Гісторыя66

Калі дыктатуру скінулі самі сілавікі: як маладыя афіцэры зрабілі Партугалію дэмакратычнай

У ноч на 25 красавіка 1974 года вайскоўцы са зброяй у руках занялі галоўныя аб'екты сталіцы. Партугальскі ГУБАЗіК спрабаваў супраціўляцца, але нядоўга.

Калі вайскоўцы захапілі Лісабон, гандлярка кветкамі раздала ім свае гваздзікі. Таму падзеі атрымаюць назву Рэвалюцыі гваздзікоў. Фота: Wikimedia Commons

Шлях да дэмакратыі быў розны для розных краін. У Партугаліі сістэму змянілі тыя, хто мелі яе бараніць: вайскоўцы. 

Партугалія ў 1974 годзе была нетыповай для Заходняй Еўропы краінай. Амаль усе дзяржавы Еўропы за межамі сацыялістычнага лагера на той момант былі дэмакратыямі. Выключэннямі, акрамя Партугаліі, заставаліся Іспанія, дзе сінімі пальцамі за ўладу трымаўся састарэлы дыктатар Франсіска Франка, і Грэцыя, дзе кіравалі «чорныя палкоўнікі». Але ўсім тром рэжымам заставалася тады жыць вельмі нядоўга.

Чытайце таксама:
Іспанія. Ад дыктатуры да дэмакратыі — усяго тры крокі
Грэцыя. Чорныя палкоўнікі і іх крах

У 1920— 1930‑я гады эканаміст і палітык Антоніу Салазар стварыў у Партугаліі «Новую дзяржаву» — карпаратыўную хрысціянскую краіну накшталт Аўстрыі часоў Энгельберта Дольфуса. Адзіная дазволеная партыя, маштабныя фальсіфікацыі на выбарах і палітычная паліцыя пад назвай PIDE (Polícia Internacional e de Defesa do Estado — Міжнародная паліцыя абароны дзяржавы) хутка зрабілі з Партугаліі тыповую дыктатуру. 

Да 1970‑х у партугальскай дыктатуры намецілася галоўная праблема.

Улады ставілі перад сабой задачу любой цаной захаваць афрыканскія калоніі: Анголу, Гвінею-Бісау і Мазамбік. Аднак афрыканцы ўсё больш настойліва змагаліся за незалежнасць: французская і брытанская каланіяльныя імперыі разваліліся, новыя незалежныя дзяржавы Афрыкі давалі базу для барацьбы за свабоду рэшце калоній.

Бізнэсу і наменклатуры Афрыка была трэба: там былі сыравіна і рынак збыту. Але моладзь ваяваць там не хацела і масава бегла за мяжу ад мабілізацыі. Дайшло да таго, што міграцыя дасягнула тады адной шостай ад 9 мільёнаў тагачаснага насельніцтва Партугаліі.

Салазар памёр у 1970 годзе, улада перайшла пераемнікам. Калі ў 1973‑м здарыўся нафтавы і эканамічны крызіс, які канчаткова падарваў эканоміку, група маладых афіцэраў вырашыла, што надышоў зручны момант змяніць сістэму, што сітуацыя выспела.

Першая спроба перавароту адбылася ў сакавіку 1974-га. Спецслужбы змову раскрылі, за краты трапіла каля 200 чалавек. Але пакуль у адным месцы дзірку заткнулі, прарвала ў іншым. 

У ноч з 24 на 25 красавіка 1974 года капітан Атэлу Карвалью з групамі верных яму афіцэраў і салдат захапілі сталіцу Партугаліі Лісабон. З трох да пяці гадзін раніцы былі занятыя дзяржаўныя радыё і тэлебачанне, галоўныя міністэрствы, лісабонскі аэрапорт.

Страляла толькі PIDE

Дыктатура ўсіх дастала, таму, акрамя спецслужбістаў з PIDE, ніхто не супраціўляўся: ні армія, ні паліцыя.

