11‑гадовая брытанка стала самым маладым шахматным гросмайстарам у гісторыі
Прадстаўніца Вялікабрытаніі Бадхана Сіванандан стала самай маладой шахмацісткай у гісторыі, якая атрымала званне жаночага гросмайстра (Woman Grandmaster). Неабходную норму яна выканала падчас Сусветнай шахматнай алімпіяды ва ўзбекскім Самаркандзе.

Выступаючы за зборную Англіі на першай дошцы, Сіванандан набрала 8 ачкоў у 11 партыях.
Дагэтуль узроставы рэкорд належаў Кацярыне Лагно, якая раней прадстаўляла Украіну, а з 2014 года выступае за Расію. Званне жаночага гросмайстра яна атрымала ў 2002 годзе ва ўзросце 12 гадоў і 4 месяцаў.
Сярод мужчын самым маладым шахматыстам у гісторыі, які атрымаў звычайнае званне гросмайстра, з'яўляецца амерыканец Абхіманью Мішра. Ён атрымаў гэты тытул у 2021 годзе таксама ва ўзросце 12 гадоў і 4 месяцаў.
Woman Grandmaster — жаночае званне Міжнароднай шахматнай федэрацыі FIDE. Патрабаванні для яго атрымання ніжэйшыя, чым для звання міжнароднага гросмайстра.
Сіванандан пачала займацца шахматамі падчас пандэміі COVID-19. Шахматную дошку яна знайшла ў пакеце з непатрэбнымі рэчамі, які знаёмы сям'і пакінуў у іх доме ў Хароў на поўначы Лондана. Бацька навучыў дзяўчыну асноўным правілам гульні, але неўзабаве яна ўжо пачала перамагаць яго. Далей свае навыкі Сіванандан удасканальвала з дапамогай навучальных відэа на YouTube.
Акрамя шахмат, яна грае на скрыпцы і фартэпіяна.
Раней Сіванандан стала самай маладой чэмпіёнкай Вялікабрытаніі па шахматах сярод жанчын. Яна пабіла рэкорд Элейн Прытчард, якая ў 1939 годзе выйграла нацыянальны чэмпіянат ва ўзросце 13 гадоў.
Прэзідэнтам FIDE стаў былы расіянін з казахстанскім пашпартам. Ён знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі
Гросмайстар Дзяніс Лазавік: «Беларуская мова вымірае. Я на ёй зусім не размаўляю, ды і з кім?»
19‑гадовы беларус на галоўным кіберспартыўным шахматным турніры свету зарабіў ужо як мінімум $190 тысяч
Каментары