«Я думаў, што людзі змятуць нас». Спецназавец у 2020-м стаяў з аўтаматам у ачапленні перад Лукашэнкам, а цяпер ваюе за Украіну
Вячаслаў Граноўскі звольніўся з органаў пасля таго, як убачыў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў. Ён з'ехаў ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўступіў у Полк Каліноўскага, піша The Observer.

Вячаслаў Граноўскі пайшоў служыць у міліцыю ў 18 гадоў, адразу пасля заканчэння сярэдняй школы.
«Для многіх маладых людзей, якіх не цікавіць палітыка, але якія хочуць стабільнага жыцця, праца ў міліцыі — добры варыянт», — адзначыў Граноўскі.
Яму быў 21 год, калі ў Беларусі ўспыхнулі масавыя пратэсты супраць гвалту і фальсіфікацыі Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў. Граноўскі ўспамінае, што тады яго галоўнымі інтарэсамі былі «дзяўчаты, вечарынкі і добры вольны час». На службе ён тады займаўся звычайнымі руціннымі справамі: вырашаў дробныя канфлікты ў сваім раёне і сачыў за парадкам. З калегамі ў Граноўскага былі добрыя адносіны.
Але цяпер, азіраючыся назад, яго стаўленне да многіх людзей, з якімі ён працаваў, змянілася.

«Яны не асабліва разумныя і не аналізуюць інфармацыю крытычна. У большасці з іх няма прынцыпаў. Фактычна, гэта амаль абавязковая ўмова для працы ў гэтай сістэме», — лічыць Граноўскі.
У жніўні 2020 года ён бачыў, як яго калегі катавалі і здзекаваліся з пратэстоўцаў, каб абараніць рэжым Лукашэнкі. Граноўскі ўспомніў сцэну, якую ён убачыў у РУУС Фрунзенскага раёна Мінска, дзе ён працаваў, пасля адной з пратэсных начэй. Ён бачыў 70 затрыманых дэманстрантаў, якія крычаць ад болю. Яны ляжалі на зямлі ўсё ў крыві і сіняках, са сцяжкамі на руках. Іх жорстка збілі дубінкамі яго калегі, з якімі ён яшчэ нядаўна жартаваў на курылцы.
«Мне і раней даводзілася затрымліваць людзей, але я заўсёды рабіў гэта без гвалту. Я заўсёды стараўся пазбегнуць жорсткасці. Але ў той момант… я ўбачыў зусім жывёльную рэакцыю на мірныя пратэсты.
Раней я думаў, што мы, як міліцыя, робім нешта добрае. Той момант даказаў, што я памыляўся», — успомніў Граноўскі.
16 жніўня 2020-га, калі ў Мінску прайшоў адзін з найбуйнейшых мірных пратэсных мітынгах, Граноўскі стаяў у ачапленні.
«Гэта было неверагодна — я стаяў у міліцэйскім ачапленні, глядзеў на гэтае мора людзей і думаў, што яны змятуць нас, і мы апусцім шчыты. Але яны павярнулі назад. У той момант я зразумеў, што рэвалюцыя правалілася, і ўсё будзе толькі горш», — з сумам адзначыў былы міліцыянт.
23 жніўня 2020-га Граноўскі стаяў у ачапленні ля Палаца Незалежнасці і назіраў, як Лукашэнка з аўтаматам выйшаў з верталёта, калі пратэстоўцы ўжо разышліся, і пракрычаў сілавікам «Вы прыгажуны!».
«Я быў там, абараняючы чалавека, які захапіў краіну. У той момант я зразумеў, што больш не хачу быць часткай усяго гэтага», — кажа Граноўскі.
У верасні 2020-га ён звольніўся з органаў. Яму дазволілі спакойна пайсці, але неўзабаве крыніцы ў міліцыі яму паведамілі, што на яго рыхтуецца крымінальная справа.
Граноўскі сабраў дакументы і рэчы і з'ехаў у Харкаў, дзе жыў яго сябар. У верасні 2022-га былы сілавік далучыўся да Палка Каліноўскага. Граноўскі лічыць, што барацьба з Расіяй — найлепшы спосаб барацьбы з Лукашэнкам.
«Лукашэнка цяпер мой вораг. Адзіная прычына, па якой ён усё яшчэ ва ўладзе, — гэта Расія. І адзіны спосаб перамагчы яго — змагацца з Пуціным», — мяркуе Граноўскі.
З тых часоў баец пад пазыўным Мірык паўдзельнічаў у многіх аперацыях, перажыў аблогу Бахмута і страціў на полі бою чатырох блізкіх сяброў. У Беларусі Граноўскаму выстаўленыя шматлікія крымінальныя абвінавачванні, у тым ліку за наёмніцтва, удзел у экстрэмісцкай арганізацыі і дзяржаўную здраду.
Большасць былых калег лічаць Граноўскага здраднікам. Ён адзначае, што ў беларускай міліцыі не дапускаецца незалежнае мысленне — дазволена толькі сляпое падпарадкаванне загадам.
«Кожны засяроджаны на ўласным дабрабыце. У Беларусі сярэднестатыстычны міліцыянт зарабляе каля 900 рублёў у месяц — якраз дастаткова, каб зняць аднапакаёвую кватэру ў Мінску і купіць ежы. Нядзіўна, што многія расчараваныя, абмежаваныя людзі гатовыя ўчапіцца адзін у аднаго за малюсенькую прэмію», — кажа Граноўскі.
Ён спрабаваў падтрымліваць сувязь з некалькімі «разумнымі» былымі сябрамі, але ў выніку зносіны сышло на нішто. Цяпер іх агульнае мінулае ў Беларусі больш не мае значэння, яго не турбуе, што па той бок лініі фронту могуць быць былыя таварышы.
«Я бачыў, як майго ўкраінскага брата разрывалі на часткі проста ў мяне на вачах у пачатку ўварвання. Чаму мяне павінны хваляваць тыя, хто падтрымлівае забойцаў?» — кажа Граноўскі.
Ваяры Палка Каліноўскага вызвалялі ўкраінскую тэрыторыю пад Харкавам
Суд у «ДНР» завочна прысудзіў беларускага добраахвотніка Яна Дзюрбейку да 14 гадоў калоніі
«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»
Вярхоўны Суд прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй Полк імя Кастуся Каліноўскага
Бельгійскі прынц асабіста прывёз пікап для Палка Каліноўскага
Цяпер чытаюць
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
Каментары
Практыка мабілізаваць розных супрацоўнікаў існавала.
1. Не апусцілі б шчыты. Выконвалі б прыказы, як рабілі да таго і пасля таго.
Не падпарадкавацца гэта сур'ёзнае рашэнне. Ці былі гатовыя да яго калегі? Што сведчыць пра тое? Нават размоў, што не трэба ахоўваць Лукашэнку, паміж імі не было. І сам кажа «Яны не асабліва разумныя... У большасці з іх няма прынцыпаў.»
2. Сілавік/карнік (на той час) лічыць, што праблема не ў ім, што ён не падтрымаў пратэстоўцаў, а ў кімсьці іншым. "Яны не дастаткова агрэсіўна з намі змагаліся".
Засталося, каб яшчэ Лукашэнка сказаў, што ён быў за рэвалюцыю, але вось самі не дайшлі да яго Дварца, значыць, "калі ім не трэба, то і я застаўся ва ўладзе".
(Выбар, які герой артыкула зрабіў пасля - годны і смелы. Пытанне пра 2020-ы, калі было шмат "стратэгаў", нават на супрацьлеглым баку, якія самі ў той момант нічога не зрабілі).