Эмацыйны момант: вайскоўцы па радыё звярнуліся да грамадзян з просьбай заставацца дома, каб не было ахвяр. Але ўзрадаваныя жыхары тысячамі высыпалі на вуліцы, каб падзякаваць арміі. Яны неслі салдатам ваду і ежу. А работніца рэстарана Селеста Каэйру ўставіла гваздзік у дула штурмавой вінтоўкі аднаго з жаўнераў.

Гэты сімвал адзінства з вайскоўцамі трапіў у аб’ектывы журналістаў і паўтарыўся ў іншых месцах, таму пераварот і ўвайшоў у гісторыю як «рэвалюцыя гваздзікоў».

А гэтае графіці выглядае не толькі адсылкай да падзей 1974 года, але і заклікам выкарыстоўваць зброю хіба толькі для раскідвання кветак. Здымак зроблены ў Лісабоне ў 2017 годзе. Wikimedia Commons

А 19‑й гадзіне пераемнік Салазара Марсэлу Каэтану перадаў уладу паўстанцам, і Карвалью святкаваў перамогу. Амаль бяскроўную.

Загінулі толькі чатыры мужчыны, па якіх адкрылі агонь са штаб-кватэры палітычнай паліцыі — аналага лукашэнкаўскага ГУБАЗіКа.

25 красавіка адрокся ўлады Каэтану. А 26 красавіка з’явіўся першы нумар галоўнай партугальскай газеты «Рэспубліка» без цэнзуры. У найбуйнейшых гарадах краіны прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку рэвалюцыі. З турмаў і канцлагера на Азорскіх астравах былі вызваленыя палітычныя зняволеныя, а сакрэтная паліцыя распушчаная.

Уладу ў свае рукі ўзяла Рада нацыянальнага выратавання на чале з Антоніу дзі Спінолай, які з 15 мая стаў часовым прэзідэнтам. Карвалью ж прызначылі кіраўніком Кантынентальнага аператыўнага камандавання (па-партугальску COPCON) — органа па абароне рэвалюцыі.

У пераходны перыяд было трохі хаосу. Беднякі сталі займаць незанятае жытло. 

Каб утаймаваць хваляванні, хунта замарозіла арэндную плату за жыллё і аддала загад рыхтаваць нацыяналізацыю банкаў (акрамя тых, што належалі замежнаму капіталу).

Тым часам у краіну вярнуліся з эміграцыі вядомыя палітыкі — лідар сацыялістаў Марыу Суарэш і кіраўнік камуністаў Алвару Куньял. Усё гэта часова супакоіла народ. Тым часам Спінола і Карвалью дамовіліся, што рэпрэсій супраць старой эліты амаль не будзе: пакаралі толькі тых, хто страляў у людзей з будынка спецслужбы, а былой палітычнай вярхушцы дазволілі эміграваць у Бразілію (там таксама гавораць па-партугальску).

16 мая сваё першае пасяджэнне правёў Часовы ўрад. У яго ўвайшлі прадстаўнікі сацыялістаў, камуністаў і «народных дэмакратаў» (апошняя партыя складалася з былых прыхільнікаў Салазара). Міністры падтрымалі павышэнне мінімальных заробкаў і загадалі пачаць Saneomento («Ачышчэнне»). Падчас гэтага працэсу былі звольненыя адыёзныя постаці старога рэжыму. На радыё і тэлебачанні «ачышчэннем» заняўся будучы прэзідэнт краіны — вайсковец Антоніу Эанеш.

Частка правых палітыкаў спадзявалася захаваць калоніі, але ў ліпені іх лідару, Спінолу, прыйшлося прызнаць: трэба пачынаць перамовы.

Кароткі перыяд хаосу

Тым часам бясконцыя забастоўкі вялі да паглыблення крызісу. Прыхільнікі левых ідэй патрабавалі росту заробкаў. На поўдні краіны сяляне масава захоплівалі землі.

І крайне левыя, і правыя снавалі планы скарыстацца з гэтага, каб умацаваць сваю ўладу. Першым фальстарт зрабіў Спінола. Пасля няўдалай спробы ўсталяваць дыктатуру ён падаў у адстаўку.

Правыя паспрабавалі арганізаваць яшчэ адзін путч, але зноў правальна. 

Лісабон вітае вайскоўцаў-вызваліцеляў. 25 красавіка 1974 года. Wikimedia Commons.

Кіраўніцтва краіны пасля таго змянілася — цяпер галоўным органам стала Рэвалюцыйная рада. На фабрыках увялі рабочы кантроль, а сяляне працягвалі захопліваць землі (да канца лістапада 1975‑га каля чвэрці сельскагаспадарчых тэрыторый змянілі ўладальнікаў). Пачалася і нацыяналізацыя прадпрыемстваў — пераважна гэта былі фірмы, канфіскаваныя ў правых, якія падтрымалі путч і Спінолу.

25 красавіка 1975‑га — у першую гадавіну рэвалюцыі — прайшлі выбары ў Часовую асамблею, якая павінна была падрыхтаваць канстытуцыю. 

Яўка на першых выбарах склала 92%, а ўпэўненую перамогу атрымалі сацыялісты з 38% галасоў (за год да таго ў складзе партыі былі ўсяго 200 чалавек!). Далей ішлі правацэнтрысцкая Народна-дэмакратычная партыя (26%) і камуністы (12%).

Новы ўрад палічыў, што вынікі галасавання даюць яму права будаваць «партугальскі сацыялізм». Але гэта прывяло да канфлікту рэгіёнаў. Калі беззямельныя батракі поўдня ідэю падтрымалі, то заможныя сяляне поўначы былі супраць. У адных раёнах разбуралі цэрквы, у іншых — палілі штабы камуністаў. На правых і левых раскалолася і армія. 

Склад часовага ўрада мяняўся ледзь не кожны тыдзень. 

У канцы лістапада радыкалы паспрабавалі здзейсніць узброены пераварот. Раніцай 25 лістапада салдаты з ліку іх прыхільнікаў занялі некалькі казармаў. Але народ іх не падтрымаў — у адрозненне ад Рэвалюцыі гваздзікоў, гэтым разам салдаты апынуліся ў ізаляцыі і ў той жа вечар здаліся. Ніхто не хацеў вялікай крыві і грамадзянскай вайны. 

28 лістапада Карвалью быў вымушаны сысці ў адстаўку, а COPCON быў увогуле ліквідаваны. Функцыі абароны рэвалюцыі перайшлі да генеральнага штаба на чале з новай зоркай на палітычным небасхіле — Антоніу Эанешам. Ён навёў парадак і задушыў спробы ўзброенага паўстання ў іншых раёнах краіны. А потым супакоіў і радыкалаў, спыніўшы самазахопы зямлі і жытла. 

Сацыяльна арыентаваная дзяржава

Але проста суцішыць хваляванні ў краіне мала — трэба яшчэ даць грамадству пазітыўную альтэрнатыву. І новыя ўлады аказаліся як рэфарматары на вышыні.

2 красавіка 1976 года партугальскі парламент зацвердзіў новую канстытуцыю. У ёй быў прапісаны курс на сацыяльна арыентаваную дзяржаву. І гэта аказалася не пустымі словамі.

25 красавіка 2019 года былыя маладыя «капітаны» сустрэліся ў Лісабоне адсвяткаваць гадавіну рэвалюцыі. Wikimedia Commons.

Прайшлі змены ў адукацыі. Настаўнікам павысілі заробкі, а з праграмы прыбралі прадметы накшталт ідэалагічнага выхавання. Змянілася і адміністратыўная сістэма. Школамі цяпер замест дырэктараў кіравалі рады педагогаў.

Папулярнасць новаму ўраду далі новыя сацыяльныя праграмы. 

Большасць рэформаў кантраляваў Эанеш, якога двойчы (у 1976‑м і 1981-м) абіралі прэзідэнтам. 

Вядома, у наступныя дзесяцігоддзі ў краіне здараліся і палітычныя, і эканамічныя крызісы. Але галоўнае, што Партугалія пасля ўсіх тых пературбацый 1970‑х урэшце стала звычайнай еўрапейскай дзяржавай. Дэмакратычнай — такой, якую і сёння марыць здагнаць большасць постсавецкіх рэспублік.

Каментары6

  • Ёсік
    07.12.2025
    У Беларусі, нажаль, маладыя афіцэры не паважаюць Беларусь, ім расея спадабаецца. Маё назіраньне - інспектары ДАІ мо разоў дзесяць спынялі, апасьля адказу па-беларуску з майго боку, сем зь іх так глядзелі, нібыта я зь іхнымі жонкамі каламуціў. Спытаўся ў аднаго, што так замінае родная мова хлопцу, які вельмі дзэкае й цэкае па-расейску. Аддаў пасьведчаньне і пайшоў, як аба.раны, мінчанін хрэнаў з інтэрнату.
  • %
    07.12.2025
    Гэта Партугалія і яны былі партугальцы, а ў нас рускамірцы, красаўцы, рускоговорящие са знакам якасьці. Таму усе паралелі і мары папросту дурныя і безпадстаўныя
  • Янка
    07.12.2025
    Салазар прыйшоў да ўлады ў 30х гадах, калі Партугалія моцна пакутвала ад "Вялікай дэпрэсіі". І ў першыя гады свайго панавання праз жорсткія адміністратыўна-камандныя захады, манапалізацыю эканомікі і рабаванне калоній ў яго атрымалася выцягнуць краіну з эканамічнага дна. Таксама дапамог нейтральны статус краіны падчас WW2. Але калі вайна скончылася - эканамічны патэнцыял дыктатуры вычарпаўся. У 50х гадах папулярнасць Салазара моцна знізілася, ен прайграў выбары, але скраў іхныя вынікі і забіў пераможцу. Краіна канчаткова фашызавалася і перайшла ў рэжым гніення. Эміграцыя дасягнула вялізнага маштабу. Але Салазар здолеў дамагчыся прыняцця Партугаліі ў НАТА, і гэта забяспечыла прынамсі афіцыйную цярплівасць да ягонага рэжыму з боку заходніх краін.
    Напрыканцы 60х стан здароўя Салазара пагоршыўся і ўлада фактычна перайшла да ягонага атачэння. У 1970 Салазар памёр і канкурэнцыя паміж групоўкамі ў наменклатуры абвастрылася.
    Непасрэднай нагодай паўстання маладых афіцэраў стала дзеянне новага закону, праз які дзеці салазараўскай наменклатуры прасоўваліся на армейскіх пасадах нашмат хутчэй нават за баявых афіцэраў, калі тыя ня мелі адпаведнага паходжання альбо сувязяў. Гэта канчаткова скасавала магчымасці сацыяльнага ліфту для маладых афіцэраў партугальскай арміі, што і справакавала паўстанне. Але ўсё гэта адбывалася ва ўмовах незадаволенасці большасці грамадства эканамічнай і палітычнай сітуацыяй, таму ў крытычны момант апроч палітычнай паліцыі ніхто абараняць рэжым не пайшоў.

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы26

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Еўракамісія аштрафавала Х за непразрыстасць і птушачку, «якая ўводзіць у зман». Ілан Маск заклікаў распусціць ЕС9

Летась беларускія каталікі атрымалі двух новых біскупаў. Іх стыль і паводзіны вельмі адрозніваюцца ад таго, што прывыклі бачыць5

«Свяціла восем гадоў». Беларус са Шчучыншчыны расказаў, як пайшоў ваяваць за Расію1

У Лондане актывісты закідалі пірагом і крэмам карону Брытанскай імперыі3

У 21vek.by адкрылася першая афлайн-крама1

На ўзбярэжжы ПАР імкліва выміраюць з-за голаду афрыканскія пінгвіны2

На могілках пад Ваўкавыскам ціха згніла старажытная драўляная царква2

У Дзятлаве жыве блогер-мільённік, які раскруціўся праз мастацтва5

«Новая версія дактрыны Манро ад Трампа». У чым сутнасць новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы26

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць