Уварванне Расіі ва Украіну стала залатой жылай не толькі для Беларусі, але і для Паўночнай Карэі. Вось на чым яны нажываюцца
Паўночная Карэя, якая доўгія гады была сімвалам беднасці, ізаляцыі і міжнародных санкцый, сёння перажывае нечаканы эканамічны ўздым. У краіне будаўнічы бум, расце колькасць аўтамабіляў, пашыраюцца лічбавыя сэрвісы, а эканоміка дэманструе найлепшыя тэмпы росту за апошнія гады. Дзякуючы чаму, расказвае The Wall Street Journal.

Яшчэ пяць гадоў таму сітуацыя ў Паўночнай Карэі выглядала катастрафічнай. Пандэмія Covid-19 прымусіла КНДР жорстка закрыць межы, што практычна спыніла гандаль з Кітаем — галоўным эканамічным донарам краіны. У 2021 годзе Пхеньян сутыкнуўся з вострым дэфіцытам энергіі, з-за якога спыняліся вугальныя шахты, і недахопам базавых прадуктаў, такіх, як алей і цукар.
Сітуацыя была настолькі цяжкай, што Кім Чэн Ын публічна прызнаў промах сваёй палітыкі, значна схуднеў і нават не стрымаў слёз падчас прамовы аб харчовым крызісе. Тагачасны пасол Расіі апісваў пустыя паліцы крам, а сам Кім канстатаваў, што амаль усе сектары эканомікі не выканалі планы.
Аднак у 2022 годзе ўварванне Расіі ва Украіну дало Кім Чэн Ыну гістарычны шанец. Пхеньян ператварыўся ў ключавога пастаўшчыка боепрыпасаў для Масквы, што прынесла рэжыму больш за 10 мільярдаў даляраў з лета 2023 года.
Паводле ацэнак аналітыкаў, яшчэ больш за паўмільярда даляраў КНДР атрымала дзякуючы адпраўцы больш чым 15 тысяч салдат на расійскі фронт, дзе каля трэці з іх былі забітыя або параненыя. Пры гэтым значная частка кампенсацыі паступае не ў выглядзе грошай, а ў форме ваенных тэхналогій, камплектуючых і іншых матэрыялаў.

Як адзначае WSJ, Масква ўжо перадала Пхеньяну сістэмы супрацьпаветранай абароны, а новыя паўночнакарэйскія ваенныя караблі і беспілотнікі цяпер відавочна нагадваюць расійскія ўзоры. На думку экспертаў, выкарыстанне паўночнакарэйскай зброі і вайскоўцаў на ўкраінскім фронце стала для рэжыму своеасаблівай бясплатнай рэкламай яго ваеннай прадукцыі.
Не менш важным фактарам стала падтрымка Кітая. Гандаль з Пекінам дасягнуў васьмігадовага максімуму, а многія кітайскія брэнды адкрыта прадаюць сваю прадукцыю ў КНДР, нягледзячы на санкцыйныя абмежаванні.
Менавіта кітайскія камплектуючыя ў значнай ступені забяспечваюць развіццё паўночнакарэйскай лічбавай эканомікі. Акрамя таго, армія паўночнакарэйскіх кібераў, якая зарабляе мільярды даляраў праз атакі на крыптабіржы, у значнай ступені працуе з тэрыторыі Кітая.
Усё гэта дазволіла паўночнакарэйскай эканоміцы вярнуцца да росту. Паводле ацэнак Банка Карэі, у 2024 годзе ВУП КНДР павялічыўся на 3,7% — гэта найлепшы вынік за апошнія восем гадоў. Многія аналітыкі лічаць, што эканамічнае становішча краіны цяпер з'яўляецца самым моцным за амаль 15 гадоў кіравання Кім Чэн Ына і, магчыма, лепшым за апошнія гады праўлення яго бацькі Кім Чэн Іра.

Лічбавая рэвалюцыя і новы выгляд сталіцы
Прыток сродкаў справакаваў сапраўдны ўнутраны бум, які зрабіў Пхеньян непазнавальным. Як адзначае WSJ, у горадзе цяпер працуе аналаг Uber — мабільны дадатак Samhung, які дазваляе выклікаць таксі і сачыць за яго рухам у рэальным часе. Жыхары сталіцы актыўна карыстаюцца QR-кодамі для аплаты, замаўляюць праз смартфоны ежу, тавары і нават лекі па рэцэптах. Унутраная вытворчасць мабільных тэлефонаў дасягнула паўмільёна адзінак у год, а на рынку прадстаўлена больш за 50 розных мясцовых брэндаў.
Змянілася і візуальнае аблічча вуліц. Як піша WSJ, на дарогах Пхеньяна цяпер шмат кітайскіх электрамабіляў і імпартных аўто, уключаючы BMW. Рост колькасці машын настолькі значны, што дзяржаўнае тэлебачанне пачало выпускаць перадачы аб абнаўленні правілаў дарожнага руху: з’явіліся забароны на курэнне падчас кіравання, выгул хатніх жывёл без павадка і пераход вуліцы ў неналежным месцы.
У мясцовых універмагах можна пабачыць касметыку з лагатыпам Chanel і акуляры Ray-Ban, а ў рэстаранах на верхніх паверхах хмарачосаў са шкляной падлогай падаюць сушы, піцу і традыцыйную карэйскую локшыну.

Пранікненне лічбавых тэхналогій бачна і ў іншых сферах. У маі Пхеньян правёў першы пасля пандэміі поўнамаштабны міжнародны гандлёвы кірмаш, які сабраў больш за 290 кампаній з Расіі, Кітая, Манголіі, Швейцарыі і Тайланда.
Мясцовыя вытворцы дэманстравалі там «разумныя тэлевізары», якія дазваляюць непасрэдна набываць тавары, а таксама смартфоны коштам больш за 500 даляраў. Паводле слоў прадаўцоў, вытворцы ўсё больш арыентуюцца на попыт унутры краіны.

Будаўнічы бум і вяртанне дзяржаўнага кантролю
Яшчэ адной прыкметай новай эканамічнай рэальнасці стала маштабнае будаўніцтва. Летась у Пхеньяне было здадзена 10 000 новых кватэр, што больш, чым у Лос-Анджэлесе ці Чыкага за той жа перыяд. У новым раёне «Хвасон» узведзеныя 40‑павярховыя вежы, пафарбаваныя ў чырвоны колер, каб нагадваць міжкантынентальныя ракеты. Менавіта там атрымалі жыллё сем’і салдат, якія загінулі ў Расіі.
Сярод іншых завершаных праектаў — найбуйнейшая бальніца краіны, цяплічны комплекс, большы за Цэнтральны парк Нью-Ёрка, і новы прыморскі курорт.
Адначасова Кім Чэн Ын прасоўвае праграму «20×10», якая прадугледжвае будаўніцтва новых заводаў у 20 гарадах і раёнах штогод на працягу наступнага дзесяцігоддзя. Праект уключае не толькі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, але і новыя медыцынскія ўстановы ды зоны адпачынку.
Адначасова ўлады пашыраюць сетку дзяржаўных крам і аптэк, паступова абмяжоўваючы ролю чорнага рынку, які стаў асабліва важным у гады санкцый і пандэміі. Рэжым таксама спрабуе вярнуць пад дзяржаўны кантроль тыя сферы эканамічнага жыцця, якія раней у значнай ступені залежалі ад прыватнай ініцыятывы і кантрабанды.

Разам з тым за межамі вітрыны эканамічнага поспеху застаецца іншая рэальнасць. Як нагадвае WSJ, Паўночная Карэя па-ранейшаму застаецца беднай краінай. Паводле даных ААН, амаль палова з 26 мільёнаў яе жыхароў недаядае. КНДР таксама застаецца адной з самых рэпрэсіўных дзяржаў свету: нават распаўсюд паўднёвакарэйскіх серыялаў можа карацца смерцю.
Тым не менш шматлікія паказчыкі сведчаць пра рэальныя змены. Спадарожнікавыя здымкі фіксуюць рост актыўнасці каля нафтавых сховішчаў, пашырэнне інфраструктуры для захоўвання паліва і больш запоўненыя паркоўкі. Уначы Паўночная Карэя цяпер свеціцца прыкладна ў тры разы ярчэй, чым пяць гадоў таму.
Адначасова Кім Чэн Ын пашырае міжнародныя сувязі. Як адзначае WSJ, ён упершыню наведаў кітайскі ваенны парад разам з больш чым дваццаццю іншымі замежнымі лідарамі. У сакавіку кіраўнік КНДР таксама прымаў у Пхеньяне Аляксандра Лукашэнку, пасля чаго краіны падпісалі дамову аб сяброўстве.

Геапалітыка і эканамічная трываласць
Гэтыя вынікі выглядаюць асабліва паказальнымі на фоне санкцыйнай палітыкі Захаду. Як нагадвае WSJ, яшчэ ў 2017 годзе ЗША і ААН істотна ўзмацнілі санкцыі супраць Паўночнай Карэі ў адказ на развіццё яе ядзернай праграмы. Падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну Дональд Трамп тройчы сустракаўся з Кім Чэн Ынам, стаўшы першым дзейным кіраўніком ЗША, які пайшоў на такі крок. Аднак бакі так і не здолелі дамовіцца пра згортванне паўночнакарэйскай ядзернай праграмы. Пасля вяртання ў Белы дом Трамп зноў заяўляў пра жаданне сустрэцца з паўночнакарэйскім лідарам.
На думку аўтара WSJ, галоўны парадокс цяперашняй сітуацыі заключаецца ў тым, што эканамічныя поспехі КНДР зніжаюць матывацыю Пхеньяна ісці на кампрамісы ў пытанні ядзернай праграмы. Калі раней Вашынгтон мог прапаноўваць эканамічныя стымулы ў абмен на дэнуклеарызацыю, то цяпер падтрымка Расіі і Кітая робіць такі ціск значна менш эфектыўным. У выніку рэжым Кім Чэн Ына адчувае сябе значна больш упэўнена, чым некалькі гадоў таму.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары