Улада1818

Масавы фэст наперакор масавым затрыманьням

Улады заблякавалі Крапівенскае поле і затрымалі каля ста чалавек, якія кіраваліся на фэст. Аднак яшчэ каля дзьвюх соцень нацыянальных актывістаў здолелі ўнікнуць затрыманьняў і сабрацца ў навакольлі вёскі Гацькаўшчына.

Карэспандэнтка радыё «Свабода» перадае зь месца падзеяў:

«Міліцыянты пільнавалі ўдзельнікаў бардаўскага фэсту яшчэ ад учорашняга ранку. Каля 20 чалавек затрымалі ў Воршы ці на выезьдзе з гораду. Ня менш як 60 чалавек трапілі ў аршанскі райаддзел міліцыі з аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Гацькаўшчына. Пад’езд да вёскі быў блякаваны міліцэйскімі машынамі, і ўсіх звозілі ў пастарунак.

Сярод затрыманых у Гацькаўшчыне былі Андрэй Шарэнда зь Берасьця, менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зьміцер Хведарук, Натальля Старасьціна і Дзяніс Садоўскі, моладзь зь іншых гарадоў.

Супрацоўнікі міліцыі, не складаючы ніякіх пратаколаў, зьмясьцілі затрыманых на некалькі гадзін у райаддзел, а потым адпусьцілі ўсіх, апрача Дзяніса Садоўскага. Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі: нібыта ў часе затрыманьня ён падрапаў руку аднаму зь міліцыянтаў. Мінулую ноч хлопец правёў у пастарунку.

Больш за 5 гадзін давялося правесьці ў Аршанскім РАУСе мастаку Алесю Пушкіну, які спрабаваў трапіць на Крапівенскае поле празь міліцэйскія кардоны. На гэтым полі ўстаноўленыя крыж у памяць аб палеглых ваярох, а таксама памятная шыльда, якую меркавалі ўрачыста адкрыць у часе сёлетняга бардаўскага фэсту. Аднак адкрыцьця не адбылося, бо з 8 верасьня на поле нікога не пускаюць міліцыянты і вайскоўцы. Яны цьвердзяць, што там праводзіцца разьмінаваньне снарадаў, якія нібыта засталіся на полі з часу вайны.

У Дубровенскі райаддзел міліцыі на некалькі гадзін трапіў і аршанскі актывіст Юрась Копцік, які займаўся нарыхтоўваньнем дроваў для вогнішча на Крапівенскім полі.

Раз масавае адзначэньне ўгодкаў бітвы пад Воршай не ўдалося, людзі пачалі гуртавацца паасобку. Адна вялікая група «аматараў беларускай бардаўскай песьні» сабралася недалёка ад вёскі Крапіўна, а другая – недалёка ад вёскі Сяглава.

Ужо ў цемры міліцыянты пачалі абшукваць тэрыторыю ўздоўж шашы Ворша-Дуброўна. Таму аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў на сваёй байдарцы па рэчцы Крапіўне даставіў да аднаго з імправізаваных вогнішчаў палітыка Паўла Севярынца.

Ураньні міліцыянты затрымалі яшчэ каля 20 чалавек на беразе рэчкі Крапіўны каля вёскі Сяглава. Каля 8-й раніцы па дарозе ў кірунку вёскі Гацькаўшчына супрацоўнікі міліцыі спынілі яшчэ чатырох удзельнікаў бардаўскага фэсту, у тым ліку барда Андрэя Мельнікава і мастака Алеся Пушкіна, які трапіў у пастарунак ужо другі раз за апошнія суткі.

Усе затрыманыя прабавілі ў міліцыі больш за 4 гадзіны. На іх не складалі пратаколаў, толькі перапісалі пашпартныя зьвесткі.

На гэты момант у Аршанскім РАУСе застаюцца Алесь Пушкін і моладзевыя актывісты зь Менску Алена Макарэвіч і Аляксей Янушэўскі. Праўдападобна, што супраць іх могуць завесьці крымінальную справу за абразу дзяржаўных сымбаляў: міліцыянты заўважылі, што нехта з затрыманых выкінуў у акно чырвона-зялёны сьцяг».

У мінулыя гады фэст адбываўся без эксцэсаў. Сёлета «ідэолягі» ўзмацняюць кантроль.

Пад Воршу на Крапівенскае поле традыцыйна 8 верасьня для канцэрту і пікніка зьяжджаюцца нацыянальныя актывісты з розных гарадоў і дзеячы інтэлігенцыі.

ЗП

Камэнтар Рэдакцыі: Камень на камень

Ніколі раней улады не змагаліся з фэстам (зь беларускай культурай — канцэртамі бардаў, мінімальными праявамі незалежнай ініцыятывы) так зацята, не было такіх масавых затрыманьняў. Аднак і нацыянальныя актывісты не былі раней такімі цьвёрдымі — мірнаю цьвёрдасьцю — у адстойваньні сваіх культурных правоў — на гісторыю, тоеснасьць, свабоду сходаў. Камень пачынае пападаць на камень. Нешта мяняецца з нашый нацыяй, нешта, над чым не маюць улады ўлады.

* * *

Аршанскае поле

Гістарычнае месца Аршанскае бітвы 1514 году — на левым беразе Дняпра пры ўпадзеньні ў яго рэчкі Крапівенкі.

Даезд: з чыгуначнага вакзала на аўтобусе ці маршрутцы № 11 да аўтавакзалу (канец маршруту). Далей — аўтобусам "Ворша – Дуброўна" да прыпынку "Гацькаўшчына". Гуртам можна наняць маршрутку з чыгуначнага вакзалу проста да Гацькаўшчыны.

Таксама аўтобусам або маршруткай можна ад'ехаць ад прывакзальнае плошчы да прыпынку “Цэнтар”, затым ад Цэнтральнай плошчы, што ля “Дому гандлю” (прыпынак за помнікам Леніну) можна сесьці на аўтобус ці маршрутку Ворша — Дуброўна” і ехаць да прыпынку “Гацькаўшчына”. Ад прыпынку “Гацькаўшчына” да месца каля 1 км.

Спадарожныя цікавосткі: па два бакі Цэнтральнае плошчы знаходзяцца музей Уладзіміра Караткевіча і Прыдняпроўскі парк з помнікам Караткевічу на месцы дому, дзе прайшло ягонае дзяцінства.

У парафіяльным касцёле Сьв.Язэпа (вул.Савецкая) экспануецца адзіная на Беларусі каляровая ксэракопія ў натуральны фармат вядомай карціны ХVI ст. “Аршанская бітва” (арыгінал у Варшаве).

Каментары18

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць33

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Усе навіны →
Усе навіны

Маркетолаг прагнозу надвор'я WindyApp прыехаў на радзіму — і яго пасадзілі на пяць гадоў за крыптаданаты Украіне19

Названы найлепшы горад для веласіпедыстаў. І гэта не Капенгаген7

Каверын: У мяне расце дачка, і я хацеў бы, каб яна жыла, хутчэй, у тым свеце, які ўяўляюць сабе ідэальным феміністкі36

Многія беларусы страцяць магчымасць ехаць на працу ў Літву. Вось што зменіцца з лістапада34

Сям'я з Мазыра збірае $2,9 мільёна, каб выратаваць сына4

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна23

Памёр Генадзь Шэпелеў11

Ва Украіне амаль скончыліся ракеты для F-16, якімі збіваюць рэактыўныя дроны

Apple прэзентавала першы складны айфон14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць33

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць