Мова1010

Мова наша. Прыбраць, спарадкаваць, апратаць

Усе мы знаем, як важны для беларусаў парадак, дагледжанасць, задбанасць. Добрыя гаспадары заўсёды трымаюць свае хаты, панадворкі ды справы ў парадку, а недагледжаную, занядбаную хату людзі з пагардаю называюць ваўкаўнёю, што ў ёй ваўкі жарэбяцца.

Быць можа таму ў беларускай мове выкрышталізавалася шмат дзеясловаў, якія абазначаюць працэс навядзення парадку. Кожнае з гэтых слоў мае нейкую сваю матывацыю, сваё адценне, падкрэслівае нейкі аспект.

Нейтральнае ды найбольш пашыранае слова — прыбрацца. Калі Вы хочаце сказаць, што прыбрацца трэба хуценька, то можна сказаць «агледзецца ў хаце».

Дарэчы, выраз «глядзець сябе» значыць дбаць пра сябе, пра сваё здароўе, пра асабістую гігіену, трымаць сваё цела ў парадку.

Да «прыбрацца» ёсць вельмі цікавы архаічны варыянт «пратаць», «апратаць», асабліва часта ўжываны на Панямонні і Віленшчыне:

Дык як да столу, дык Гэнюська, Болюська, а як да работы, дык Стася. І жаць, і малаціць, і ткаць, і кароваў пасці, карміць, даіць. І хату апратаць, і зварыць, і памыць. А Матка Найсвентша! Работы не злічыць, а як што з’есці, дык «абжора, прэш не ў свае духі». (Жыхарка Ашмянаў)

Пра яго даўніну сведчыць тое, што корань гэтага дзеяслова сустракаецца ў розных славянскіх мовах. «Пакумлены» з нашым «апратаць» расейскі прыметнік «опрятный» і польскі назоўнік «sprzęt» (прылады, абсталяванне). Славацкае upratať значыць тое самае «прыбрацца». Слова гэтае, відаць, аднакарэннае з назоўнікам «вопратка» (параўнай з польскім ubranie, роднаснае з «прыбіраць»), у якую можна «увабрацца» (рас. «нарядиться», роднаснае з «рад», «парадак»).

Хоць «апратаць» можа выкарыстоўвацца як сінонім прыбіраць, але некаторыя прыклады паказваюць, што гэта няпоўныя сінонімы, бо значэнне «апратаць» шырэйшае. Тлумачальны слоўнік падае наступны прыклад:

Скідай з сябе ўсё. Апратаю цябе трохі ды пойдзеш. (…) Лобан.

З гэтага прыкладу мы бачым, што апратаць — гэта не проста зрабіць парадак, а надаць чамусьці або камусьці чысты, дагледжаны выгляд. Такім чынам прыбраць хату — гэта зрабіць у ёй парадак, а апратаць — надаць дагледжаны выгляд. Тое самае, але падкрэслівае розны аспект, з розных бакоў падыходзіць да справы.

Вельмі шырокае значэнне мае дзеяслоў «спарадкаваць». Спарадкаваць, апроч хаты і панадворка, можна і свае справы, свае думкі. Мала таго, гэты дзеяслоў ужываецца і з пэўным эмацыянальным адценнем. Спарадкаваць можна нейкую праблему — збыць нейкі клопат. Спарадкаваць можна і чалавека, які нейкім чынам табе назаляе, шкодзіць. Адна мая знаёмая, жанчына сярэдніх гадоў з вёскі, калі дачулася, што ва Украіне перамог Майдан, сказала: «От, зноў спарадкавалі Пуціна». Адным словам, паказалі, дзе камар козы пасе. У польскай мове ў падобным кантэксце ўжываецца дзеяслоў załatwić (coś, kogoś).

Парадак можна зрабіць або навесці. Навесці можна таксама і лад. Толькі «навесці лад» — сказанае неяк больш урачыста, у кантэксце ўсяго жыцця. Можна таксама і «зрабіць лад». Гэты выраз на Случчыне значыць узяць шлюб, пабрацца.

Дык хай у нас заўсёды будзе лад, згода, парадак і дабрабыт. У мове таксама.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Усе навіны →
Усе навіны

«У Егіпет з дзецьмі даражэй з’ездзіць». Брэсцкая блогерка вырашыла павялічыць грудзі, пакуль чакае мужа з калоніі20

У КР выбіраюць віцэ-спікерку. Дэбатаў не атрымалася, бо балатавалася толькі Лізавета Пракопчык7

Ціханоўская: Кожны год, 21 мая, сэрца сціскаецца ад болю13

Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце5

Грузія цалкам забараніла рээкспарт аўто ў Расію і Беларусь. Што гэта азначае для беларусаў на практыцы?9

У Мінску кіроўца збіў на пераходзе сямігадовага хлопчыка на самакаце1

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў9

Улады Іспаніі патрабуюць ад Airbnb выдаліць больш за 60 тысяч аб'яў аб арэндзе жылля1

Кіраўнік «Еўраопта» выйшаў на свабоду4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць