Навука і тэхналогіі44

Навукоўцы змаглі прачытаць тэксты папірусаў, абвугленых падчас вывяржэння Везувія

Спалучэнне высокадакладнага сканавання і алгарытмаў штучнага інтэлекту дазволіла віртуальна разгарнуць абвугленыя папірусы і ўпершыню прачытаць іх тэксты. Сярод адкрыццяў — новыя фрагменты твораў старажытных філосафаў, якія амаль дзве тысячы гадоў заставаліся недаступнымі даследчыкам.

Адзін з абвугленых папірусных скруткаў, знойдзеных пры раскопках старажытнарымскай вілы ў Геркулануме. Менавіта такія артэфакты навукоўцы цяпер вучацца чытаць без фізічнага раскрыцця. Фота: scrollprize.org

У 79 годзе нашай эры вывяржэнне Везувія пахавала пад пластамі попелу і вулканічных парод рымскія гарады Пампеі і Геркуланум разам з сотнямі скруткаў папіруса. Калі ў Пампеях яны згарэлі цалкам, то калекцыя скруткаў, знойдзеная пры раскопках вілы ў Геркулануме, захавалася ў абвугленым выглядзе. Такі стан парадаксальным чынам збярог папірусы ад гніення, але зрабіў іх неверагодна крохкімі: любое дакрананне ператварала іх у пыл.

З моманту іх выяўлення ў 1752 годзе даследчыкі спрабавалі розныя метады разгортвання скруткаў — ад разразання нажамі да выкарыстання ртуці і воцатнай кіслаты. Аднак большасць гэтых спроб заканчвалася альбо разбурэннем скруткаў, альбо іх поўнай нечытэльнасцю.

Днямі, як піша The Washington Post, даследчыкі паведамілі пра найбольшы поспех за ўсю гісторыю вывучэння гэтых знаходак. Ім удалося віртуальна разгарнуць адзін са скруткаў і прачытаць каля 20 слупкоў тэксту — прыкладна паўтара метра суцэльнага запісу. Акрамя таго, агулам навукоўцы з 2023 года расшыфравалі не менш за 230 слупкоў тэкстаў з некалькіх папірусаў.

Ад абвугленага скрутка да прачытанага тэксту: зверху — скрутак у тым выглядзе, у якім яго знайшлі, і зрэзы, атрыманыя падчас рэнтгенаўскага сканавання; знізу — віртуальна «разгорнутая» паверхня папіруса, на якой удалося выявіць старажытнагрэчаскі тэкст. Фота: scrollprize.org

Адкрыццё стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням навукоўцаў з Універсітэта Кентукі і ініцыятыве Vesuvius Challenge — адкрытаму конкурсу, падтрыманаму інвестарамі з Крэмніевай даліны. Замест фізічнага ўздзеяння на артэфакты даследчыкі выкарыстоўвалі высокадакладную камп’ютарную тамаграфію. З дапамогай спецыяльнага праменя, згенераванага паскаральнікам часціц, яны стварылі трохмерныя выявы скруткаў з дэталізацыяй да двух мікронаў — менш за таўшчыню павуціння.

Галоўная складанасць заключалася ў тым, што нават на такіх здымках чарніла заставаліся нябачнымі для вока. Тут на дапамогу прыйшлі алгарытмы машыннага навучання, якія натрэніравалі распазнаваць ледзь прыкметныя сляды чарнілаў на абвугленым папірусе, а таксама віртуальна раздзяляць шчыльна спрасаваныя пласты матэрыялу і «разгортваць» іх у плоскія старонкі. Пасля гэтага тэксты ўжо аналізавалі спецыялісты па старажытных рукапісах.

Сярод найбольш важных адкрыццяў — новыя звесткі пра твор філосафа Філадэма з Гадары «Пра багоў». Раней навукоўцы ведалі толькі адну яго частку, аднак у адным з расшыфраваных скруткаў згадваецца, што гэты твор меў восем раздзелаў. У захаваных фрагментах сустракаюцца словы «прадбачанне», «будучыя рэчы» і «нябачная сутнасць», што сведчыць пра прыналежнасць аўтара да філасофскай школы эпікурэйцаў.

Яшчэ адзін часткова прачытаны скрутак, аўтар якога пакуль не вызначаны, змяшчае тэрміны «horme» («імпульс») і «phronesis» («практычная мудрасць»). Гэта дае падставы меркаваць, што ў тэксце абмяркоўваюцца ідэі стаіцызму — філасофскай школы, якая прапаведавала самакантроль і рацыянальнае мысленне.

Усе расшыфраваныя папірусы ўваходзяць у калекцыю з больш як 400 скруткаў з бібліятэкі вілы ў Геркулануме, якая, па меркаванні даследчыкаў, магла належаць цесцю Юлія Цэзара. У зборах бібліятэкі захоўваліся не толькі творы Філадэма, які, верагодна, жыў у віле, але і іншыя каштоўныя тэксты антычнасці. Пра гэта, напрыклад, сведчыць выяўлены раней гістарычны твор, прысвечаны падзеям пасля смерці Аляксандра Македонскага.

Пакуль што даследчыкі прасканавалі толькі каля 10% усёй калекцыі. Працэс застаецца вельмі дарагім: сканіраванне аднаго скрутка займае ад 20 да 24 гадзін, а тыдзень працы паскаральніка часціц можа каштаваць каля 250 тысяч даляраў.

Каб прыцягнуць да расшыфроўкі старажытнай бібліятэкі як мага больш даследчыкаў, арганізатары Vesuvius Challenge выклалі ў адкрыты доступ усе атрыманыя сканы, праграмны код і іншыя дадзеныя. Адначасова яны абвясцілі ўзнагароду ў памеры адзін мільён даляраў для таго, хто цягам наступнага года зможа цалкам прачытаць адзін са скруткаў.

Каментары4

  • Квір
    26.06.2026
    Жвір, а ты пачытай тых жа стоікаў, можа, як і мне, захочацца больш, а больш няма. А тут надзея…
    Дарэчы, пасля антычнасці, пра паводзіны людзей чалаветства амаль нічога новага пра сябе не усвядоміла.
  • Жвір
    26.06.2026
    Квір, дзьве тысячы гадоў не чыталі, і неяк жылі, а тое, што чыталі, нічым не дапамагло, ні ў сучаснасьці, ні ў той антычнасьці. Хлусілі, забівалі, рабавалі, а начытаныя ўсім працэсам кіравалі, і веды ім не заміналі.
  • Суповой пакетик
    26.06.2026
    Рукописи не горят...

Цяпер чытаюць

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна4

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна

Усе навіны →
Усе навіны

Жаночы форум з Хакамадай у Мінску перанеслі. А яе імя знікла з анонсаў7

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам54

Бяляцкі сустрэўся з Коўлам1

У Беларусі ўжо +30°С

Інжынер з Anthropic звольніўся, каб папярэдзіць, што ШІ вось-вось можа выйсці з-пад кантролю12

Абрабаваны беларус прапаў у Маскве. Ён пазваніў маці, але тая вырашыла, што гэта махляр, і кінула слухаўку2

Самы дарагі дом у жніўні прадалі за 600 тысяч даляраў

На чацвер абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі праз змену умоваў надвор'я1

У Беластоку адкрылі беларускую кнігарню Kamunikat.shop. Як прайшло адкрыццё і што абмяркоўвалі?15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна4

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць