Грамадства

«Галоўнае пытанне: што вы з ім зрабілі, са здаровым чалавекам?» Брат Вітольда Ашурка — пра два месяцы без яго

Два месяцы мінула са смерці палітвязня, актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка пры нявызначаных абставінах у шклоўскай калоніі. Праверка па факце смерці ўсё гэтак жа цягнецца, і сям’я не верыць, што яна дасць больш за першапачаткова агучаную афіцыйную версію: спынілася сэрца. «Бягучы перыяд жыцця для нас самы цяжкі», — прызнаецца брат Вітольда Андрэй. Пагутарылі з ім пра тое, як іх сям’я вучыцца жыць наноў без свайго любага Міхалыча.

— Як вам даліся гэтыя месяцы без Вітольда?

— Вітольда ўжо даўно не было побач з намі: ён шмат прасядзеў за кратамі па нашым меркам (з верасня па май). Іншы раз здаецца, што ён яшчэ недзе там сядзіць. А потым прыходзіш на могілкі і разумееш: не, не сядзіць. Калі ў цябе забіраюць блізкага чалавека, з якім ты рос побач амаль 50 год, гэта цяжка. Час, канечне, сваю справу робіць: як ні круці, эмоцыі спадаюць. Усё яшчэ баліць, але жыццё ідзе далей. І трэба жыць з улікам таго, што Вітольда больш няма з намі. Шмат у чым дапамагае забыцца любімая праца: спачатку на будоўлі папрацуеш, а потым дома яшчэ справы — і галава імі занятая.

Вітольд Ашурак

Маці і жонцы цяжэй. Першая неяк сказала, што ёй толькі і засталося што плакаць. Я, бывае, адзін запланую паехаць на могілкі. А здалёк бачу, што і маці туды пілуе. Тым больш, могілкі недалёка ад яе дома.

Там, дарэчы, увесь час з’яўляюцца свежыя кветкі. Учора яшчэ не было, здаецца, а сёння ёсць. Людзі ходзяць туды, каб ушанаваць памяць, бо Вітольд быў вядомым чалавекам. Нядаўна з’явіўся новы вянок: «Вітольду — герою Беларусі ад патрыётаў СІЗА №1». Спачуванні нам працягваюць выказваюць нават тыя, чыя погляды на жыццё з нашымі разыходзіліся (хоць такіх і мала, толькі 3%). 

Увогуле я неяк злавіў сябе на думцы: мне вось 48, Вітольду было 50, і чаго толькі на здаралася за гэтыя гады! Часам было так цяжка, што горш немагчыма было ўявіць. Але скажу шчыра: бягучы перыяд жыцця для нас усё ж самы цяжкі. Мы плакалі, калі забілі Рамана Бандарэнку. Душа балела па Тарайкоўскім, па Шутавым — па ўсім. Але ніхто не мог падумаць, што гора здарыцца яшчэ і так побач.

— Ці былі спачуванні ад афіцыйных структур?

— Не, канечне. Вы ж ведаеце, якая гэта сістэма. У прыватных размовах нават міліцыянеры маглі выказаць спачуванні. І задавалі мне пытанне: «Як жа так сталася?» Ну, гэта не я працую ў праваахоўных органах, каб такі адказ даць. Як сталася, што ў чалавека было здаровае сэрца, а яно спынілася? Як сталася, што цела нам аддавалі не адразу? Як сталася, што ён падаў і разбіў галаву? Што было да таго? На гэтыя пытанні мы дагэтуль не маем афіцыйных адказаў.

Затое перад самым пахаваннем мне званіў пракурор раёна: «Вы ж разумееце, трэба каб неяк без мітынгаў». Я яму сказаў, што ў сваю чаргу чакаю, што ўсё абыйдзецца без арыштаў. Дзякуй богу, нікога на пахаванні сапраўды не затрымалі. 

— Вам сніцца брат?

— Вітольд сніўся адзін раз недзе з месяц таму. Ëн нібыта прыехаў да мяне на ровары — стаяў і пасміхаўся. Нічога не гаварыў. Проста пасміхаўся, як заўсёды, у сваёй армейскай куртцы, у якой ездзіў на працу.

Вітольд працягвае жыць у малюнках і сваіх красамоўных цытатах, якія пайшлі ў народ і цяпер друкуюцца на плакатах і торбах

— На якім этапе праверка па факце смерці Вітольда?

