Грамадства44

«Напішы «календула» або «багун» — будзе тое ж самае». Які смак у беларускага валошкавага квасу, у якім зусім няма валошак?

Выданне Blizko.by паспытала новы квас з Бабруйска — са смакам і пахам валошак. Такога ў Беларусі нібыта яшчэ не было.

Прадукты з валошкамі — гэта нешта новае?

У маі 2019 года ў Гомелі выпусцілі марозіва «Белы полюс. Валошка». Яно было блакітнага колеру і ўтрымлівала сапраўдныя пялёсткі валошак. Вырабілі першую партыю ў 8 тон і разлічвалі, што яе хопіць да канца месяца — але беларусы ўсё раскупілі за тыдзень. Другую партыю зрабілі большую: 20 тон.

Цікава, што тады на ўпакоўцы размясцілі некалькі фраз на англійскай і беларускай мовах — такі невялікі размоўнік для турыстаў, якія прыязджалі да нас на Еўрапейскія гульні.

Марозіва дагэтуль ёсць у каталогу вытворцы. Але калі тое, першае, утрымлівала сапраўдныя пялёсткі валошак і насенне лёну, то зараз у складзе толькі экстракт з кветак валошак.

Як бы там ні было, а тады, 6 гадоў таму, першы валошкавы прадукт сапраўды стаў хітом як сярод саміх беларусаў, так і сярод замежнікаў, якія прыляталі да нас на самалётах з Еўропы. Так-так, марозівам частавалі гасцей у аэрапорце.

Таксама ў Беларусі выпускаюць гарэлку з пялёсткамі валошак, а некалькі гадоў таму ў Гродне на 8-м адкрытым фестывалі сыру фабрыка «Малочны свет» ладзіла дэгустацыю сыру з валошкамі.

А вось квас з валошкамі — гэта навінка. Хоць сама па сабе ідэя зварыць квас з якімі-небудзь зёлкамі — не новая.

Хто выпускае і дзе купіць?

Квас «Хатні. Валошкі» выпускае завод «Бабруйскі бровар». На сайце кампаніі апісання гэтага квасу яшчэ няма, хоць ён прадаецца ўжо тыдні са два.

У інстаграм-акаўнце квасу сказана так: «Квас «Хатні «Валошкі» — першы квас з водарам валошак, створаны для тых, хто шануе свежасць, натуральнасць і новыя ўражанні. Квітнеючыя палі, ласкавы вецер, цёплыя ўспаміны і толькі натуральнае браджэнне, без штучных дабавак у кожнай кроплі! Адзін смак — бясконцасць успамінаў!»

Квас ужо можна купіць у крамах «Санта», «Еўраопт» і іншых. Бутэлька аб'ёмам 1,4 літра каштуе каля 3,55 рубля.

Што ў складзе?

Напой афіцыйна называецца «Напой безалкагольны са смакам і водарам валошак «Квас хатні. Валошкі» фільтраваны пастэрызаваны газаваны квас браджэння».

Склад квасу такі: вада артэзіянская, цукар, канцэнтрат кваснага сусла ў розных спалучэннях жытняга і ячменнага соладу з трыцікале, рэгулятар кіслотнасці (малочная кіслата) і натуральны араматызатар.

Як бачыце, ні валошак, ні іх экстракту, ні эсэнцыі, ні выжымкі — нічога такога ад валошак няма і следу. Ёсць толькі неназваны араматызатар.

Колер квасу цалкам звычайны, «квасавы». Цёмны, але на прасвет празрысты.

Як ён на смак?

Вось што кажуць дэгустатары з Blizko.by.

  • «Пах квасу ёсць, таксама ёсць цяжкаўлоўны кветкавы водар. Як танны савецкі парфюм. На смак — прахалодны, добра асвяжаючыы, у яго прыемны смак квасу. І паслясмак кветкавага водару або фарбавальніка, нешта ёсць такое. Добры квас, я б купляў. У спякоту, думаю, выдатна танізуе. Калі ў Мінску будзе +30 градусаў — зойдзе на ўра. Нешта новае, незвычайнае, вельмі добрае».

  • «Па паху адчуваецца травяная аддушка. Смак квасу ёсць, з дадаткам нейкі. Думаю, з піцай бы гэты квас добра зайшоў. Вось гамбургеры запіваюць колай, а трэба якраз такім квасам».

  • «Я не адчуваю пах квасу, нават не сказала б, што гэта квас. Этыкетка па настроі супадае са смакам: лёгкая, летняя, хочацца на такой прыродзе сядзець і піць квас, толькі не хапае лета. Я б яго без нічога піла, ім не трэба нічога запіваць. А вось, ведаеце, нешта ёсць ад смаку колы. У мяне дзіця п'е кока-колу, дакладна, тут смак колы. Але толькі, у адрозненне ад колы, гэтым квасам напіваешся. Колу п'еш-п'еш — і ўсё адно піць хочаш, а гэты квас рэальна спаталяе смагу».
  • «Гэта смак свежасці. Браджэннем пахне, гэта квас. Звычайны квас больш даўкі, а гэты — лайтовы. Валошак не адчуваю, я валошкі нюхала, тут не пахне зусім. Прысмак цукеркі-шыпучкі з колай або ледзяша-пеўніка».

  • «На нешта падобна, але не магу зразумець, на што. Нейкая цукерка ці што, на цукерку падобна, на прысмак ледзяша. Але варта зрабіць пару глыткоў — і больш не адчуваеш, што смак нейкі асаблівы».

  • «Саладжавы. Адчуваецца сапраўдны смак квасу, але я люблю менш салодкі. І наогул ён падобны да бражкі. Незвычайны прысмак ёсць, але не магу сказаць, што гэта — валошкі ці не. Смак травы нейкі».
  • «Нібыта нармальны, пахне звычайным квасам. Я не ведаю, як павінны адчувацца валошкі. Ён не вельмі салодкі, але халаднік такім не заправіць. Калі піць халодным, то можна запіваць шашлычок».

  • «Я гэты квас ужо паспеў паспрабаваць з тыдзень таму, і ён мне адразу спадабаўся. Вядома, гэта і блізка не валошкі — валошкі ў чыстым сваім палявым выглядзе наогул пахнуць не вельмі. Тут ні паху, ні смаку валошак увогуле няма. Чыста маркетынгавая прынада. Напішы тут замест валошак «календула» або «багун» — будзе тое ж самае, ніхто не засумняецца, што менавіта гэтыя травы і паклалі ўсярэдзіну. Як і ў выпадку з квасам з чаборам, я заўважыў, што смак валошкавага асабліва раскрываецца, асабліва прыемны, калі квас вельмі халодны, а вось пакаёвай тэмпературы — атрымліваецца лухта нейкая».

Каментары4

  • даведка
    30.05.2025
    Я его проигнорирую хотя бы уже за то, что объём 1,4 литра, а не честные 1,5 литра.
  • даведка
    30.05.2025
    Я когда-то в детстве вязал себе венки из васильков, собранных у кромки поля.)
  • оказывается
    31.05.2025
    даведка, вы не дедушка, а девушка?

Цяпер чытаюць

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі5

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пуцін працягвае дурыць галаву». У Кіеве адказалі на прапанову Зяленскаму прыехаць у Маскву

Трамп: У мяне няма заявы для Пуціна, ён ведае маю пазіцыю17

Пуцін не супраць сустрэцца з Зяленскім, калі той прыедзе да яго ў Маскву2

У Добрушы сям'я заказала ў фірмы рамонт хаты. Адрамантавалі так, што хату давядзецца знесці10

У Мінску адкрылася незвычайная крама без цэннікаў на таварах. Ці зручна гэта для купцоў?6

Мерц упершыню адкрыта назваў Пуціна ваенным злачынцам. Пуцін адказаў28

У АПЕК+ думаюць яшчэ раз павялічыць здабычу нафты1

Міністэрства інфармацыі падпісала пагадненне з БПЦ. Будуць разам змагацца са знешнімі ўплывамі на духоўнасць11

У польскім рэестры «непажаданых асоб» больш за 31 тысяча чалавек. Лік беларусаў таксама ідзе на тысячы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі5

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць