З Масквы. Блог Алеся Чайчыца3434

Нешта цікавае адбываецца ў Беларусі

Пятая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў іншых умовах, чым усе папярэднія: надзеі на перамены застаюцца. Піша Алесь Чайчыц.

president.gov.by

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году зь Беларусьсю ўсё было зразумела і проста: закручваньне гаек, пагром апазыцыі, адкат у стасунках з Захадам, павялічэньне залежнасьці ад Масквы. Да самога 19 сьнежня 2010 г. захоўвалася інтрыга, ці раптам выбары пройдуць ціха і «адліга» працягнецца далей. На раніцу 20 сьнежня ніякай інтрыгі больш не было.

У 2015 годзе сытуацыя іншая: нявызначанасьць, а значыць і небезнадзейнасьць, пасьля выбараў ня зьнікла, нягледзячы на тое, што афіцыйныя «вынікі галасаваньня» былі тымі самымі.

Дзяржаўныя чыноўнікі дэманструюць поўную адэкватнасьць разуменьня эканамічнай сытуацыі. Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Беларусі (пасутнасьці, галоўны афіцыйны гісторык у краіне), агучвае нацыянальную беларускую пазыцыю што да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Амэрыканскія пасланьнікі вядуць «вельмі прадуктыўныя» перамовы ў Менску з афіцыйнымі ўладамі.

Дый нават абвешчаную на 2016 год дэнамінацыю і вяртаньне, упершыню з часоў ВКЛ, у абарот уласных беларускіх манэтаў таксама можна разглядаць як важны станоўчы «дзяржавабудаўнічы» сыгнал. Манэты — гэта, апроч невэрбальнага абяцаньня падтрымліваць у агляднай пэрспэктыве стабільнасьць валюты, важны сымбалічны, псыхалягічны момант. Валюта ў яе побытавым выглядзе перастае быць проста друкаванымі паперкамі. Мэталёвы, салідны, «дарослы» беларускі рубель, які можна будзе патрымаць у руках — гэта ў іміджавым пляне немалаважная падзея для беларускай валюты і для беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьнем якой гэтая валюта зьяўляецца.

Мала зьвязаныя паміж сабою навіны, розныя па сваёй важнасьці, несувымерныя па сваёй сымбалічнасьці альбо канкрэтнасьці, пазначаюць цікавы агульны трэнд: прэзыдэнцкімі выбарамі для Беларусі пэрыяд надзеяў на лепшае ня скончыўся.

Адліга — гэта дынамічная сытуацыя, калі нішто не стаіць на месцы і калі варта не губляць надзеяў на лепшае.

Часовае зьмякчэньне эканамічных і асабістых санкцыяў Захаду супраць рэжыму — гэта ня толькі аванс цяперашнім уладам. Гэта таксама і зьяўленьне патэнцыйнага новага «бізуна» ў выглядзе вяртаньня гэтых самых санкцый.

Усім выгадна, каб санкцый не было, каб у Беларусі была стабільнасьць і парадак і каб у рамках гэтых стабільнасьці й парадку Беларусь мадэрнізавала сваю палітычную і эканамічную сыстэму.

Пры гэтым зразумела, што менскім уладам ня хочацца дэмакратызацыі. Але ўладам нявыгадна і аднаўляць рэпрэсіі па палітычных матывах.

З другога боку, Захаду ня хочацца рабіць А. Лукашэнку «рукападатным» без рэальнага дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Але маючы канфлікт з Расеяй, Захаду нявыгадна і канфрантаваць з афіцыйным Менскам.

Пры гэтым, адначасова і афіцыйнаму Менску, і Захаду ня хочацца паглыбляць залежнасьць Беларусі ад Расеі. Але афіцыйнаму Менску ня хочацца і правакаваць радыкальныя рэваншысцкія колы ў расейскім кіраўніцтве на агрэсіўныя дзеяньні супраць Беларусі. А значыцца, што ў тым ліку і кропкавыя паказальныя атакі, як супраць стваральніка нашумелага сайту 1863x.com, будуць працягвацца.

Пазьбегнуць пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне — прынамсі ў гэтым зацікаўленыя ўсе.

У такой сытуацыі ад беларускіх дэмакратычных сілаў пачынае залежаць больш, чым раней.

Акцыя памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій перад будынкам КГБ 29 кастрычніка прайшла мірна — гэта важны знак таго, што апазыцыя магла б надалей актыўна дзейнічаць як на вуліцы, так і па-за ёю. 

Захад, Расея і афіцыйны Менск вядуць зацяглыя пазыцыйныя баі, а беларуская апазыцыя можа быць больш гнуткай, больш «дывэрсыфікаванай» і здольнай да манэўраў сецявой структурай.

Беларускай апазыцыі патрэбныя як радыкальныя «злыя паліцыянты», так і памяркоўныя «добрыя паліцыянты».

60% насельніцтва настроеныя або адкрыта апазіцыйна, або на «мірныя перамены». У такіх умовах ёсьць месца і тых, чыя тактыка памяркоўная, і прыхільнікам цьвёрдай пазыцыі.

Беларусь павінна рабіць сваю палітыку і эканоміку больш інклюзіўнымі: скіраванымі на мабілізацыю эканамічнага патэнцыялу беларускага насельніцтва і на больш актыўнае ўключэньне ўсіх грамадзкіх сілаў у фармаваньне дзяржаўнай палітыкі.

Сусьветны пасьпяховы вопыт ад Нямеччыны да Кітаю дэманструе: мабілізаваць эканамічны патэнцыял грамадзтва можна не камандна-адміністратыўнымі мэтадамі, а толькі «зялёным сьвятлом» прыватнаму прадпрымальніцтву. А гэта немагчыма без агульнага пашырэньня дыялёгу ўлады з грамадзтвам і без агульнага «размарожваньня» грамадзкіх свабодаў у краіне — якое можа быць і паступовым, але якое застаецца жыцьцёва неабходным з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Парлямэнцкія выбары 2016 г. застаюцца наступным «майлстоўнам», наступным «справаздачным» пунктам, у якім канкрэтна і адназначна можна будзе зафіксаваць рэальны дэмакратычны прагрэс у краіне адказам на простае пытаньне: ці зьявіцца, нарэшце, апазыцыйная фракцыя ў беларускім парлямэнце. 

Каментары34

Цяпер чытаюць

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі2

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі ўпершыню з’явіўся на саміце NATO ў касцюме — але не ў класічным16

З'явіўся рэйтынг самых дарагіх гарадоў свету. На якім месцы Мінск?10

Шматдзетную маму, якая займаецца астралогіяй, асудзілі за ўдзел у пратэстах8

Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх краін для жыцця. На якім месцы Беларусь?4

У Лагойску сутыкнуліся два аўтобусы

У Арменіі заявілі пра прадухіленне спробы захопу ўлады2

Вярнуўся з Літвы — і быў арыштаваны за данаты. Гэты біёлаг раней даследаваў лейкозы — яго філасофія натхняе10

Юрый Антонаў расказаў, як ён змагаецца з перападамі ціску. Кажа, яму вельмі гэта дапамагае13

Яшчэ ў адной мінскай краме запрацавала сістэма з талонамі ў чаргу, як у банку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі2

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць