Людзі на паўночнай Чарнігаўшчыне: У нас няма нянавісці да беларусаў, мы з імі перамяшаныя. А да Расіі ёсць
Паўночная частка Чарнігаўскай вобласці ўжо другі год афіцыйна лічыцца зонай актыўных баявых дзеянняў. Сноўская грамада знаходзіцца ўсяго за трыццаць кіламетраў ад расійскай мяжы і прыкладна за сорак — ад беларускай. Расійскія беспілотнікі амаль штодня атакуюць населеныя пункты, руйнуюць дамы, прадпрыемствы і аб’екты культуры. Некаторыя прымежныя вёскі ўжо поўнасцю апусцелі. Журналісты выдання hromadske.ua з'ездзілі ў гэты рэгіён і пагаварылі з мясцовымі людзьмі.

Горад Сноўск, дзе жыве каля адзінаццаці тысяч чалавек, доўгі час быў вядомы як чыгуначны вузел. Яшчэ ў XIX стагоддзі тут пабудавалі лакаматыўнае дэпо, вакол якога вырас увесь горад. Побач з’явіліся навучальныя ўстановы, клуб, жыллё для чыгуначнікаў. Дэпо лічылася адным з найстарэйшых ва Украіне і спецыялізавалася нават на рамонце гістарычных паравозаў.

Аднак з пачатку 2026 года расійскія ўдары сістэматычна знішчаюць гэтае прадпрыемства. Руйнуюцца будынкі і абсталяванне, а разам з імі — важная частка гісторыі рэгіёна.

Нягледзячы на пастаянную пагрозу, цэнтр Сноўска працягвае жыць. Працуюць крамы, рынак, сталовая, адміністрацыйныя ўстановы. Людзі стараюцца падтрымліваць звычайны рытм жыцця, нават калі сігнал паветранай трывогі ўжо стаў будзённасцю.

У канцы мая расійскі беспілотнік трапіў у вясковы дом культуры ў сяле Сноўскае. У гэты вечар там сабраліся мясцовыя жыхары, а дзеці гулялі ў настольныя гульні.

Пасля выбуху будынак імгненна загарэўся. Некалькі жанчын атрымалі цяжкія апёкі твару і рук. Іх выратаваў пятнаццацігадовы хлопец, які пачаў тушыць агонь на людзях і дапамагаў выводзіць пацярпелых.

Сёння ад клуба засталіся толькі абгарэлыя сцены. Яшчэ нядаўна гэта было галоўнае месца сустрэч у вёсцы. Пасля атрымання гранта ўстанова набыла новыя камп’ютары, мэблю, настольныя гульні, спартыўны інвентар. Сюды прыязджалі нават жыхары Сноўска, бо ў самім горадзе культурныя мерапрыемствы можна праводзіць толькі ў сховішчах.

Пацярпелыя жанчыны расказваюць, што беспілотнікі лётаюць над сялом штодня. Яны назіраюць за людзьмі, з’яўляюцца ўдзень і ўначы, таму адчуванне пастаяннай небяспекі ўжо стала часткай жыцця.
Начальніца аддзела культуры і турызму Сноўскай гарадской рады Наталля Дабненка лічыць, што разам з дамамі і клубамі знікае ўнікальная культурная спадчына рэгіёна.

У прымежных сёлах былі дамы з характэрным драўляным разьбяным аздабленнем, створаным мясцовымі майстрамі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цяпер многія з гэтых пабудоў згарэлі.

Яшчэ адна страта — мясцовыя гаворкі. Амаль кожнае сяло мела ўласныя асаблівасці маўлення, у якіх перапляталіся ўкраінскія, беларускія і іншыя моўныя элементы. Пасля эвакуацыі людзей гэтыя дыялекты паступова знікаюць.

Разам з мовай адыходзяць і мясцовыя традыцыі, рамёствы, кулінарныя звычаі, якія перадаваліся пакаленнямі.
«Вось у Клюсах была мова не расейская, не ўкраінская і не беларуская. Штосьці сярэдняе з усіх моў. Але яе можна было зразумець. А ў Смяч паедзьце — будзеце доўга думаць, што гэта яны гавораць. Вось да мяне прыязджаў чалавек з нашага Гірска, раней працаваў у культуры, цяпер — у Чарнігаве. І ўжо размаўляе інакш… Знікаюць традыцыі: напрыклад, дзесьці па-асабліваму вялілі рыбу. Жыхары выехалі, хай яны павязуць веды з сабой, але гэта будзе іншая рыба, іншыя ўмовы», — кажа начальніца аддзела культуры і турызму Сноўскай гарадской рады Наталля Дабненка.
Аднак, як кажа кіраўнік Сноўскай грамады Аляксандр Мядзведзеў, большасць жыхароў не пакінулі раён. Частка насельніцтва проста перабралася ў больш аддаленыя ад мяжы вёскі.

У той жа час нават у самых небяспечных населеных пунктах застаюцца людзі. Пажылыя жыхары працягваюць ездзіць на раварах, даглядаюць агароды, нарыхтоўваюць дровы, фарбуюць аўтобусныя прыпынкі, даглядаюць калодзежы. Яны не збіраюцца пакідаць свае дамы, нягледзячы на пастаянную пагрозу.


Разбурэнне прадпрыемстваў прыводзіць да росту беспрацоўя. Асабліва моцна пацярпелі чыгунка і мясцовы завод харчовай прадукцыі, які выпускаў больш за сто найменняў кандытарскіх вырабаў. Разам з тым у Сноўску працягваюць працаваць музычная і спартыўная школы, цэнтр адміністрацыйных паслуг, дзіцячыя секцыі. Мясцовыя ўлады імкнуцца захаваць хаця б частку звычайнага жыцця.

Улетку многія жыхары падзарабляюць продажам чарніц і грыбоў. На рынку размова часта заходзіць пра Беларусь.
«Мы заўсёды жылі на сутыку межаў. Манумент дружбы стаяў. «Тры сястры» называўся, — расказвае гаваркая жанчына ў хустцы з вядром чарніц. — І ездзілі адзін да аднаго, жаніліся. У кагосьці ў Беларусі мама, у кагосьці дзеці, сваты, сябры. Няма ў нас нянавісці да беларусаў, бо родныя ўсе, перамяшаныя. Да Расіі ёсць, з сваякамі адтуль не камунікуем».
Іншая жанчына, з цалкам сівымі валасамі, прадстаўляецца Надзеяй і дадае:
«У мяне дзве дачкі ў Беларусі. Душой яны з намі, ведаюць усё, што тут адбываецца. Адна бяда — не бачыла я іх са студзеня 2024-га, калі апошні раз прыязджалі. Сумую па іх і ўнуках… Мы да іх з дзедам не даедзем: мне 79, яму 84. Не ведаю, калі і пабачымся. Можа, пасля вайны. Перажываю, абы толькі Беларусь на нас не пайшла вайной, бо дочкі не прыедуць. Украінцы іх не прымуць».

«Ды якая праблема, — смяецца мужчына, схіліўшыся на ровар, — людзі з Беларусі ляцяць у Турцыю, адтуль — у Польшчу, а адтуль едуць ва Украіну да сваякоў. Мае суседзі ўжо двойчы так за вайну ў Сноўску былі».

Расійскі дрон трапіў у супермаркет у Чарнігаве, ёсць загінулыя
«Вы так і перадайце: пойдуць сюды — хана ім будзе!» Рэпартаж з украінскіх вёсак за 500 метраў ад Беларусі
Сырскі лічыць, што расіяне будуць наступаць на Чарнігаўшчыну з Бранскай вобласці. А вось з Беларусі — наўрад ці
Украінскі вайсковец: Сцэнарый 2022 года, калі ішлі калоны з Беларусі, цяпер нерэалістычны
Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец
Каментары