«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху»: выйшла другая частка фільма «Волат. Жыццё на нулі»
У другую частку фільма «Волат. Жыццё на нулі» ўвайшлі дакументальныя кадры трэцяга дня аперацыі па вызваленні сяла Калініндорф на стыку Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Гэта дакладны і бязлітасны запіс франтавой рэальнасці.

Працяг дакументальнага фільма пра Паўла «Волата» Суслава — гэта не проста сведчанне вайны. Гэта размова пра адказнасць, палітыку, чалавечнасць. І тое, праз што праходзяць беларускія добраахвотнікі.
Ранак трэцяга дня пачынаецца з таго, што Волат зноў выводзіць групу ў разведку, а аўтар фільма застаецца на пазіцыях. Там ён выпадкова сустракае Івана «Брэста» Марчука — аднаго з самых вядомых беларускіх байцоў, які стаў тварам беларускага руху добраахвотнікаў ва Украіне. Той адразу ж заводзіць сур’ёзную размову з аўтарам адносна якасці таго матэрыялу, які размяшчаецца ў інтэрнэце.
«Трэба паказваць свой нармальны, гуманны твар новай Беларусі. Толькі тады ў Беларусі нешта можна будзе змяніць. Інакш самых ініцыятыўных папросту паперастрэльваюць там, а астатнія будуць танцаваць пад дудку новай улады, якая будзе. І ты нічога не зменіш».
Брэст гаворыць з роспаччу, але ўпэўнена. Ён не мае ілюзій, што вернецца дадому.
«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху. Нармальны вектар. А тое, што ствараеце вы — гэта лагер піянераў. Вы ганьбу ладзіце ў гэтай я*** сетцы. Трэба імідж ставаць нармальны. Трэба, каб людзі думалі пра нас, не проста пра нармальных людзей, а пра тых, хто сапраўды ў будучыні зможа змяніць краіну. (…) Каб батальён стаў сапраўды нейкай палітычнай сілай, разумееш? А для гэтага патрэбны нармальны імідж».
Трэція суткі «на нулі»
Аўтар фільма падрабязна паказвае, як выглядае франтавое жыццё. Дзень пачынаецца з таго, што ён варыць «нейкую барматуху» ў бляшанцы ад кансерваў. Затым — мые ногі ў калодзежнай вадзе.
«Волат заўсёды сачыў за гігіенай і чакаў гэтага ад сваіх байцоў. Ён распавядаў шмат гісторый пра тое, як байцы месяцамі маглі не мыцца, не вылазячы з бліндажоў, і з-за гэтага ў іх развіваліся розныя хваробы, а таму, зразумела, зніжалася баяздольнасць падраздзялення», — прыгадвае аўтар.

На трэці дзень праціўнік змог вылічыць пазіцыі. У небе ўвесь час вісяць расійскія беспілотнікі. Вораг абстрэльвае дакладней, чым раней. Гэта ўжо не мінамёты, а, магчыма, ствольная артылерыя або танк.
«Адчувалася, што ў параўнанні з папярэднім днём, працуюць значна бліжэй і прыцэльна па нас. Я адчуваў, як трасецца зямля, як галінкі і пясок, аскепкі падаюць недзе зусім побач», — дзеліцца аўтар.
У нейкі момант снарад трапляе ў склад з боепрыпасамі. У пажары згарэла зарадная станцыя і частка батарэі для рацыі.
Ад трагедыі выратавала выпадковасць: адзін з байцоў напярэдадні прылёту вынес частку боекамплекту ў іншае памяшканне. Але сітуацыя крытычная. Усе разумеюць: зараз яны ў полі зроку дронаў, і вораг ведае іх пазіцыі.
Сярод байцоў, што пайшлі з Волатам у разведку, ёсць паранены. Вярнуўшыся ў вёску і ацаніўшы сітуацыю, камандзір прымае рашэнне перамясціць усіх у падвал. Там ужо жыве Санько — адзіны мірны жыхар у вёсцы.
А ўвечары Волат ізноў вядзе групу ў разведку. Батарэя радыёстанцыі, якую яны бяруць з сабою, амаль разраджаная, таму ўключаць яе рашаюць толькі пры крайняй неабходнасці.
Аўтар фільма заступае на начное дзяжурства.
«Пятніца, трынаццатага. Я сказаў: «Спадзяюся, перажывём гэту ноч». Тады я яшчэ не ведаў, што наступныя дні будуць апошнімі для нашага камандзіра».
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Трэба ствараць палітычную сілу з беларускіх дабраахвотнікаў.
Пры гэтым важна разумець, што былыя ябацькі, якія раней працавалі на рэжым, будуць гэтаму актыўна перашкаджаць.
Плюс забойства людзей у баявых дзеянні - ваеннае злачынства (Жэнеўская канвенцыя ад 12 жніўня 1949 года аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны) і зразумела ўсе вайскоўцы - афіцэры і радавыя байцы (жаўнеры, ваякі, калі так больш падабацца) гэтага не робяць. Таму журналісты і не кажуць "забіваем людзей", бо гэтага няма.