля пачатку вайны.

Першая адбылася 31 жніўня — 1 верасня, калі міністр фінансаў Расіі наведаў сустрэчу G20 у Эшвіле па запрашэнні амерыканскага боку.

Тады вяртанне Сілуанава выклікала абурэнне еўрапейскіх дэлегацый. Прадстаўнікі еўрапейскіх краін адмовіліся фатаграфавацца разам з ім, і ў выніку агульны здымак зрабілі без расійскага міністра.

Міністр фінансаў Германіі Ларс Клінгбайль заявіў, што бачыць спробы, найперш з боку ЗША, вярнуць Расію на міжнародную арэну.

Паводле яго слоў, «нельга рабіць выгляд, што Расія вяртаецца ў G20 у якасці паўнавартаснага члена і проста зноў займае сваё месца за сталом».

Намесніца міністра фінансаў ЗША па міжнародных пытаннях Эрын Браўн пацвердзіла, што Вашынгтон падтрымлівае ўдзел Расіі ў міжнародных сустрэчах. Паводле яе слоў, без адкрытага дыялогу немагчыма ўрэгуляваць канфлікт.

Падобныя дэмаршы пачаліся неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну.

20 красавіка 2022 года ўдзельнікі сустрэчы міністраў фінансаў G20 у Вашынгтоне пакінулі пасяджэнне, калі Сілуанаў пачаў выступаць па відэасувязі.

Сярод тых, хто выказаў пратэст, былі міністарка фінансаў ЗША Джанет Елен, старшыня Федэральнай рэзервовай сістэмы Джэром Паўэл, кіраўніца ЕЦБ Крысцін Лагард і прадстаўнікі іншых заходніх дзяржаў.

Каментары2

  • 100500
    17.10.2026
    I гэта добра!
  • Кореш
    17.10.2026
    И зачем было столько прений и телодвижений. Надо было просто подойти к представителям России и поцеловать их в жопу.

Цяпер чытаюць

Як клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries і мільённыя дывідэнды2

Як клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries і мільённыя дывідэнды

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы затрымалі 11 беларускіх каратыстаў11

Вялікі знос дабраўся да Кальварыйскай. Хутка пачнуць прыбіраць хаты каля «Кароны»3

Вядомая супермадэль выйшла на подыум праз шэсць тыдняў пасля родаў. У сацсетках толькі і размоў пра яе фігуру14

На Гомельшчыне будуюць кацельні, якія будуць працаваць на пелетах5

На полі пад Мядзелам людзі сустрэлі вялікага мядзведзя ВІДЭА8

У Мастах прадалі расіяніну стогадовы асабняк з вялікім паркам4

Беларусь усё больш набывае расійскага малака і вяршкоў7

Дрон, які заляцеў з Польшчы ў Літву і выбухнуў там, быў украінскім3

ЗША зноў не папярэдзілі ўкраінцаў пра расійскія ўдары балістыкай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries і мільённыя дывідэнды2

Як клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries і мільённыя дывідэнды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць