Здароўе

Даследаванне: кавідны стрэс прыводзіць да заўчаснага старэння мозгу

У нядаўнім даследаванні навукоўцы вывучылі, як пандэмія Covid-19 — і звязаныя з ёю самаізаляцыя, фінансавыя цяжкасці і наступствы хваробы — уплываюць на мозг маладых людзей. У нашым рэгіёне да негатыўных фактараў, якія спрыяюць стрэсу, дадаюцца таксама вайна і масавыя рэпрэсіі, што робіць вынікі даследавання асабліва актуальнымі для беларусаў.

Фота: vecteezy

Навукоўцы даўно адзначалі, што стрэс, звязаны з пандэміяй COVID-19, прывёў да пагаршэння агульнага псіхічнага здароўя. Новыя даследаванні паказваюць, што стрэс істотна змяніў мазгі некаторых людзей і фізічна.

Гэтае адкрыццё дапаўняе шэраг даследаванняў прычын паскоранага старэння мозгу, на якое ўплываюць як біялагічныя фактары, так і асаблівасці навакольнага асяроддзя.

Стан мозгу змяняецца з гадамі, пры гэтым не ва ўсіх мозг старэе з аднолькавай хуткасцю. Стрэсавыя падзеі могуць выклікаць неадпаведнасць паміж біялагічным узростам мозгу чалавека (паказчык, заснаваны на біялагічных маркерах, які адносіцца да таго, на колькі гадоў выглядаюць клеткі вашага цела) і яго храналагічным узростам (рэальнай колькасцю пражытых гадоў).

Даследчыкі вывучалі маладзёнаў, якія жывуць у раёне заліва Сан-Францыска і ўплыў на іх лакдаўну 2020 года, распавядае Inverse. У цэлым у падлеткаў выявіліся асаблівасці мозгу, больш характэрныя для пажылых людзей і тых, хто перажыў сур'ёзныя нягоды ў дзяцінстве. У параўнанні з маладымі людзьмі, ацэненымі да пандэміі, удзельнікі даследавання мелі меншую таўшчыню кары галаўнога мозгу, большы аб'ём гіпакампа і міндаліны. Іх псіхічнае здароўе таксама было горшым, але незразумела, ці звязаны іх настрой са зменамі ў структуры мозгу.

Хаця некалькі даследаванняў, у тым ліку і гэтае, прасачылі ўзаемасувязь паміж стрэсам у раннім жыцці і паскораным старэннем мозгу — дагэтуль незразумела, што абумоўлівае гэтую сувязь. Ян Готліб, прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта і першы аўтар новага даследавання, сцвярджае, што картызол, які вылучаецца ў адказ на стрэс, можа адыгрываць сваю ролю ў гэтым працэсе. Таксама застаецца адкрытым пытанне, ці з'яўляюцца гэтыя змены пастаяннымі. 

Але можна прыняць меры, каб захаваць здароўе мозгу, нягледзячы на ​​стрэс. «Мы не ведаем, ці можна адмяніць наступствы, — кажа Готліб. — Але я чакаю, што метады зніжэння стрэсу — медытацыя, рэлаксацыя і г.д., могуць запаволіць хуткасць старэння мозгу».

Як стрэс фізічна змяняе мозг

Да пачатку пандэміі Готліб і яго калегі далёка прасунуліся ў даследаванні ўплыву стрэсу ў раннім жыцці на развіццё мозгу і дэпрэсіі ў падлеткаў. Першапачаткова пандэмія перапыніла іх працу, але ў канчатковым выніку адкрылася магчымасць: навукоўцы змаглі параўнаць сканаванне мозгу да пандэміі са сканаваннем, зробленым у канцы 2020 года.

Каманда звяртала ўвагу на такія фактары, як узрост, пол, уздзеянне стрэсу і сацыяльна-эканамічны статус, і параўноўвала групы паддоследных да і пасля пачатку пандэміі. Урэшце навукоўцы выявілі, што мозг маладых людзей пры канцы першага года пандэміі выглядаў у сярэднім старэйшым, чым мозг маладых людзей, сканаваны да яе пачатку.

Такім чынам, пандэмія негатыўна паўплывала на псіхічнае здароўе паддоследнай групы і паскорыла старэнне мозгу. Навукоўцы не могуць сказаць, ці дагоніць храналагічны ўзрост удзельнікаў узрост іх мозгу. Іншыя даследаванні паказваюць, што людзі з «больш старым на выгляд» мозгам горш спраўляюцца з тэстамі па вымярэнні ўвагі, памяці і іншых функцый.

Даследчыкі кажуць, што існуюць карысныя практыкаванні для ўмацавання кагнітыўнага здароўя. 

  • Падтрымлівайце ціск у норме;
  • Ежце здаровую ежу і не пераядайце;
  • Давайце сабе фізічную нагрузку;
  • Не замыкайцеся ў сабе, камунікуйце з людзьмі;
  • Здымайце стрэс здаровымі спосабамі (добрыя справы, медытацыя, спорт, прыемныя звычкі, прырода, падарожжы і ўсё такое).

Готліб і яго калегі плануюць і далей сачыць за ўдзельнікамі, калі ім споўніцца 20 гадоў, каб убачыць, ці захаваюцца псіхалагічныя праблемы і як будзе змяняцца мозг пасля пандэміі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос16

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна48

Вынеслі прысуд былому рэктару віцебскага ВНУ, які прыдумляў студэнтаў — вельмі лагодны

На выбарах у ЗША прайграла кангрэсвумен-украінка, якая галасавала супраць падтрымкі Украіны11

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска5

НАТА рыхтуе стратэгію ўдараў у глыбіню Расіі на выпадак атакі Пуціна4

Венгрыя праз 36 гадоў адкрыла архівы інфарматараў камуністычнай эпохі15

«Ён можа актывізаваць свае кантакты з Пуціным». Эксперты ацанілі наступствы паразы Трампа для Украіны і Еўропы4

Памёр Цінта Брас8

У Падмаскоўі беларус з чатырма расіянамі пад выглядам рамонтнікаў скраў медны кабель «Растэлекама»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос16

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць