Грамадства22

«У калоніі цанілі праграмы прапагандысткі Скабеевай». Былы палітвязень Яўген Меркіс расказаў, як выжываў за кратамі

Сярод вызваленых і прымусова высланых у Літву 11 верасня беларускіх палітвязняў быў гомельскі журналіст Яўген Меркіс. Яго асудзілі на 4 гады зняволення за супрацоўніцтва з «Белсатам» і «Флагштокам» — па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» і «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яўген, які цяпер знаходзіцца ў Літве, адказаў на пытанні «Флагштока».

Яўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення. Фота: Андрэй Павук

«Ціснулі, палохалі цяжкімі артыкуламі»

Журналіст прабыў у няволі амаль поўныя тры гады. Яго затрымалі 13 верасня 2022 года.

«Зранку паступіў званок: дзяўчына з падатковай інспекцыі папрасіла пад'ехаць, каб быццам вырашыць нейкае пытанне. Перад выхадам з дому загадзя напісаў калегам, папярэдзіў, што калі хутка не выйду на сувязь, то мяне затрымалі. «Трывожны чамаданчык» ужо быў гатовы.

Іду да паркоўкі, бачу 5‑6 мужчын у цывільным, паспеў заскочыць у машыну, заблакаваў дзверы. Спрабаваў набраць тату, але мне пачалі грукаць у шыбу, паказваць, што будуць зараз разбіваць шыбы, заблакавалі мяне сваімі машынамі», — узгадвае Яўген.

Затрыманнем кіраваў малады кэдэбэшнік. Пасля, калі журналіст быў у СІЗА, супрацоўнік КДБ прыходзіў да Яўгена і спрабаваў выцягнуць інфармацыю: як фінансуецца «Белсат», хто з журналістаў працуе ў Беларусі, хто кіруе «Флагштокам»:

«Ціснулі, палохалі некалькімі цяжкімі артыкуламі. Але я катэгарычна адмовіўся. З таго часу кэдэбэшнік болей не прыходзіў».

На судзе выклікалі сведкаў, але іх набор быў вельмі дзіўным. Дапытвалі ў тым ліку сяброў, а адной са сведкаў была жанчына, якая часта з'яўлялася на розных івэнтах, прыкідвалася «сваёй», а пасля давала сведчанні як супраць Ларысы Шчыраковай, так і супраць Яўгена:

«Гэта Жана Пікоўская, якая давала паказанні, што я прыходзіў на мерапрыемствы з мікрафонам з лагатыпам «Белсата», хоць у мяне такога мікрафона не было. У выніку прысуд мае абсурдныя фармулёўкі, дзе напісана размытай мовай пра тое, што я мог сфарміраваць у людзей нейкае негатыўнае стаўленне, і за гэта я пакараны».

Урывак з прысуду Яўгена Меркіса

«Падыход, які вельмі псуе жыццё, — зэк не павінен мець вольнага часу»

Пасля прысуду Яўгена накіравалі ў калонію ў Шклоў:

«Хоць раней у СІЗА і калоніях ніколі не сядзеў, але дзякуючы кнігам, расповедам савецкіх дысідэнтаў уяўляў, як выглядае сістэма. Таму мне асабіста было лягчэй, бо гадамі быў у тэме».

Аднак цяжкасці Яўген перажываў як і ўсе «палітычныя»: забарона наведваць спортзалу, стадыён, нават бібліятэку і царкву. Даводзілася пастраянна быць у напружанні, бо трэба было сачыць за тым, што адбываецца навокал, і за сабой:

«Каб не далі якога парушэння, а тым больш вакол стукачы, і не ведаеш дакладна, хто менавіта. Сістэма прасякнутая ўстаноўкай: зэк павінен пакутаваць. Падыход, які вельмі псуе жыцце, — зэк не павінен мець вольнага часу. Адміністрацыя стварае вельмі шчыльны графік. Акрамя прымусовай працы — розныя лекцыі дадаткова, дзяжурствы, як у войску, трэба стаяць на тумбачцы ў атрадзе, грамадскія работы часта бессэнсоўныя, прагляды фільмаў на выхадных. Таму зэкі вельмі выматаныя».

Яўген, які ў штодзённым жыцці размаўляе па-беларуску, практыкаваў гэта і ў СІЗА, але не ў калоніі:

«У шклоўскай калоніі мне хутка далі зразумець, што ў цябе будуць гіганцкія праблемы. І на прыкладах іншых сядзельцаў стала зразумела, што я яшчэ больш прыцягну да сябе ўвагу і пачнуць кідаць у ШІЗА, дзе можна нават за пару дзён пасадзіць здароўе. Потым — ПКТ, крытая турма».

Яўген бачыў у калоніі шмат людзей, якія хутка псіхалагічна зламаліся, нехта пачынаў вар'яцець. Фонам у многіх адбываліся сумныя падзеі: смерці блізкіх, разводы. Цяжка было пераносіць тое, што «палітычным» забараняюць ліставацца з сябрамі, важнымі табе людзьмі, а дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі.

«Дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі»

Як журналісту Яўгену цікава было імкнуцца сачыць за навінамі, якія ўдавалася атрымліваць вельмі абмежавана — толькі з дзяржаўных радыё і тэлебачання. Асабліва — пра ход вайны Расіі супраць Украіны, бо да затрымання Яўген, нягледзячы на небяспеку, імкнуўся фіксаваць сітуацыю з прысутнасцю ў Гомелі расійскіх войскаў і дзяліцца інфармацыяй з незалежнымі медыя.

«Пры праглядзе тэлебачання ў калоніі цанілі перадачы расійскай прапагандысткі Скабеевай, бо яна з мэтай высмейвання паказвала замежную хроніку, урыўкі рэпартажаў замежных СМІ, часам былі бачныя бягучыя радкі, і дзякуючы валоданню мовамі ўдавалася штосьці зразумець з міжнароднай сітуацыі. Штосьці расказвалі «белыя» [непалітычныя крымінальнікі], якія атрымлівалі інфармацыю на спатканнях з роднымі. Дзяліліся, хто што чуў, абменьваліся навінамі, бачылі агульны трэнд», — гаворыць Яўген.

Ён адзначае, што асноўнай крыніцай навін было тэлебачанне, якое часам уключалі:

«Самае каштоўнае ў навінах на дзяржТБ — бягучыя радкі, інфармацыя з якіх не заўсёды трапляла ў змантаваныя сюжэты. Звярталі ўвагу, на чым акцэнтуецца прапаганда. І далей спрабавалі аналізаваць. Нават газета «СБ» магла быць крыніцай інфармацыі — уважліва чыталі вялікія тэксты і часам знаходзілі там пару каштоўных радкоў».

«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі»

Пра тое, што ідзе праца па вызваленні палітвязняў, у калоніі разумелі з афіцыйных навін:

«Шокам для ўсіх стала, што выпусцілі Сяргея Ціханоўскага. Здавалася, што мы тут робім, калі ўжо нават Сяргея вызвалілі? Таму чакалі вызвалення, але працэс адбываўся раптоўна».

Яўген меркаваў, што яго разам з іншымі палітвязнямі могуць вывезці за мяжу — так і адбылося. З'язджаць з Беларусі ён не хацеў:

«Якім бы цяжкім там жыццё ні было, хацелася б заставацца ў Беларусі. Але зараз гэта немагчыма. Разумею, што калі б я паспрабаваў вярнуцца, альбо калі б мяне вызвалілі па сканчэнні тэрміну, была б гіганцкая рызыка, што мяне ў любы момант без прычыны маглі б зноў затрымаць. Таму бліжэйшыя планы пакуль — прыйсці ў сябе».

Яўген хацеў бы далей рэалізоўваць свае навыкі, калі для гэтага з'явяцца ўмовы:

«Не ўпэўнены, што гэта будзе журналістыка. Магчыма — уласны блог, аналітыка».

Каментары2

  • Руслан
    17.09.2025
    Текст судебного постановления шокирует. Кто эти люди, которые считают себя "правоохранителями"? Их кто-нибудь контролирует (я имею в виду вышестоящие структуры)?
  • Питон
    17.09.2025
    Руслан, так это не правоохранители - это судьи. все постоянно крошат батон на сцыкловиков, но ведь судят у нас назначенные лукашенко судьи. сцыкловики только дают базу, а судьи делают обертку в виде таких вот постановлений. ну и коль судей назанчает лукашенко то и контролирует их он через сукало и прочую нечисть которых он сам же и назначил, то контролирует это все сам лукашенко. это кстати не только политических дел касается и имя этому - судебный беспредел.. есть такая картина назидательная Суд Камбиса называется, так что явление это древнее просто у нас лукашенко возведено в абсолют

Цяпер чытаюць

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы29

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы

Усе навіны →
Усе навіны

Паўлючэнка пра вяртанне Пачобута: «Пункт біфуркацыі, пасля якога шмат зменіцца»24

Прэм'ер Літвы не бачыць падстаў для забароны аўтобусных рэйсаў у Беларусь6

Гродзенскі блогер Міша, якога пасадзілі за махлярства з данатамі, пасля вызвалення разам з каханай зноў збірае данаты11

Украінскія дроны атакавалі завод у Новым Урэнгоі ВІДЭА

Калі ў беларускіх школах будуць канікулы

«Вам вельмі пашанцавала». Заолаг растлумачыў, ці небяспечныя для чалавека сустрэчы з рыссю3

Жыхар Яраслаўля атрымаў 14 гадоў калоніі за здымкі магіл расійскіх вайскоўцаў. Гэта ацанілі як здраду дзяржаве2

У Чэхіі людзям уначы не даваў спаць вожык, якога зацікавіла бляшанка з-пад піва6

Трамп падарыў сваёй асістэнтцы 45 000 даляраў адпускных5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы29

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць