Грамадства33

У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава пра выбары 2001 года

5 верасня ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная прэзідэнцкім выбарам у Беларусі 2001 года. Тая электаральная кампанія мелася стаць другімі дэмакратычнымі выбарамі ў нашай краіне, а стала першымі недэмакратычнымі. Выстава так і называецца — «Першыя недэмакратычныя». Матэрыялы для экспазіцыі перадаў у музей польскі палітолаг і праваабаронца Павел Казанецкі, расказвае «Белсат».

Часовая экспазіцыя «Першыя недэмакратычныя». Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота тут і далей: Рауль Дзюк / Белсат

Дэмакратычныя сілы выбралі ў 2001‑м адзінага кандыдата — Уладзіміра Ганчарыка, хоць многія ставілі на Сямёна Домаша. 9 верасня адбылася першая беларуская — і няўдалая — плошча (з захопам Палацу прафсаюзаў). Вынік: Лукашэнка — 75,65%, Ганчарык — 15,65%. Ні ЗША, ні ЕС вынікаў не прызналі.

Гэтыя выбары былі таксама першай кампаніяй, падчас якой вельмі ярка праявіла сябе вулічная агітацыя, а таксама дзейнасць груп незалежных назіральнікаў і моладзевых палітычных ініцыятыў — «Зубр» ды іншых.

На выставе можна пабачыць, напрыклад, інфармацыйны стыкер з мапай Еўропы з лічбамі сярэдніх заробкаў (Беларусь — $65, Польшча — $400, Нямеччына — $2500), брашуру «Інструкцыя для назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях», выбарчую ўлётку Уладзіміра Ганчарыка (па-расейску) — 7 пунктаў праграмы («Моцная дзяржава — заможныя грамадзяне» і г. д.), нават запальнічку з абгрызенай рыбінай: «У яе не было голасу. А ў цябе?..»

Адзін з экспанатаў часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя» і сустрэча з удзельнікамі падзеяў 2001 года ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Экспанаты часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя»

Уладальнік калекцыі Павел Казанецкі расказаў «Белсату», што збіраў экспанаты 10 гадоў, калі быў у Беларусі і меў кантакты з вельмі рознымі асяродкамі. «Чым была важная і цікавая кампанія 2001 года? Тым, што гэта была першая кампанія, у якой апазіцыя мела магчымасць выкарыстоўваць сучасныя выбарчыя тэхналогіі, дзе, з аднаго боку, была думка пра пазітыўны меседж да грамадства, з другога — пра меседж адмоўны, які паказваў праблемы Лукашэнкі».

Адзін з экспанатаў часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя» і сустрэча з удзельнікамі падзеяў 2001 года ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

На адкрыцці экспазіцыі выступілі таксама палітык Аляксандр Дабравольскі, які ў 2001 годзе быў намеснікам кіраўніка выбарчага штабу адзінага кандыдата, Уладзімір Кобец — адзін з заснавальнікаў і каардынатараў руху «Зубр», журналісты Аляксандр Атрошчанкаў (у 2001 — прэс-сакратар «Зубра») і Фёдар Паўлючэнка (былы дырэктар выдання «Хартыя’97»), палітык Вячаслаў Сіўчык.

Адкрыццё часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя» і сустрэча з удзельнікамі падзеяў 2001 года ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Аляксандр Дабравольскі зазначыў, што ў кампаніі 2001 года, калі параўноўваць з іншымі выбарамі, дэмакратычныя сілы мелі найбольшую падтрымку (аж да 2020 года). Паводле сацыялагічных даследаванняў, Лукашэнка не набраў і 10%, а паводле падлікаў амерыканскага паліттэхнолага Трыгвэ Олсана, мусіў адбыцца другі тур выбараў.

Адзін з экспанатаў часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя» і сустрэча з удзельнікамі падзеяў 2001 года ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Журналіст Аляксандр Атрошчанкаў распавядаў на адкрыцці выставы, як, ён быў прэс-сакратаром «Зубра» і распаўсюджваў напярэдадні выбараў спецвыпуск газеты «Свабода» з артыкулам псіхіятра Дзмітрыя Шчыгельскага пра хваробу Аляксандра Лукашэнкі (Шчыгельскі сцвярджаў, што ў палітыка мазаічная псіхапатыя).

Журналіст Фёдар Паўлючэнка, разважаючы пра тое, чаму перад выбарамі беларускае грамадства не было шакаванае кампраматам пра палітычныя забойствы і «эскадрон смерці», заўважыў што менавіта тады «чыноўнікі і шмат хто са свядомых беларусаў вызначыліся, што рабіць далей».

«Гэтыя рашэнні, якія яны прынялі ў той час, паўплывалі і на падзеі ў Беларусі 2020 года. Для тых, хто тады зразумеў усё, 2020 год не быў дзіўным адкрыццём. Мне здаецца, асноўны выбар, які зрабілі тады і эліты, і беларусы, уплывае насамрэч на ўсіх нас і цяпер. І тая кампанія была вызначальнай», — прыходзіць да высноў Фёдар Паўлючэнка.

Выстава «Першыя недэмакратычныя» ладзіцца ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі пры падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы. З экспазіцыяй можна азнаёміцца да 11 верасня.

Каментары3

  • Помнім усё
    06.09.2026
    Адзінага кандыдата Уладзіміра Ганчарыка прасоўвалі ў 2001 годзе тыя, хто зараз з'яўляюцца касцяком офіса Ціханоўскай: Аляксандр Дабравольскі, які ў 2001 годзе быў намеснікам кіраўніка выбарчага штабу адзінага кандыдата Ганчарыка, Вячорка (старэйшы, а ў офісе - малодшы), Анатоль Лябедзька.
    Тут яны распавядаюць самі https://www.svaboda.org/a/24866422.html
  • Біяграфія
    06.09.2026
    Уладзімер Іванавіч Ганчарык (нар. 29 красавіка 1940, Аўгустова, Менская вобласьць, БССР ) — адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

    Партыя:
    Камуністычная партыя Беларусі,
    Камуністычная партыя Савецкага Саюзу
    Адукацыя:
    Акадэмія грамадзкіх навук пры ЦК КПСС,
    Інстытут народнай гаспадаркі (1961).

    По образованию - экономист, по основной профессии - чиновник. В 1965 году перешел на партийную работу, занимал ряд руководящих постов. Перестройку встретил на должности второго секретаря Могилевского обкома КПБ.
    С 1986 года - профсоюзный лидер. Названия, правда, менялись -- председатель Белорусского республиканского совета профсоюзов, председатель Федерации профсоюзов белорусских.
    1961 - 1965 гг. - экономист, зам. и. о. гл. бухгалтера совхоза "10 лет БССР" Любанского р-на. Минской области.
    1965 - 1970 гг. - первый секретарь Любанского райкома ЛКСМБ.
    1970 - 1976 гг. - инструктор Минского обкома КПБ, 2-й секретарь Дзержинского райкома КПБ.
    Связи:
    Обусловлены богатым номенклатурным прошлым.
    Был выдвинут единым кандидатом в президенты от демократических сил.

    Аляксандр Дабравольскі быў намеснікам кіраўніка яго выбарчага штабу ў 2001 г.

    После выборов уехал в Москву, вернувшись в Беларусь лишь в 2004 году.
  • Помнім усё
    06.09.2026
    Віталь Цыганкоў: "Во внешней политике Владимир Гончарик намерен "искать друзей, а не врагов". Претендент гарантирует "быстрое преодоление международной изоляции Белоруссии, укрепление политических и экономических партнерских отношений с Россией, вступление Белоруссии в общеевропейские структуры".
    https://www.svoboda.org/a/24223146.html

Цяпер чытаюць

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»5

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах13

Ва Уздзенскім раёне на гіганцкай патэльні за раз прыгатавалі 150 кілаграмаў смажанай бульбы ФОТЫ7

У Мядзеле мужчына паставіў на паркоўку замест машыны табурэтку4

Прэзідэнт Сербіі Вучыч замест поўнай адстаўкі збіраецца перасесці ў крэсла прэм'ера2

Канцэрн Volkswagen скароціць 50 тысяч працоўных месцаў6

У Гродне сёлета набралі два беларускамоўныя класы для 16‑ці дзяцей17

У Касцюковічах адкрылі скульптуру «Алесь і Алеся» ФОТАФАКТ9

З'езд Саюза палякаў у Беларусі адклалі. Але Пачобут усё адно паедзе ў Гродна19

У Грэцыі падчас авіяшоу разбіўся і загарэўся самалёт-знішчальнік

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»5

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць