Білецкі пацвердзіў украінскі наступ пад Ліманам і расказаў некалькі дэталяў
«Наша аперацыя называецца «Вівальдзі». А ў Вівальдзі, як вядома, чатыры сезоны. І гэта — толькі першы з іх».

Камандуючы Трэцім армейскім корпусам УСУ Андрэй Білецкі пацвердзіў украінскі наступ пад Ліманам.
Наступальная аперацыя мае назву «Вівальдзі». У цяперашні час паведамляецца, што Трэці корпус зачысціў ад інфільтрацыі Навасёлаўку, Аляксандраўку, Яравую, ваколіцы Каровага Яра і вызваліў Сярэдняе. Генерал Білецкі ў сацсетках падкрэсліў, што ў Вівальдзі — чатыры сезоны, заклікаў да інфармацыйнага маўчання і паабяцаў добрыя навіны ў афіцыйных паведамленнях, піша «Украінская праўда».
«Пацвярджаем інфармацыю аб наступленні ўкраінскай арміі на поўначы Данецкай вобласці. У рэжыме інфармацыйнага зацішша падраздзяленні ліквідавалі асяродкі інфільтрацыі праціўніка і зачысцілі 75 км². Яшчэ 10 км² — дэакупавана. Нанесены знішчальны ўдар па баяздольнасці 20‑й і 25‑й армій РФ. Страты праціўніка на дадзеным этапе: каля 1500 салдат, больш за 12 тысяч беспілотнікаў і сотні адзінак бранятэхнікі, артылерыйскіх сістэм, аўтамабільнай тэхнікі.
Адначасова падраздзяленні беспілотных сістэм перарэзалі лагістычныя маршруты праціўніка. У выніку ўдараў корпуса расійскія войскі перанеслі пастаўкі гаруча-змазачных матэрыялаў за межы Украіны — у Варонежскую вобласць: быў згорнуты трубаправод і вынесены склады», — паведаміў Білецкі.
«У адкрытых крыніцах зараз шмат інфармацыі пра тое, што канчатковая мэта нашых наступальных дзеянняў — выйсці да берагоў ракі Чорны Жарабец. Але наша аперацыя называецца «Вівальдзі». А ў Вівальдзі, як вядома, чатыры сезоны. І гэта — толькі першы з іх.Таму сачыце за нашымі афіцыйнымі паведамленнямі і не спяшайцеся са спойлерамі. Добрыя навіны будуць», — дадаў ён.
26 жніўня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія пазіцыі ў Данецкай вобласці будуць узмоцнены двума абноўленымі групоўкамі войскаў, якія ўзначаляць Дзяніс Пракапенка і Андрэй Білецкі.
Каментары