У «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» кіно загаварыла той мовай, якой гавораць рэальныя, а не кніжныя беларусы
Я ехаў на «Лебядзіную песню» з вялікай надзеяй, піша Мікола Бугай. Надзеяй, што пабачу на экране тое пакаленне, якое сыграе і «Сотнікава» нашага часу (ці можа быць, «Пратасевіча»?). А што ж я пабачыў?

Я ехаў на паказ «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» і думаў не толькі пра гэты фільм, думаў далёка: а які ж першы фільм на выгнанні зніме Андрэй Кудзіненка? Перажыты людзьмі дзікі ціск і страшны сквар небяспекі не можа не спарадзіць алмазаў рэфлексіі, як вялізны ціск і тэмпературы нарадзілі дыяменты ў нетрах зямлі. Толькі хто здатны аграніць тыя алмазы, зрабіць з іх брыльянты?
Я думаў пра класіку. Ларыса Шапіцька ў свой час зняла «Узыходжанне». Я хацеў бы пабачыць «Сотнікава» гэтага пакалення — «Сотнікава», дзеянне якога адбываецца на Акрэсціна, у Амерыканцы. А можа і не «Сотнікава», а «Рыбака», «Пратасевіча». Я хацеў бы дачакаць таго дня, калі пачую з экрана: «Мёртвым не баліць. Баліць жывым».
Мне хочацца пабачыць новую хвалю беларускага кіно. Вось чаму я ехаў на фільм «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» з трымценнем у душы — вось яго трэйлер:
Гэты фільм спачатку падаецца спецыфічнай камедыяй, але выяўляецца трагедыяй. Ён у вышэйшай ступені неадназначны. У ім кожны ўбачыць сваё. Узгадалася песня Вольскага.
Для панславіста краіна — адна.
Для сатаніста краіна — труна.
Для гітарыста краіна — струна…
Для мяне гэты фільм — пра тое, які цяжкі гнёт безнадзейнасці. Філіпінцы, літоўцы ці менскія дзесяцікласнікі там, думае, пабачаць зусім іншае. А што значыць гэта? А што значыць тое? — сябе пытаеш пасля фільма.
Тры моманты, якія хочацца прагаварыць.
Па-першае, аўтар сцэнара і рэжысёр не баяцца гаварыць з экрана той мовай, якую гавораць рэальныя беларусы. Адны — па-беларуску, другія — па-расейску, трэція — «ідзі ў жопу» (і ў актрысы Віялеты Рагачовай менавіта гэта натуральна атрымліваецца сказаць), чацвёртыя, пачуўшы навіну, што Пуцін у навагоднім звароце плануе абвясціць вайну Амерыцы: «Ну ён е*ануты, даўба*». Я не магу сказаць, што гэта ўпершыню: я не такі нагледжаны сучасным кіно, няшмат глядзеў. Але я ў беларускім фільме такое пачуў упершыню. Пераадолены важны бар’ер рэалізму.

Па-другое, гэты фільм смелы, бо не баіцца гаварыць пра сённяшнюю рэальнасць, якую мы самі яшчэ не разумеем да канца, якая ўзнікла ў 2020—2022. Вайна ідзе побач, дымы яе далятаюць да нас, труны прывозяць, бензін разліты і агонь па ім можа ўміг перабегчы да нашых дамоў.
І па-трэцяе, мы пабачылі на экране людзей 2010-х. На маю думку, гэта яшчэ не 2020-я, яшчэ не мы сённяшнія, гэта мы ўчорашнія, убачаныя ў сённяшнім кашмарным сне, але гэта ўжо не персанажы далёкага мінулага, гэта героі нашага часу.
Ці гэтыя хлопцы і дзяўчаты змогуць сыграць Сотнікава, Рыбака, Паўлінку нашага часу, залежыць ад таго, ці вырастуць з нашага народу нашы Джафары Панахі. Гэты фільм — у добрым кірунку.

Лявон Вольскі ў той сваёй глыбокай песні для фільма «Жыве Беларусь» (правал быў з камерцыйнага пункту гледжання, але спроба залічваецца) скрушна спяваў: «Але для большасці краіны няма». Наша адрозненне, што пасля драмы 2020—2022‑га — і дзякуючы ёй — цяпер для большасці краіна ёсць. У «Лебядзінай песні…» гэта адчуваецца. Гэта фільм беларускі, хоць і здымаўся ў Варшаве. Вось цікава: Варшава робіцца ўмоўнасцю, фонам, а беларускасць застаецца існасцю.
Што мне ў фільме падалося адназначна няўдалым, гэта такі паказ наркотыкаў. Гэтае зло нельга паказваць двухсэнсоўна.
Каланіяльны перажытак — напісанне Fedor Ozerov. Адназначна трэба Fiodar Ozierau.
Паглядзіце гэты фільм — яго то тут то там у Еўропе паказваюць. Уражанне ў вас будзе спрэчнае, але ўражанне будзе.
Каментары