Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

Шпацыр па Горадні з Арловым

Калі Арлоў прыехаў, у Старым горадзе быў цёплы кастрычніцкі дзень, піша ў сваім блогу Сяргей Астравец.

Дальбог, яшчэ раз зьдзівіцца, упадабаць штосьці паўторна, хай нават і ў рэштках старой Горадні, бадай немагчыма. Можна толькі назіраць тое, што адбываецца на вуліцах, зважаць на зьмены: тратуары, брук, фасады. Ідзем па Савецкай, дзе некалькі месяцаў тысячы людзей прабіраюцца паміж трактараў, грузавікоў, рабочых брыгадаў, стосаў пліткі, бардзюраў, якія ўвесь час пілуюць, цераз яміны нарэшце. Здавалася б, усяго толькі мяняюць ходнікі на больш шыкоўныя…

Тыдзень назад раптам пачалі пажарнымі тэмпамі дарабляць. Самы галоўны мае прыехаць, паявіліся зьвесткі. Ахова прыбыла ў горад, казалі, пляцоўку для верталёта тры дні вартавалі. Не прыехаў: у сталіцы цікавей было, Марш быў, пагатоў Савецкую так і не закончылі .

Арлоў пытаецца: што, так і засталася Савецкай? Ведаеш, калі некалькі вуліц пераназвалі, я нават у камісіі грамадзкай быў, абмяркоўвалі гістарычныя назвы, варыянты. Але наконт яе сказалі: любую іншую можаце браць, толькі Савецкую не чапайце, гэта — сьвятое.

А дзе тут дом, дзе жыў Быкаў? Побач. Ля ранейшага польскага магістрату, дзе абласная рэдакцыя спачатку была. Значыцца Быкаў жыў каля самай працы. На другім паверсе? На другім. Мой прыяцель стары журналіст, як памёр Васіль Быкаў, хадзіў туды, дзьверы адамкнулі, ён паразмаўляў з тымі, хто там цяпер жыў. Можна зараз зрабіць здымак. Цяпер гэта вул. Вялікая Траецкая, 28. Я кажу: убачыў аднойчы Быкава з унукам на Савецкай, напярэдадні як ён ад’яжджаў калісьці у Фінляндыю. Пацікавіўся, ці ня зьявіцца ў яго наступных тэкстах Горадня? Ён адказаў, што не.

Падыходзім да замкавай брамы з гарадзенскімі сфінксамі, і ён гаворыць: ведаеш, аказваецца, я даўно тут ня быў. На сьцяне дубовая памятная шыльда: збройнаму чыну Касьцюшкі. Памятаю: яе адкрылі пры канцы верасьня, на 200‑я ўгодкі. Было вельмі незвычайна, а я нічога так і не напісаў. Апроч публікацыі ў «Свабодзе»… Абавязкова паглядзець з замкавай гары на Нёман, на Каложу.

Трапілі на Замкавую, калі побач стогадовай пажарнай вежы стаяла машына з даўгой, але складзенай стралой, у люльцы працаваў чалавек з «пескаструйкай», ачышчаў цагляную муроўку. Вежа нарэшце будзе даступнай для наведнікаў, для турыстаў, лепш позна, чым ніколі. На Замкавай на кожным доме цяпер шыльда: «ахоўваецца», нават на хрушчоўцы, на месцы якой на старых паштоўках невысокі дом. Успамінаем агульнага знаёмага, літаратара. У гэтай хрушчоўцы ён аднойчы пражыў частку зімы, прыяжджаў са сваімі кнігамі, эмігранцкімі таксама, з кампутарам, кажу я. Я яму спрэзэнтаваў некалькі эмігранцкіх, заўважае Арлоў. Так‑так, ён гаварыў мне. Дык вось: дні ішлі, а ён нічога не пісаў, ў падворку яму прабілі колы ў машыне. Нічога не атрымалася. Да яго на Замкавай пісьменьнікі не жылі, прынамсі я ня чуў.

Яшчэ Арлоў абавязкова хацеў зайсьці у Фарны касьцёл. Статуя Хрыста, які сагнуўся пад крыжам. За брамай толькі замянілі ўнутраныя вялізныя дзьверы: сьветлае дрэва, сьвежы ляк, нечаканыя шыбы, празь якія турысты могуць аглядаць абразы, калёны, статуі, калі ня хочуць уваходзіць або каб не перашкаджаць удзельнікам набажэнства.

Такога пісьменьніка як Арлоў у Горадні няма і ніколі не было, як ні дзіўна. Хаця тут ён успрымаўся б вельмі да месца, зусім натуральна. Але Арлоў пісьменьнік не гарадзенскі і Горадня яму ня вельмі патрэбная. Гэта разумеюць і мясцовыя чытачы. Я пацікавіўся ў аднаго, якога раману аб Горадні ён бы чакаў ці жадаў, каб напісаў Арлоў? І гэты маладзён адказаў: ніякага, я спадзяюся, што гэта з часам зробяць свае, гарадзенскія пісьменьнікі. Вось такі адказ. Усім вядома, што ў яго ёсьць свой старажытны горад, як, магчыма, і павінна быць у кожнага празаіка, нават калі ён не паглыбляецца ў гісторыю.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?10

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У чата GPT здарыўся масавы збой1

Расія цяпер не трымае на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых сіл — Дзяржпагранслужба Украіны4

Ціханоўская паказала, як гуляе ў падэл на корце30

Эканаміст Львоўскі назваў самую небяспечную краіну16

У Пружанах са стралянінай затрымлівалі кіроўцу без правоў1

Кацярына Андрэева апублікавала першы допіс пасля вызвалення6

Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства88

Цячэ вада ў ярок. На бяду, у Лагойску тая вада — каналізацыя

«Прагрэсіўная Балгарыя» ўчыстую перамагла на выбарах. Генерал Радзеў супакойвае: Працягнем еўрапейскі шлях, але крытычна8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?10

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць