Брытанія датэрмінова выпускае тысячы зняволеных. Польшча гэтаму не радая
З 1 кастрычніка Вялікабрытанія пачынае датэрмінова выпускаць тысячы асуджаных, каб разгрузіць перапоўненыя турмы. Частку замежнікаў пасля гэтага дэпартуюць на радзіму. Палякі складаюць найбуйнейшую групу сярод замежных зняволеных у Англіі і Уэльсе, але, як піша Rzeczpospolita, у Варшаве пакуль не ведаюць, ні колькі чалавек вернецца, ні за якія злачынствы яны адбывалі пакаранне.

Брытанскія турмы сутыкнуліся з вострым недахопам месцаў. Паводле звестак за чэрвень гэтага года, за кратамі знаходзіліся каля 86 тысяч чалавек. Каб разгрузіць пенітэнцыярную сістэму, улады вырашылі паэтапна датэрмінова вызваліць частку асуджаных.
Першыя 700 чалавек выйдуць на волю ўжо 1 кастрычніка. Затым будзе яшчэ некалькі этапаў вызвалення. Усяго да чэрвеня наступнага года турмы датэрмінова пакінуць каля 4500 асуджаных.
Такую магчымасць прадугледжвае прыняты ў Вялікабрытаніі Закон аб прызначэнні пакаранняў 2026 года (Sentencing Act 2026). У некаторых выпадках зняволеныя змогуць выйсці на волю пасля адбыцця ўсяго траціны прызначанага тэрміну.
Праграма распаўсюджваецца ў тым ліку на асуджаных за крадзяжы, узломы, рабаванні, гандаль наркотыкамі, збіццё і махлярства. Першапачаткова спіс меркавалася зрабіць шырэйшым, але пасля крытыкі з праграмы выключылі асуджаных за шэраг цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойствы і згвалтаванні.
Сярод тых, каго вызваляць датэрмінова, будуць і замежнікі. Калі яны не маюць брытанскага грамадзянства, пасля выхаду з турмы іх могуць дэпартаваць у краіны паходжання.
Чаму гэта стала праблемай для Польшчы
Рашэнне асабліва актуальнае для Польшчы. Паводле брытанскага Міністэрства юстыцыі, на канец сакавіка палякі складалі 7% з прыкладна 6500 замежнікаў у турмах Англіі і Уэльса. Гэта найбуйнейшая група. На другім месцы румыны.
Пры гэтым Варшава не ведае, колькі палякаў трапіць пад праграму, хто менавіта вернецца і за якія злачынствы гэтыя людзі былі асуджаныя. Польскае МУС паведаміла, што спісу ад брытанскага боку пакуль не атрымала. Няма такой інфармацыі і ў Міністэрства юстыцыі.
Пасля дэпартацыі гэтыя людзі вернуцца на радзіму як свабодныя грамадзяне. Пры гэтым частка асуджаных, якія застануцца ў Вялікабрытаніі, пасля датэрміновага вызвалення будзе адбываць рэшту пакарання пад наглядам.
У польскім МУС тлумачаць, што Памежная служба зможа прыняць меры ў дачыненні да канкрэтнага чалавека толькі пры наяўнасці адпаведнага запісу ў яе рэестры.
Польскія эксперты і апазіцыйныя палітыкі, якіх апытала Rzeczpospolita, крытыкуюць урад за тое, што той не праявіў ініцыятыву і не запытаў у Лондана неабходныя звесткі. Яны лічаць, што польскім службам варта загадзя ведаць, хто вернецца, за што быў асуджаны і якую частку пакарання паспеў адбыць. Асаблівай увагі патрабаваць рэцыдывісты і іншыя складаныя выпадкі. Тым больш, што ў краіне назіраецца рост колькасці паўторных злачынстваў. Ці стануць выключэннем тыя, хто датэрмінова выйдзе з брытанскіх турмаў і вернецца ў краіну, пакуль невядома.
Каментары