Былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі прадаў катэдж у Драздах за $1,2 мільёна
Андрэй Уцюрын прасядзеў у калоніі пяць гадоў, пакуль яго не памілаваў былы бос.

Адзін з дарагіх катэджаў у Драздах спрабавалі прадаць больш за тры гады. Як мінімум да 2021 года ім валодаў Андрэй Уцюрын — экс-кіраўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта дом плошчай 590 квадратных метраў, у якім на той момант яшчэ не было ўнутранага аздаблення. У розны час жыллё каштавала ад 1,3 да 1,4 млн даляраў, піша «Люстэрка».
Катэдж прадалі летам 2025 года. Верагодна, менавіта ён аказаўся самым дарагім домам, які рэалізавалі ў жніўні таго года, — гаворка ідзе пра $1,2 мільёна. Гэтая нерухомасць размяшчаецца на той жа вуліцы, што і дом Уцюрына, і іх плошча супадае.
Андрэй Уцюрын узначальваў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі з 2007 года. На гэтай пасадзе ён правёў сем гадоў, а ў верасні 2014‑га яго перавялі на пасаду намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі.
А вясной 2019 года яго затрымалі ў момант атрымання хабару ад расійскага бізнэсмена. У 2020‑м яго прызналі вінаватым у атрыманні хабараў на агульную суму 192 тысячы даляраў. Паведамлялася, што такія грошы яму плацілі за лабіраванне інтарэсаў пры пастаўцы тэлекамунікацыйнага абсталявання для Дэпартамента выканананя пакаранняў, у прыватнасці, для турмы №8 у Жодзіне.
Андрэю Уцюрыну прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аднак ужо ў 2024‑м Лукашэнка памілаваў свайго былога падначаленага.
Каментары