«Аўтарытарызм для Беларусі быў наканаваны, а Лукашэнка — не». У Варшаве палітыкі і гісторыкі ўспаміналі 1990‑я
27 ліпеня ў Музеі Вольнай Беларусі адбылася сустрэча з філолагам і перакладчыкам, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XII склікання Лявонам Баршчэўскім. Да дыскусіі далучыліся доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Шадурскі і старшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай, былы народны дэпутат СССР (1989—1991) і дэпутат ВС Рэспублікі Беларусь XIII склікання Аляксандр Дабравольскі. Тэлеканал «Белсат» падзяліўся цікавымі момантамі размовы.

З якога года трэба весці адлік беларускай незалежнасці — з 1990‑га (прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце) ці з 1991‑га (наданне Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закона)? З такім пытаннем звяртаецца да Лявона Баршчэўскага ў пачатку размовы вядоўца дыскусіі, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.
«Я прыхільнік таго, каб адлік незалежнасці весці з 1918 года»
«Я адразу хачу сказаць, што я прыхільнік таго, каб адлік нашай незалежнасці весці з 1918 года, таму што менавіта тады было прынятае першае сапраўды самастойнае рашэнне», — кажа Лявон Баршчэўскі.
На думку былога «дэпутата Незалежнасці», падзеі 1918‑га і 1990‑га немагчыма нават параўноўваць, таму што ўстаўныя граматы БНР у 1918 годзе былі прынятыя самастойна — беларусамі ў Беларусі, а рашэнне аб прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у 1990 годзе прымалася «пад уплывам і з дазволу Масквы».
Баршчэўскі расказвае, што Вярхоўны Савет XII склікання меў «даволі спецыфічны склад», у якім нават Аляксандр Лукашэнка выглядаў апазіцыйным дэпутатам. Дэмакратычная плынь у ім складала меншасць, хоць і салідную (каля 30 %).

«Але пытанне незалежнасці, на жаль, для большасці з гэтай плыні было яшчэ чымсьці неймаверным. Я і сам у 1989 годзе яшчэ не верыў, што ўдасца хоць што-небудзь у гэтым кірунку зрабіць. Таму што — як? Як можна было гэта зрабіць з той жалезабетоннай уладай і партыяй, якая мела ў нас найбольшы працэнт прадстаўнікоў сярод насельніцтва ў параўнанні з іншымі рэспублікамі. І была вельмі кансерватыўная. Гэта, натуральна, ускладняла перспектывы», — тлумачыў Лявон Баршчэўскі.
«Але потым пачаліся вялікія гульні наверсе, — працягвае былы дэпутат. — І тут, хутчэй за ўсё, сам Міхаіл Гарбачоў… Яму давялі ягоныя хітрыя юрысты, што калі мы новы Саюз хочам стварыць, трэба, каб усе абвясцілі пра свой суверэнітэт. Можа, гэтага б і не было, каб некалькі рэспублік яго ўжо не абвясцілі — Літва, Латвія, Грузія, Арменія.
І ясна было, што проста так перааформіць гэты Саюз не атрымаецца. Ну, добра, вы абвясцілі гэты суверэнітэт, — а мы дазволім іншым абвясціць. Усё адно жалезнага гэтага ланцуга павінны трымацца. Яно так і выйшла…»
Выступоўца ўспамінае, як Мікалай Дземянцей (на той момант — старшыня ВС БССР) «чарговы раз паехаў у Маскву», а па вяртанні адтуль заявіў: «Ведаеце, нам трэба прыняць дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце…»
Лявон Баршчэўскі нагадвае, што праект Дэкларацыі аб Незалежнасці быў прыняты Соймам БНФ яшчэ ў траўні 1990 года (апублікаваны 1 ліпеня).

«Што гэта вы за нацыя такая, што ў вас аднаго Дня незалежнасці няма?»
Лявон Баршчэўскі не расказвае ў падрабязнасцях, як адбывалася пасяджэнне Вярхоўнага Савета 27 ліпеня, адсылаючы слухача да кнігі Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэння, альбо фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)». Навумчыку ў 1996 годзе ўдалося вывезці стэнаграмы той гістарычнай сесіі за мяжу.
«Я там, у прынцыпе, з усім згодзен, што ён напісаў», — зазначыў Лявон Баршчэўскі.
Але ён падкрэслівае, што, па сутнасці, гэта была ўсяго толькі «дэкларацыя аб намерах», бо ажыццявіць прынятую дэкларацыю не ўдавалася фактычна цягам года, аж да 25 жніўня 1991-га, «калі пасля паразы путчу ў Маскве камуністычную партыю ўдалося адсунуць ад рычагоў улады», а Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закона. Гэта яшчэ адна дата нашай незалежнасці.
«А дата, калі рэальна мы сталі незалежнымі, і пра гэта мала хто гаворыць, — гэта 10 снежня 1991 года, калі быў дэнансаваны Саюзны дагавор 1922 года. Яна супадае, дарэчы, з Днём правоў чалавека.
Вось тады дэ-юрэ нас пачалі прызнаваць іншыя краіны як незалежную дзяржаву. І гэта дата, калі быў зацверджаны наш суверэнітэт», — падсумоўвае Лявон Баршчэўскі.
«Некаторыя казалі: што гэта вы за нацыя такая, што ў вас аднаго Дня незалежнасці няма? Ну, мы такія беларусы, мы так паціхенечку… Можа, пяты дзень ужо акажацца канчатковай перамогай…» — пасміхаецца былы дэпутат Вярхоўнага Савета.
Ці быў Беларусі наканаваны аўтарытарызм?
«У 1990—1991 гадах здавалася, што Беларусь крочыць шляхам дэмакратыі і стане вольнай еўрапейскай дзяржавай, але праз некалькі гадоў усе гэтыя мары скончыліся катастрофай — усталёўваецца аўтарытарны рэжым. Пытанне: ці сапраўды гэта было гістарычнай развілкай? Ці была ў нас магчымасць усё ж такі пайсці іншым шляхам? Ці быў у Беларусі такі гістарычны шанец?» — пытаецца Аляксей Ластоўскі ў гісторыка і аўтара кнігі «Нараджэнне беларускага Левіяфана. Беларусь ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990—1996)» Віктара Шадурскага, які бярэ ўдзел у дыскусіі праз відэасувязь.
«Адразу скажу, што гісторыя не мае ўмоўнага ладу, таму тое, што адбылося, — адбылося аб’ектыўна і заканамерна. Але калі адказваць на пытанне, наколькі Беларусі было наканавана стаць аўтарытарнай дзяржавай у сярэдзіне 1990-х, то тут мой адказ мае два ўзроўні. І на першым узроўні — так: усталяванне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі было заканамерным этапам гісторыі…», — адказвае Віктар Шадурскі.
Гісторык вылучае чатыры фактары гэтай наканаванасці аўтарытарызму: запыт грамадства на «моцную руку», негатовасць элітаў (бюракратыі) да пераменаў, разʼяднанасць апазіцыі (нацыянальныя дэмакраты і лібералы) і неспрыяльная раскладка знешніх сілаў (стаўленне да Беларусі з боку Еўропы і Расіі).

Але на другім узроўні пытанне, ці быў «прыход да ўлады шклоўскага дэпутата» непазбежны, мае адказ «не», зазначае Віктар Шадурскі. Паводле яго, Лукашэнка дарваўся да ўлады ў выніку чатырох памылак («непрадуманых дзеянняў»). Шадурскі пералічвае. Першая: абранне Лукашэнкі ў камісію па барацьбе з карупцыяй (1993). Другая: змяншэнне ўзроставага цэнзу для кандыдата ў прэзідэнты да 35 гадоў (1994). Трэцяя: падтрымка Лукашэнкі «маладымі ваўкамі».
«А чацвёртая памылка — тое, што дэмакратычныя сілы яго не разгледзелі. Яны лічылі галоўным сваім апанентам партыю ўлады. У сваю чаргу, партыя ўлады лічыла галоўным сваім апанентам дэмакратычныя сілы. Вось так папулізм гэты і прарваўся», — тлумачыў Віктар Шадурскі.

Чаму не прайшоў імпічмент
Да дыскусіі далучаецца былы народны дэпутат СССР і ВС РБ Аляксандр Дабравольскі, які расказвае пра баталіі па беларускім пытанні, якія адбываліся ў 1990—1991 гадах у Маскве. Але слухачоў цікавіць Беларусь у 1996-м, калі была спыненая працэдура імпічменту Лукашэнку.
«Ці быў усё ж такі шанец змяніць уладу ў Беларусі ў лістападзе 1996 года?» — пытанне задае беларускі гісторык Аляксандр Смалянчук.
«Мы сабралі 72 подпісы, трэба было 70. Мы падалі ў Канстытуцыйны суд і, на жаль, не атрымалася. Па-першае, яны зламалі Канстытуцыйны суд, некаторых дэпутатаў пачалі апрацоўваць, пагражаць, жыццямі дзяцей пагражалі, звальнялі бацькоў, спойвалі ў гатэлях і гэтак далей. Не атрымалася. Ці магло атрымацца? Верагоднасць была нізкая. Мы гэта разумелі. Таму што народ яшчэ любіў Лукашэнку. Уявіце сабе, ты размаўляеш з простым чалавекам, і, напрыклад, гэтая бабулька кажа табе: «Гэта ж наш Лукашэначка…».

«Нашая спроба была, яна мела сэнс, але, на жаль, сітуацыя ў краіне была яшчэ такая, што мы мелі вельмі мала шанцаў», — падсумуе крыху пазней Аляксандр Дабравольскі.
З такой ацэнкай згаджаюцца ўсе ўдзельнікі сустрэчы.
«Але я думаю, што не трэба заканчваць на сумнай ноце, — кажа пад канец дыскусіі Аляксей Ластоўскі. — Мне падаецца, самае важнае, — што Беларусь атрымала незалежнасць: існуе Рэспубліка Беларусь.
Незалежнасць стала каштоўнасцю для ўсіх беларусаў, пра гэта сведчаць даследаванні. І нават калі мы гаворым пра Лукашэнку, то і ён не бачыць іншага варыянта, як толькі быць кіраўніком Рэспублікі Беларусь. Вырасла пакаленне, якое ўжо не бачыць нейкіх Савецкіх Саюзаў і не марыць пра іх. І гэта — неабвержны ход гісторыі. Беларусь, я думаю, ужо не знікне з мапы».
«І 2020 год — таму пацверджанне», — заключае Віктар Шадурскі.
36 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце
Таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. А што кажуць пра Сямёна Шарэцкага яго мемуары?
Пётра Садоўскі — чалавек, які спазнаў «гістарычнае шчасце»
У Расіі памёр праваслаўны манах, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання
Пазняк расказаў, як яго не пусцілі ў Вярхоўны Савет у 1995-м. Кажа, Мацкевіч там увогуле ніякім чынам
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары
а гэта той самы, які пытаўся маленечкую анчоўса - як, вы не ведаеце, хто такі Я? ☝