— Гэтым займаецца ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Першы раз я размаўляў са следчым, калі забіраў цела брата. Другі раз — два тыдні таму, калі прыехаў па яго рэчы. Там ужо напісаны такі том па памеры нібыта «Вайна і мір», але нібыта не гатовыя вынікі ўсіх экспертыз, і заключэнне зрабіць немагчыма. Следчы сказаў, што праверка можа цягнуцца доўга, але я буду званіць яму і кантраляваць гэтае пытанне.

Гледзячы на таго следчага, мне хочацца яму верыць, ён выклікае давер. У мяне склалася ўражанне, што калі б ён працаваў у нармальнай сістэме, дзе на чале — закон, адзіны для ўсіх, то ён мог бы быць адным з самых сумленных супрацоўнікаў. Але мы маем вывернутую сістэму. І афіцыйная версія смерці Вітольда была агучаная ў першыя дні — раптоўнае спыненне сэрца. І відэа тое жудаснае было прадэманстравана, мы яго разоў сто пераглядзелі. На ім дакладна Вітольд, але ў такім стане, што не можа сябе кантраляваць. І ў мяне галоўнае пытанне: што вы з ім зрабілі, са здаровым чалавекам

Не факт, што канчатковая праверка дасць на гэта адказ. Як і не факт, што нам вернуць дзённік брата, які не аддалі разам з іншымі асабістымі рэчамі. Вітольд жа заўсёды быў майстрам слова, і хутчэй за ўсё, апісваў усё, што бачыў навокал у зняволенні. Такі дзённік даўно маглі знішчыць. Надзея толькі на нейкага пранырлівага таварыша, які мог акуратна схаваць яго для будучыні.

— З асабістымі рэчамі вам аддалі лісты, што дасылалі Вітольду. Вы праглядалі іх?

— Там вельмі шмат лістоў. І з Беларусі, і з-за мяжы. Чытаць я не магу пакуль. Перабраў літаральна нейкія паштоўкі, што былі без канвертаў. Мне гэта даецца цяжка. Пісалася ж усё жывому чалавеку. Там вельмі шмат пра тое, што яго чакаюць, што Вітольд зрабіў усё слушна, што ён не адсядзіць пяць год. Ні ў якім разе. А ўсе мы ведаем, чым усё гэта скончылася…

Сам я, дарэчы, брату амаль не пісаў. Мы з ім на спатканні ў Гродне дамовіліся, што я лепш буду прыязджаць, і мы жыўцом пагутарым, пасмяемся. Як ні спрабаваў, не атрымлівалася ў мяне пісаць нейтральна пра надвор’е — адны паэмы, з эмоцыямі, якія б не прапусціў ніводны цэнзар.

— Вам за сябе страшна не бывала?

— За сябе я ніколі не баюся — гэта маё жыццё, я ім магу распараджацца на свой густ. Канечне, ёсць сям’я і абавязкі перад ёй. Некаторыя хваляванні за жонку і сыноў ёсць. Хаця яны ў мяне — галоўныя патрыёты сваёй краіны. Жонка ўвогуле першай узялася за арганізацыю перадач, калі Вітольд сеў. Яна ў мяне зрабіла б так, каб усе людзі былі шчаслівымі ў добраахвотна-прымусовым парадку, калі б тое было магчымым.

Проста, на жаль, у мінулае сышлі тыя недалёкія часы, калі ў Бярозаўцы людзі кожны дзень выходзілі на акцыі. Пакуль гэта немагчыма — інакш будзеш праз паўгадзіны ў Лідзе ў міліцыі. Але я магу хаця б даваць інтэрв’ю, усе людзі могуць паўтараць услых, што адбылося, нагадваць. Нельга даваць ім расслабіцца: хай чэшуцца і не думаюць, што ўсё сышло на тармазы.

— Якім Вітольд быў братам?

— Здаралася, і пабіцца маглі: які ты брат, калі брату па носе не даў у дзяцінстве? (Смяецца.) Але агулам мы з ім ладзілі. І нават калі жыццё нас параскідала, клопаты ва ўсіх свае з’явіліся, заўсёды гатовыя былі прыйсці адзін аднаму на дапамогу. Мая жонка яшчэ дзяцей вучыла: «Глядзіце, якія ў вашага таты з дзядзькам стасункі, бярыце прыклад». Калі аказваліся побач, заўсёды нехта іншаму тэлефанаваў: «Міхалыч, стаў чайнік, я еду! Будзем піць каву і размовы размаўляць».

На вяселлі Андрэя. Вітольд крайні справа

Мы хоць і шмат у чым падобныя, але адрозніваліся: Вітольд быў генератарам ідэй, а я ўжо рэалізатарам. Ідэі з яго проста сыпаліся. Яшчэ ў канцы 90-х штогод Вітольд прапанаваў сплаўляцца па Нёману — будавалі платы, караблі амаль. Брат таксама распрацоўваў усе праекты: цэлую папку чарцяжоў рыхтаваў. А вось ужо рэалізацыя была на мне: дзе што ўзяць, з кім дамовіцца.

Карабель «Сёмае неба», які дайшоў да Аўгустоўскага канала, Малады Вітольд у ролі капітана

— Што гэтая жахлівая трагедыя адкрыла для вас новага пра Беларусь і беларусаў? 

— Я шмат чаго ведаў пра нашу сістэму і раней, але дэталі апынуліся жахлівейшымі. Што сістэма здольная забіць нават асуджанага чалавека. І раз такое магчыма, у ёй існуюць людзі без гонару, сумлення, увогуле без усяго чалавечага.

З іншага боку, ужо пасля жніўня для мяне стала адкрыццём народная салідарнасць. Памятаю, раней хадзіла прымаўка ў народзе: адзін беларус — гэта партызан, два — партызанскі атрад, а тры — гэта партызанскі атрад плюс здраднік. Але гэта абсалютна не так: салідарнасць беларусаў не ведае межаў. Калі яшчэ 9 жніўня 2020-га Вітольда затрымалі каля гарвыканкама ў Лідзе, і потым, пасля выхаду жанчын у белым, амаль усіх затрыманых адпусцілі, а Вітольда — не, то гэтыя ж жанчыны крычалі: «А Вітольд? Выпускайце!» А калі мы сядзелі з братам восенню на сутках, апынулася, што ў нас столькі траюрадных «сясцёр і братоў», якія перадавалі нам перадачы! З такой салідарнасцю ўсё ў краіне павінна быць добра. Шкада, што гэтае дабро так зацягнулася. І такімі стратамі даецца.

— Ці лічыце вы, што смерць Вітольда для сістэмы — таксама жорсткі ўрок, і такой трагедыі ў турмах не паўтарыцца?

— Хацелася б верыць. Тым больш, маё меркаванне: загаду нейкага на Вітольда не было, проста былі створаныя такія ўмовы, якія чалавека давялі да стану немачы. І пасля ўжо яго нельга было паказваць на спатканнях. Гэта, канечне, выключна мае думкі. Улічваючы, што на баку сілавікоў сёння карт-бланш, абяцанне, што ім за любыя рэчы нічога не будзе, баюся, што такая ж сітуацыя можа паўтарыцца, на жаль.

На пахаванні. Па словах мясцовых, Бярозаўка ніколі не бачыла такой масавай працэсіі. Нават тыя, хто не ішоў за труной, выходзілі з дамоў, крам і маўчалі, праводзілі як брата

Мне, дарэчы, гэтага не зразумець. Вы асудзілі чалавека, ён ужо пакараны, навошта працягваць здзеквацца? Такое ж пытанне мы з Вітольдам задавалі ахоўніку ў лідскім ЦІП (мы тады з ім адбывалі суткі ў суседніх камерах). Ахоўнік нам адказаў: «Сядзельцы павінны адчуць, як хранова сядзець». І я пастараўся патлумачыць, што гэта ерунда, бо чалавек ужо арыштаваны, ён абмежаваны ў свабодзе — яму ўжо дрэнна.

А яны ўсё адно працягваюць ствараць умовы, у якіх складана выжыць, мардуюць голадам, карцарамі. Вітольд быў такі худы, калі я яго забраў! Пры тым што падчас нашага апошняга спаткання ў Горадні гэта быў нармальны мужчына 50 год з вагой больш 70 кілаграмаў, спартовага целаскладу.

У будучыні ўсе гэтыя падзеі мусяць стаць прышчэпкай для ўсіх нас. І, вядома, каб гэтага дакладна не паўтарылася, патрэбная прававая ацэнка ўсіх злачынстваў, якія былі здзейсненыя. Людзі, якія запэцкалі сябе ў збіццях, забойствах, парушэннях законаў, ва ўсім нечалавечым, абавязаныя панесці пакаранне. Усе дзяржструктуры падлягаюць рэформам, іх дзейнасць павінна стаць празрыстай. Грамадзянская супольнасць павінная кантраляваць усе іх важныя крокі.

Наконт брата ж хачу дадаць ад усіх блізкіх: мы ўсе адчуваем невыносны боль страты. Але я злавіў сябе на думцы, што ён ужо даўно не толькі мой брат, а наш, усіх беларусаў. Не сын маці, а сын Радзімы, якой ён не здрадзіў. Спадзяюся, аднойчы мы паставім помнік яму не толькі на могілках, але і на адной з вуліц у Бярозаўцы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі34

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць