«Усе мы будзем жыць горш, бядней, з адкатам на 30-40 гадоў назад». Як свет незваротна ідзе да зусім іншай рэальнасці
Пакуль свет працягвае спрачацца пра тарыфы і палітыкаў, адбываецца нешта куды больш глабальнае і небяспечнае. Сістэма эканамічнай глабалізацыі, якая забяспечвала рост, стабільнасць і дабрабыт сотням мільёнаў, развальваецца на часткі. Сярэдні клас бяднее, цэны растуць, крытычныя вытворчасці перададзены супернікам, а глабальная кааперацыя ператвараецца ў арэну геапалітычных сутыкненняў, піша ў фэйсбуку Максім Маханькоў. Перадрукоўваем яго меркаванне.

Фенаменальна, проста фенаменальна, якая колькасць людзей пад уплывам палітычанай палярызацыі і культурных войнаў, каментуюць нейкія другасныя неістотныя падзеі, не звяртаючы ўвагі на нешта больш глабальнае і сур'ёзнае, на тое, што рэальна зменіць і ўжо змяняе жыццё мільёнаў людзей ва ўсім свеце.
Адна з такіх тэмаў: гандлёвыя тарыфы адміністрацыі ЗША супраць іншых краін. Скажу адразу, каб да мяне не было ніякіх пытанняў і каб мяне не аднеслі ў лагер трампістаў, з пункту гледжання артадаксальнай неакласічнай капіталістычнай эканомікі (гэтая частка майго допісу трампістам не спадабаецца):
— Тарыфы не зробяць краіну багацейшай, а спажыўцоў больш абароненымі.
— Замежны гандаль павялічвае дабрабыт і жыццёвыя стандарты як грамадзян багатых краін, так і бедных краін.
— Успрыманне замежнага гандлю як «несправядлівага» ў дачыненні да багатых краін — абсурднае і антынавуковае. Расповеды трампістаў пра тое, што бедныя краіны нажываюцца на гандлі з Амерыкай — рэдкасная ахінея. З майго боку гэта не нейкае нарматыўнае сцвярджэнне, заснаванае на нейкіх каштоўнасцях — не, гэта базавыя законы эканомікі. Можна колькі заўгодна сцвярджаць, што 2+2 гэта 5, а законы гравітацыі прыдумалі хіжыя вытворцы самалётаў, каб зняверыць вольных людзей і змусіць іх купляць самалёты, можна колькі заўгодна жыць у ілюзіях, але законы эканомікі працуюць, як працуюць законы фізічныя.
— Ад міжнароднай кааперацыі, ад міжнароднага падзелу працы, падзелу кампетэнцый і навыкаў выйграюць усе. Выйграе і ўмоўная Бангладэш, якая факусуецца на вытворчасці тэкстыльных вырабаў, і ўмоўная Амерыка, якая факусуецца на айфонах і мікрачыпах.
— Спроба адміністратыўным шляхам вярнуць у багатыя постындустрыяльныя краіны галіны, у якіх яны не маюць канкурэнтных пераваг (competitive advantage), кшталту тэкстылю альбо зборкі нейкіх інструментаў — гарантавана зробяць гэтыя краіны бяднейшымі. Амерыка можа мець абсалютныя перавагі (absolute advantage) хоць ва ўсіх сферах эканомікі, і быць найбольш прадуктыўнай і ў тэкстылі, і ў камп'ютарах, але ва ўмовах, калі працоўныя і вытворчыя рэсурсы абмежаваныя, для капіталізму competitive advantage важнейшае за absolute advantage.
І з гэтага пункту гледжання, аргументы трампістаў пра нейкую «карысць» тарыфаў выглядаюць, даруйце, не пераканаўчымі.
І я крытыкаў Трампа тут цалкам разумею.
Але крытыкі Трампа, свядома ці несвядома, ігнаруюць куды больш важную рэч.
І тут пачынаюцца частка допіса, якая не спадабаецца крытыкам Трампа.
Сістэма міжнароднага гандлю, эканамічнай глабалізацыі і падзелу працы, якая існавала дзесяцігоддзямі, якая ў эканамічным плане была надзвычайна эфектыўнай, якая забяспечыла годнае жыццё сотням мільёнаў грамадзян заходніх краін і якая вывела з галечы мільярды людзей ва ўсім свеце — перастала працаваць на карысць Захаду і Вольнага свету ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.
Падабаецца гэта нам, капіталістам, ці не, але гэта новая рэальнасць. Тое, што адбываецца на нашых вачах — згортванне эканамічнай глабалізацыі, такой, якой мы яе ведалі. І гэта рэч нашмат больш сур'ёзная, чым нейкія тарыфы Трампа.
Cвабодны і неабмежаваны гандаль прывёў да перадачы найважнейшых, крытычных ланцужкоў паставак і вытворчасці ў рукі канкурэнтаў, адкрыта варожых да Захаду і дэмакратый, якія дэкларуюць сваю варожасць абсалютна адкрыта і шчыра. Не верыце? А паспрабуйце купіць звычайны просценькі мадэм ці роўтар некітайскай вытворчасці.
Спачатку Захад проста падсеў на танныя кітайскія тавары і энергію краін Персідскага заліву і Расіі, але цяпер гэта перайшло ўсе дапушчальныя межы і пачынае несці экзістэнцыйную пагрозу дэмакратычнаму свету.
Свабодны гандаль і глабальны падзел працы былі (і застаюцца) выгаднымі ўсім краінам. Але праблема ў тым, што выгаду ад гэтага ўсяго атрымлівала вузкая праслойка алігархаў. А вось сярэдні клас, які быў апорай капіталізму і дэмакратыі апошнія стагоддзі, працягвае і працягвае бяднець амаль ва ўсіх заходніх краінах.
Тое, наколькі скарачаецца і бяднее сярэдні клас — адно з нешматлікіх пытанняў, у якіх сыходзяцца і левыя і правыя на Захадзе. Скарачаецца і бяднее, таму што карпарацыям і алігархам стала нашмат прасцей дэмпінгаваць рынак працы пры дапамозе аўторсінгу і міграцыі. Скарачаецца і бяднее, бо ў многіх еўрапейскіх і амерыканскіх мегаполісах жытло стала проста фізічна недаступным маладым сем'ям, зноў жа, праз міграцыйны ціск і замежных алігархаў, якія ўзнімаюць цэны.
Максімальная свабода перамяшчэння людзей, пры ўсіх сваіх перавагах, выклікала гістарычны міграцыйны крызіс, які пагражае свету і ставіць пад удар усю сістэму сацыяльнай абароны заходніх краін, а таксама ўвагнала ў крызіс усю сферу нерухомасці.
Не верыце мне і думаеце, што гэта ўсё нейкія аргументы з лагера трампістаў? Пачытайце, што на гэты конт гаворыць, напрыклад, брытанскі прэм'ер — лейбарыст Кір Стармер (якога цяжка западозрыць у трампізме).
«Папярэдні ўрад праводзіў эксперымент з адкрытымі межамі», — адкрыта заяўляе Стармер, называючы гэта «няўдалым эксперыментам свабоднага рынку» і абмяжоўваючы дазволы на працу ў Брытаніі нават для кваліфікаваных работнікаў і сурова ўзмяцняючы міграцыйныя законы для ўсіх катэгорый.
Што гэта на практыцы азначае для ўсіх нас?
Азначае, што ўсе мы будзем жыць горш, бядней, з горшай якасцю тавараў і паслуг, з адкатам у многіх пытаннях (у тым ліку сацыяльных) на 30-40 гадоў назад. Знікне fast fashion (калі жыхары багатых краін маглі сабе дазволіць сабе купляць новую кашулю кожны тыдзень), знікнуць танныя падарожжы і тостары за 10 еўра.
Ці ёсць нейкая альтэрнатыва гэтаму? Я яе не бачу. Руйнаванне глабалізацыі, міжнароднай кааперацыі і падзелу працы — вось што будзе вызначаць ваша жыццё бліжэйшыя дзесяцігоддзі, а не трампаўскія тарыфы, якія з'яўляюцца ўсяго толькі сімптомам новай рэальнасці, але не прычынай.
Каментары
Лідзкія льняные на шмат сезонаў хапае марка фармэль..нажаль джынсаў німа беларускіх Праца рукамі зробленае рукамі шмат каштуе а калі і галава да рук ні прападзеш
Бацькі аб 80 90х распавядуць да і 00 так сабе)))
Была Ёсць Будзе