Бацьку і сына Кабарчукоў, асуджаных у Беларусі за «тэрарызм», збіраюцца судзіць і ва Украіне
Украінскія праваахоўнікі абвясцілі ў вышук бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў, якіх у Беларусі асудзілі да 20 гадоў зняволення кожнага за нібыта тэрарызм. Ва Украіне іх падазраюць у незаконнай вытворчасці і кантрабандзе наркотыкаў. Суд дазволіў затрымаць мужчын пасля таго, як іх не знайшлі па месцы жыхарства, каб прымусова даставіць на судовае пасяджэнне, піша «Радыё Свабода».

У Беларусі Сяргея і Паўла Кабарчукоў затрымалі 15 лютага 2024 года ў Лельчыцкім раёне падчас так званай контртэрарыстычнай аперацыі. Тады КДБ заявіў пра затрыманне «тэрарыстаў», а дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэа, на якім Павел выглядаў збітым. У следчы ізалятар КДБ мужчын даставілі на верталёце.
Пазней украінцаў асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса як нібыта «дыверсантаў СБУ». Іх зняволенне павінна скончыцца ў 2043 годзе. У 63‑гадовага Сяргея Кабарчука ў следчым ізалятары выявілі анкалагічнае захворванне. Ён адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, а ягоны сын Павел — у магілёўскай турме № 4.
Паводле крыніцы «Радыё Свабода», бацька і сын незаконна перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу, спрабуючы ўцячы ад крымінальнага пераследу ва Украіне. Паводле артыкулаў, якія ім інкрымінуюць, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Крымінальную справу супраць Кабарчукоў завялі 27 снежня 2022 года, а яе разгляд прызначылі на 21 лютага 2024-га. Паколькі мужчыны не з'явіліся ў суд, было прынята рашэнне аб іх прымусовым прыводзе, аднак судовыя выканаўцы не знайшлі іх па месцы жыхарства.
Пазней жонка і маці Сяргея і Паўла пазнала іх на відэазапісе КДБ, які распаўсюдзілі, у тым ліку, у тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн». На падставе яе заявы 17 лютага мужчын прызналі зніклымі. Да таго часу яны ўжо два дні знаходзіліся ў следчым ізалятары КДБ Беларусі. Праваабаронцы прызналі Кабарчукоў палітычнымі зняволенымі.
Ва Украіне бацьку і сына затрымалі 27 снежня 2022 года ў лясным масіве каля вёскі Селязоўка Корасценскага раёна Жытомірскай вобласці, непадалёк ад беларускай мяжы. Памежнікі выявілі іх разам з іншымі людзьмі каля аўтамабіля. У машыне знаходзіліся дзве сумкі і заплечнік з 68 пакункамі рэчыва, падобнага да наркотыкаў. Экспертыза пацвердзіла, што гэта наркатычныя рэчывы. Агульная вага ў пераліку на сухое рэчыва складала 44,6 кілаграма. Паводле матэрыялаў следства, затрыманыя спрабавалі пераправіць груз у Беларусь.
У пачатку лютага 2023 года следчыя, вывучыўшы тэлефонныя размовы, выявілі іншых падазраваных, устанавілі сувязі паміж імі і вызначылі маршруты іх перамяшчэння ў памежнай зоне.
У жніўні 2023 года суд прызнаў абгрунтаваным абвінавачанне і пачаў разглядаць справу па сутнасці. Падазраваныя прызналі віну толькі часткова, але ў якім аб'ёме — невядома. Мяркуецца, што да лістапада 2023 года Кабарчукі знаходзіліся пад вартай, пасля чаго іх вызвалілі пад фінансавы заклад. Урэшце бацька і сын уцяклі.
Кабарчукі жывуць у мястэчку Старая Выжаўка Ковельскага раёна Валынскай вобласці. У ліпені 2026 года ўкраінскі суд дазволіў затрымаць іх для прымусовага прыводу на пасяджэнне, дзе павінны паўторна разгледзець пытанне аб узяцці мужчын пад варту.
Каментары