Архіў

Чатыры тыдні галадоўкі

Таксісты сыгналяць, праяжджаючы каля глухога белага муру гарадзенскай турмы, — такім чынам яны падтрымліваюць свайго калегу Мікалая Аўтуховіча, які чатыры тыдні галадае на нарах СІЗА.

14 кастрычніка на ваўкавыскага прадпрымальніка, уладальніка найбуйнейшага ў рэгіёне прыватнага прадпрыемства ў сфэры таксі і грузаперавозак завялі крымінальную справу па ўхіленьні ад выплаты падаткаў. У той самы дзень М.Аўтуховіч быў арыштаваны і за кратамі абвясьціў галадоўку пратэсту.

На мінулым тыдні суд адмовіўся замяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Хоць, паводле адвакатаў, стан здароўя прадпрымальніка вельмі цяжкі. Ягоная адвакатка Надзея Станкевіч кажа, што за тры з паловай тыдні адміністрацыя СІЗА ня выказала ніякай цікавасьці да пратэсту вязьня — Аўтуховіча ніводнага разу не наведалі лекары.

Ужо два гады прадпрымальнік спрабуе адбіцца ад прэтэнзій Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) на суму ў мільён даляраў. За гэты час было шмат сытуацый, калі іншы б ужо перастаў змагацца, згарнуў бізнэс, зьехаў за мяжу. Аўтуховіч пайшоў па ўсіх інстанцыях, трымаў галадоўкі, пісаў звароты і адкрытыя лісты да прэзыдэнта.

Пунктам, у якім разыходзяцца прадпрымальнік і падаткавікі, зьяўляецца трактоўка сумнавядомага прэзыдэнцкага дэкрэту №4, якім колькасць работнікаў у прыватных прадпрымальнікаў была абмежаваная да 3 чалавек. У траўні 2003 г., калі дэкрэт пачаў дзейнічаць, Мікалай Аўтуховіч звольніў з працы каля 60 чалавек, кіроўцаў, дыспэтчараў таксі — і ўладкаваў іх на фірму «Ніка-Транс», уладальніцай якой зьяўляецца ягоная жонка. А пасьля заключыў зь фірмай аўтсортынгавую дамову — за пэўную плату фірма прапаноўвала прадпрымальніку працу ўжо сваіх кіроўцаў. Такія дамовы шырока выкарыстоўваюцца ў сьвеце і нават у Беларусі, асабліва ў розьнічным гандлі: калі ўладальнік гандлёвай кропкі мае праблему з прадаўцамі, ён можа такім чынам «узяць напракат» прадаўца, напрыклад, з суседняй крамы.

Міністэрства палічыла, што М.Аўтуховіч і фірма «Ніка-Транс» прыдумалі схему ўхіленьня ад падаткаў, і налічылі санкцый на суму больш як 700 млн рублёў. За два гады суды станавіліся то на бок прадпрымальніка, то на бок МПЗ — аж пакуль урэшце за месяц да арышту М.Аўтуховіча Вышэйшы гаспадарчы суд не прыняў рашэньне аб адмене ўсіх санкцый і пераглядзе справы.

Адначасова ўпраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (УДФР) па тых самых абставінах распачала крымінальную справу ў дачыненьні да фірмы «Ніка-Транс» — тут ужо фігуравала сума ў 1,3 мільёна рублёў. Падазронымі праходзілі жонка Аўтуховіча і дырэктар фірмы Юры Лявонаў.

У дзень арышту 14 кастрычніка Мікалай Аўтуховіч разам з Ю.Лявонавым прыехаў ва УДФР азнаёміцца з вынікамі эканамічнай экспэртызы па крымінальнай справе. Яго не выклікалі, ён прыехаў, хутчэй, «за кампанію».

Экспэртыза аказалася на карысьць фірмы і прадпрымальніка. Самі спэцыялісты МПЗ засьведчылі сьледзтву, што схема, па якой «Ніка-Транс» супрацоўнічала з Аўтуховічам, законная. Сьледчы Аліхвер абвясьціў, што зь «Ніка-Транс» здымаюцца ўсе прэтэнзіі — і праз хвіліну завёў справу супраць Мікалая Аўтуховіча.

Сам арышт і тое, як правялі яго сьледчыя УДФР, адвакат Надзея Станкевіч называе «бязьмежжам». Каля 15-й гадзіны Аўтуховічу абвяшчаюць пра завядзеньне справы. Праз 20 хвілін прадпрымальніку даюць падпісаць пастанову аб прыцягненьні яго да адказнасьці ў якасьці падазраванага. Аўтуховіч патрабуе адваката. Праз гадзіну сьледчы праводзіць зь ім першы допыт як з падазраваным. Паводле слоў Н.Станкевіч, сьледчы сам быў непадрыхтаваны да допыту: ён задаў толькі два нязначныя пытаньні. У 18.25 Аўтуховічу даюць падпісаць пастанову аб прыцягненьні яго да адказнасьці ў якасці абвінавачванага. Яго зноў хочуць дапытаць, але ён ужо адмаўляецца даваць паказаньні. Каля 18.45 сьледчы дае яму падпісаную пракурорам пастанову аб арышце. Калі нават ня ўлічваць, што 14 кастрычніка — гэта пятніца, скарочаны дзень, дык усё роўна выходзіць, што пракурор вывучаў справу і даваў санкцыю на арышт ужо ў непрацоўны час. Падобнае, падкрэсьлівае Станкевіч, бывае толькі ў выключных выпадках.

Сьледчыя не цікавяцца Аўтуховічам. Толькі адзін раз, 19 кастрычніка, сьледчы УДФР Аліхвер прыйшоў у СІЗА, каб дапытаць прадпрымальніка. Але стан здароўя Аўтуховіча ўжо тады, празь пяць дзён пасля арышту, быў цяжкі, і сьледчы напісаў у пратаколе: «Правесьці допыт немагчыма».

На думку Надзеі Станкевіч гэта дадатковы доказ таго, што адзінай мэтай завядзеньня крымінальнай справы было жаданьне менавіта «закрыць» яго, ізаляваць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці3

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ знішчылі пазіцыю комплексу СПА С-400 побач з палацам Пуціна1

Сталі вядомыя імёны зніклых у гарах Кыргызстана альпіністаў. Двое з іх беларусы3

У Варшаве прайшоў традыцыйны Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай ФОТЫ29

Супрацоўнікі міліцыі, якія трапілі ў ДТЗ у Кобрыне, шпіталізаваныя4

Сын Джо Байдэна расказаў пра пагаршэнне стану бацькі, які хварэе на рак1

Больш за 100 тысяч фактаў пераследу: «Вясна» апублікавала сумную статыстыку шасці гадоў рэпрэсій11

Святлана Шаціліна больш не ўзначальвае Місію дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне9

У гарах Кыргызстана знайшлі пусты намёт зніклых альпіністаў, сярод якіх двое беларусаў1

Не толькі малітвы. Ксёндз Юрый Санько — пра TikTok, храп на імшы і гульні ў вольны час

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці3

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць