Сярод загінулых у авіякатастрофе ў Амурскай вобласці быў прынамсі адзін беларус
Раніцай 24 ліпеня ў Амурскай вобласці Расіі разбіўся пасажырскі самалёт Ан-24. На яго борце было 43 пасажыры і шэсць членаў экіпажа. Ніхто з іх не выжыў. Як стала вядома выданню «Люстэрка», сярод пасажыраў быў і беларус Дзяніс Казенка. У яго засталася маленькая дачка.

Імя «Дзяніс» «Люстэрка» заўважыла ў спісе загінулых пасажыраў, якія апублікаваў расійскі тэлеграм-канал «Инфо 24». Пазней яно з'явілася і ў спісах іншых расійскіх СМІ ўжо з прозвішчам.
«Дзяніс Казенка 21 сакавіка 1995 года нараджэння», — так загінулы значыўся ў спісах.
Крыніца «Люстэрка» пацвердзіла, што Дзяніс Казенка — беларус. У ягоным закрытым акаўнце ва «Укантакце» значылася, што ён родам з горада Паставы Віцебскай вобласці.
«Люстэрка» адшукала профіль мужчыны ў Instagram. Там пазначана, што ён — супрацоўнік беларускай кампаніі «Інаватэк». Яна займаецца інавацыйнымі тэхналогіямі ў сферы лясной гаспадаркі.
Дзяніс быў інжынерам шэф-мантажу ЗКС-цэнтраў. Гэта комплексы, у якіх вырошчваюць саджанцы для лясоў. «Аднаўляю сібірскі і далёкаўсходні лес», — напісаў мужчына ў профілі.
Па інфармацыі «Люстэрка», 24 ліпеня мужчына знаходзіўся ў Хабараўску ў камандзіроўцы.
«Ён ужо звольніўся. Але папрасіўся ў апошнюю камандзіроўку па дамове падраду», — гаворыць крыніца.
Дзяніс жыў у Мінску з жонкай і маленькай дачкой, якой не так даўно споўнілася дзесяць месяцаў.

Між тым, паводле інфармацыі «Люстэрка», на борце быў і калега Дзяніса. Верагодна, ён таксама грамадзянін Беларусі, аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося.
«Люстэрка» паспрабавала высветліць, ці ёсць іншыя беларусы сярод загінулых, у пасольстве Беларусі ў Расіі, але дазваніцца да яго не выйшла. Не змаглі нічога патлумачыць ні ў прэс-службе МНС Хабараўска, ні на гарачай лініі для родных загінулых. МЗС Беларусі таксама нічога не паведамляе пра загінулых ні на сайце, ні ў тэлеграм-канале.
Раніцай 24 ліпеня з'явілася інфармацыя пра знікненне з радараў расійскага пасажырскага самалёта Ан-24, які накіроўваўся па маршруце Хабараўск — Благавешчанск — Тында. Самалёт спрабаваў прызямліцца, але яму замінала непагадзь. Паветранае судна заходзіла на другі круг для пасадкі, але пасля рэзка знікла з радараў. Пазней яго абломкі знайшоў верталёт Расавіяцыі.
На борце Ан-24 знаходзіліся 49 чалавек, з іх пяць — дзеці, і шэсць — члены экіпажа. Ніхто з пасажыраў і членаў экіпажа не выжыў.
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце

Каментары