«Стала немагчыма дыхаць». Беларуса ў Польшчы збіла машына, але штраф выпісалі і яму
Ягора, аднаго са стваральнікаў парфумернага брэнда Nefes Noir, падчас развозу заказаў на ровары па Беластоку збіла машына. Хлопец ударыў галаву і атрымаў шматлікія надломы рэбраў, яго ровар пашкоджаны. Праўда, штраф за здарэнне атрымаў не толькі кіроўца аўто, але і пацярпелы.

Ягор распавёў у сацсетках, што ехаў па шырокім тратуары, які прызначаны і для пешаходаў, і для раварыстаў.
«Чэл на «мерсэдэсе» выязджаў з паркоўкі. Я пабачыў яго і прытармазіў. Ён — таксама: маўляў, «прапускаю». Але калі я паехаў і ўжо апынуўся роўна пасярэдзіне дарогі, ён газануў і збіў мяне разам з велікам. Пасля гэтага не спыніўся, а проста зваліў».
Хлопец паспеў запісаць нумар машыны і адразу выклікаў паліцыю. Яму дапамагалі і сведкі.
«Недзе праз дзевяць хвілін да мяне падышлі два дзіўныя мужчыны і пачалі пытаць, ці ўсё ў мяне акей. Аказалася, адзін з іх быў кіроўцам, другі — пасажырам. Яны прасілі ўрэгуляваць пытанне без паліцыі, але я адмовіўся».
Па прыездзе паліцыя аформіла штрафы абодвум удзельнікам аварыі: кіроўца мусіў заплаціць 1100 злотых (каля $290), а Ягор — 100 (каля $26). Дадаткова кіроўца атрымаў 10 штрафных балаў [крытычная мяжа для пазбаўлення правоў у Польшчы складае ад 24 балаў].
Апісваючы здарэнне, кіроўца сцвярджаў, што нібыта не ўбачыў Ягора, бо глядзеў направа.
«Я атрымаў штраф за тое, што не злез з веліка ў момант праезду праз выезд з паркоўкі. Але там было нуль абазначэнняў!», — абураны Ягор.

«І гэта даволі небяспечнае месца — выезд з паркоўкі знаходзіцца побач з галоўнай дарогай з інтэнсіўным рухам. І там увесь час ходзяць людзі, ездзяць дзеці і раварысты, таму вельмі важна, каб такія сітуацыі не заставаліся без увагі».
Што найбольш драматычна, справа скончылася для прадпрымальніка часовай стратай дзеяздольнасці — яму зараз складана хадзіць.
«Спачатку я не выклікаў хуткую дапамогу, бо зусім не адчуваў болю. Але праз гадзіну стала немагчыма дыхаць, мяне пачало ванітаваць — тады мы паехалі ў бальніцу, дзе я праляжаў да раніцы. Пасля КТ высветлілася, што ў мяне з абодвух бакоў надламаныя рэбры. Ёсць падазрэнне на страсенне галаўнога мозга».
Беларус лічыць пакаранне для сябе несправядлівым, таму просіць любой дапамогі ў плане юрыдычных кансультацый.
Дадаткова стваральнікі Nefes Noir папярэджваюць, што ў сувязі са здарэннем у іх магчымыя невялікія затрымкі ў адпраўцы заказаў.

Каментары