Меркаванні

Новы капіталізм Маска і іншых тэхнамільярдэраў. Што з ім не так

Ілан Маск прызнаўся, што ён утапіст-анархіст па ўзоры герояў шатландскага пісьменніка Іэна Бэнкса. Цукерберг уключыў кнігу Бэнкса ў спіс найлепшых шасці кніг, якія кожны мусіць прачытаць. Джэф Бэзас, таксама фанат Іэна Бэнкса, паспрабаваў зрабіць экранізацыю яго «Culture Space Opera». Іэн Бэнкс пацікавіўся: што менавіта яны не дапрачыталі ў маіх кнігах? Бо кнігі Бэнкса вядуць культурную вайну з тэхнамільярдэрамі, такімі як Маск, Цукерберг ці Бэзас. У літаратурных падмурках маскізму разбіралася прафесар Гарвардскага ўніверсітэта, гісторык Джыл Лепор для New York Times.

Фота з Pixabay.com

Маскізм — як новы паварот капіталізму — пачаўся з 1990-ых гадоў, калі Ілан Маск кінуў пісаць доктарскую дзеля таго, каб заснаваць сваю першую кампанію. А за ёй і другую.

Місіі ўсіх яго кампаній не могуць не ўражваць планетарнай маштабнасцю. Як і місіі іншых тэхнамільярдэраў. Перайначыць саму ідэю працы, перасяліцца на Марс, уратаваць чалавецтва ад сусветнай катастрофы, жыць у абалонцы сваёй галаграмы нават пасля смерці, вандраваць па метасусвеце, адключыўшыся ад гэтага свету.

«Метасусвет — гэта адначасова і ўвасабленне новага вітка капіталізму, і спосаб унікнуць яго клопатаў. Сусветныя тэхнамільярдэры ствараюць цяпер новы капіталізм — маскізм. Маск, які любіць патроліць канкурэнтаў, пакпіў і з ідэі метасусвета Цукерберга. Але і місіі на Марс ды на Месяц, і метасусвет — гэта ўсё маскізм: экстрымальны, пазазямны капіталізм, дзе кошт акцый на біржы вызначаецца не столькі даходам, колькі фантазіямі з навукова-фантастычнай літаратуры», — піша гісторык Джыл Лепор.

Незаўважна, разам з гэтымі вялікімі планамі і неверагоднымі тэхнічнымі дасягненнямі, чалавецтву закідваецца яшчэ адна ідэя: толькі тэхнамільярдэры і змогуць выратаваць нас.

Парадокс сітуацыі ў тым, што тэхнамільярдэры, апантаныя ідэямі вырашыць усё і любым коштам, натхняюцца кніжкамі, якія прынцыпова асуджаюць апантанасць бяздушнай тэхналогіяй, апантанасць суцэльным маркетынгам, сквапнасць, каланіялізм і прагу нажывы.

Маскізм, вядома, з’явіўся не на голым месцы. Яго карані — ў амерыканскім руху тэхнакратаў 1930-х гадоў, на чале якога быў дзед Ілана Маска, Джошуа Гальдэман.

Тэхнакраты трыццатых верылі ў тое, што ўсе пытанні на свеце можна вырашыць пры дапамозе тэхналогій і інжынерыі, а астатняе не мае значэння. Яны не верылі ў дэмакратую, палітыку, валюту, ненавідзелі камунізм і капіталізм, хацелі пазбавіцца імёнаў і нехта з іх нават праславіўся тым, што на канферэнцыі выступаў пад імем «1x1809x56». Ілан Маск назваў свайго малодшага сына X Æ A-12.

Важная дэталь: дзед Маска выехаў з сям’ёй у ПАР у 1950 годзе, акурат калі там буяў апартэід. Джошуа Гальдэмана падкупіла магчымасць патрапіць у бясхмарны рай для белых. А іншае — не мела значэння.

Маск, народжаны ў 1971-м у той самай ПАР, рос у атмасферы прывілеяваных, але пры гэтым у падлеткавыя гады з захапленнем чытаў «Аўтаспынам па Галактыцы» Дугласа Адамса.

На друкарскай машынцы Адамса, калі ён пісаў гэтую кнігу, была налепка «спыніць апартэід». Маск жа вынес з кнігі думку пра тое, што правільна сфармуляванае пытанне дае просты і дакладны адказ (знакаміты адказ на ўсе пытанні свету — 42!).

Ён узяў з кнігі назву карабля «Сэрца золата» і гэтак жа вырашыў назваць адзін з караблёў, што паляціць на Марс. Але, здаецца, ён абмінуў увагай здзеклівае апісанне тэхнамільярдэраў будучыні — людзей, знуджаных усім вакол, якіх раздражняе недастаткова ружовае адценне мора на захадзе сонца і якія дзеля ўласнага капрызу бяруцца за забаву для заможных: пачынаюць будаваць свае планеты.

Джыл Лепор намякае, што тэхналогіі і інжынерная справа не здольныя вырашыць усе праблемы планеты, дакладней, корань гэтых праблем. Бо яны ў нейкім сэнсе і ёсць той корань.

Караблі з навуковай фантастыкі і з нашай сённяшняй рэальнасці маскізму здольныя на ўсё — хіба не здольныя ўмясціць у сябе звычайнага чалавека, з жывым сэрцам і сапраўднымі заганамі. Бо яны яго проста не бачаць.

А таксама прафесар нагадвае пра сучасныя навукова-фантастычныя гісторыі, напрыклад, анты-ўтопіі вядомай у Беларусі Маргарэт Этвуд (яе для нас пераклала Вольга Калацкая), якія наўрад ці захочацца чытаць новым тэхнамільярдэрам.

Бо гэтая новая літаратура «крычыць» нам, што з метасусвету трэба тэрмінова сасковаць. Бо каштоўнасці — гэта важна. Не менш важна для нашага выжывання, чым тэхналогіі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч29

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты3

36 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч29

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць