Гісторыю, якую расказаў у сябе ў фэйсбуку гісторык Анатоль Сідарэвіч, — найлепшы адказ тым, хто скуголіць «Дзе грошы? Дзе грошы?»

Выступаючы на адной вечарыне, доктар Арсень Ліс сказаў прыблізна гэтак: я думаў, што Леаніла Чарняўская, жонка Максіма Гарэцкага і аўтарка школьных чытанак, далучылася да беларускага руху пад уплывам свайго будучага мужа; ажно не, яе навярнуў на «беларускую веру» усюдыісны Іван Луцкевіч, які, паводле Аляксандра Уласава, ведаў у твар 10 адсоткаў жыхароў Беларусі.
Пра Клаўдзія Дуж-Душэўскага ксёндз Адам Станкевіч пісаў, што ён быў адным з духоўных сыноў Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Гэта праўда, што студэнт Горнага інстытута ў Пецярбургу Душэўскі ўваходзіў у кола беларускай вучнёўскай моладзі, якая гуртавалася вакол Эпімаха-Шыпілы, але праўда і тое, што ён (як, дарэчы, і сам Адам Станкевіч) прыехаў у сталіцу Расійскай імперыі ўжо «гатовым беларусам».
Калі «Наша Ніва» і беларускі дух праніклі ў цытадэль польскасці, Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, якую скончыў Станкевіч, пагатоў яны не маглі не пранікнуць у Віленскае рэальнае вучылішча, дзе вучыўся падлетак Дуж-Душэўскі. А вядома, якую працу сярод вучнёўскай моладзі ў Вільні вялі і Цётка, і Іван Луцкевіч, і іншыя дзеячы Беларускай сацыялістычнай грамады. Нават у Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю прабіраліся.
І зусім натуральна, што Клаўдзій Дуж-Душэўскі стаў сябрам БСГ і нават яе Цэнтральнага камітэта. У 1918 годзе шляхі Дуж-Душэўскага і Луцкевічаў разышліся.
Пасля распаду БСГ Дуж-Душэўскі, якому не вельмі імпанаваў марксізм, пайшоў за ініцыятарамі расколу, Тамашом Антонам Грыбам і Палутай Бадуновай, у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Нават больш. У канцы 1919 года сацыялісты-рэвалюцыянеры абвінавацілі прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча ў паланафільстве і жаданні «здаць» Беларусь Польшчы. Яны інспіравалі раскол Рады БНР і стварылі альтэрнатыўны «буржуазнаму» кабінету Луцкевіча «рэвалюцыйны» кабінет на чале з Вацлавам Ластоўскім.
Паўнамоцны прадстаўнік БНР пры ўрадах балтыйскіх дзяржаў (прызначаны на гэтую пасаду Луцкевічам) Дуж-Душэўскі неўзабаве стаў пісарам (сакратаром) ва ўрадзе Ластоўскага і разам з ім апынуўся ў Коўне.
Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Антон Луцкевіч смяротныя ворагі? Непрымірымыя антаганісты? Не зусім так і нават зусім не так.
Калі ў 1920 годзе Луцкевіч задумаў выдаць зборнік «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці Яго…», ён звярнуўся да шмат каго з тых, хто ведаў Івана. І Клаўдый Душ-Душэўскі, супрацоўнік Вацлава Ластоўскага, напісаў для зборніка тэкст, у якім даў, бадай, самую цікавую і глыбокую характарыстыку Івана Луцкевіча-палітыка.

Цяпер нават не ўсе купалазнаўцы ведаюць, што рукапісы Купалавых шэдэўраў «Сон на кургане» і «Паўлінка», а таксама зборніка «Шляхам жыцьця» трапілі ў мінскі Літаратурны музей паэта з Беларускага музея ў Вільні. Яшчэ менш людзей ведаюць, што гэтыя рукапісы доўга захоўваў Клаўдзій Дуж-Душэўскі, а 6 студзеня 1930 года перадаў іх у Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Прыняў жа іх дырэктар музея Антон Луцкевіч.
Як правіла, усе ўрады і рэжымы не вельмі песцяць музеі ўвагаю. На войска, паліцыю і спецслужбы грошай хапае, а на культуру іх заўсёды вобмаль. Не былі выключэннем і музеі ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы. Пагатоў не раскашавалі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні, яго дырэктар і супрацоўнікі.
Пазбаўлены ў 1931 годзе права выкладаць у Віленскай беларускай гімназіі, бацька двух сыноў Антон Луцкевіч, як сведчыў доктар Ян Станкевіч, «проста галадаў». Цяпер можна канстатаваць, што ў канцы 1930-х гадоў на дапамогу Беларускаму музею ў Вільні і Антону Луцкевічу прыйшлі літоўскія беларусы, якія жылі пераважна ў Коўне і лідарам якіх стаў Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Пра гэта гаворыць нам ліст Клаўдзія Дуж-Душэўскага да Антона Луцкевіча, які напісаны 2 лютага 1939 года і захоўваецца цяпер у Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва.
Гэты ліст яшчэ раз сведчыць, што «паланафіл» Антон Луцкевіч і яго сыны вялі ў 1930-х гадах паўгалоднае жыццё і што сацыяліст-рэвалюцыянер Клаўдзій Дуж-Душэўскі імкнуўся аблегчыць жыццё сацыял-дэмакрата Антона Луцкевіча. Гэты ўчынак Дуж-Душэўскага я б назваў актам сацыялістычнай салідарнасці, але назаву яго актам салідарнасці беларускай.
Бо памятаю яшчэ адно сведчанне, зафіксаванае ў брашуры Галіны Войцік «Лявон Луцкевіч» (Вільня, 2000). Як вядома, 30 верасня 1939 года бальшавікі арыштавалі Антона Луцкевіча, а неўзабаве Вільню і частку Віленскага краю яны аддалі Літве. Як пісала Галіна Войцік, жонка Лявона Луцкевіча, пасля далучэння Вільні да Літвы сыны Антона Луцкевіча — Юрка і Лявон — пераехалі ў Коўну, «дзе ім матэрыяльна дапамагаў Клаўдзій Дуж-Душэўскі».
Прачытаўшы гэта, я ўспомніў, што ў 1989 годзе на ўстаноўчым з’ездзе Беларускага Народнага Фронту ў Вільні Лявон Луцкевіч сядзеў побач са Сцяпанам Дуж-Душэўскім, сынам Клаўдзія, што Лявон Антонавіч прадставіў мне Сцяпана Клаўдзіевіча як свайго сябра.
А вось сам ліст:
«Паважанаму Пану Антону Луцкевічу.
Даражэнькі Антоне. Мне, як беларусу, дужа цяжка адчуваць, што я тутака ў Літве карыстаюся нармальнымі ўмовамі жыцьця і заработку, а Ты, які аддаеш усе свае сілы і час нашай агульнай культурнай рабоце, г. зн. музэю, прымушаны цягнуць сваё жыцьцё на палову галоднае.
Пасылаючы музэю штомесяц 400 літаў, думаю, што мы, г. зн. сябры музэю, павінны Табе плаціць мінімум хоць 250 літаў у месяц.
Са свайго боку я магу гарантаваць музэю маю складчыну на 1 год, г. зн. на 12 месяцаў. Спадзяюся, што з гэтых грошаў праўленьне (Беларускага музея. — А. С.) згодзіцца Табе выплачываць хоць бы 250,00 літаў (ня ведаю, як будзе па курсу, думаю, што 1 літ = 1 злотаму).
Я і мае сябры без канца цэняць Тваю і ўсіх іншых працаўнікоў працу і шануюць усіх вас. Дай вам Бог усяго найлепшага і сілаў далей вясьці вашу карысную работу.
Зрабі ласку, напішы мне, што атрымаў гэта пісьмо і дай аб маім пачынаньні ў хроніку якой-колечы беларускай часопісі зацемку.
Мне дужа прыемна хоць гэтым маленькім узносам палегчыць становішча нашага музэю. Хачу думаць, што на гэтым мая дапамога ня скончыцца і наш беларускі асяродак — музэй Івана Луцкевіча яшчэ больш разрасьцецца.
Цісну Тваю паважаную руку і кланяюся ўсім вам.
Ваш К. Душэўскі.
2.ІІ.1939.
Kaunas
Vytauto pr. 8 but. 5»
Пра тое, што Музей падтрымліваў Душэўскі, пісалі і Зоська Верас, і Максім Танк.
Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА
На цырымонію адкрыцця помніка аўтару бела-чырвона-белага сцяга прыляцелі нашчадкі ўратаваных ім людзей
«Наш сцяг тапталі і нішчылі, а ён жыве». Апошняе інтэрв'ю гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага
Унук стваральніка бел-чырвона-белага сцяга: «Сцяг «фашысцкі»? Дзед уратаваў габрэйскую дзяўчынку з гета»
Каментары