Хто быў першым намінантам на Нобелеўскую прэмію з Беларусі і што пра кандыдатаў-суайчыннікаў вядома з рассакрэчаных архіваў
Беларусь стала першай постсавецкай краінай, якая атрымала абедзве гуманітарныя прэміі — па літаратуры і міру. Аднак шлях да гэтага выніку расцягнуўся больш чым на стагоддзе: праз драматычныя спробы Элізы Ажэшкі і Васіля Быкава, незлічоныя вылучэнні навукоўцаў-ураджэнцаў Беларусі і нават кур'ёзныя гісторыі. «Позірк» піша, каго вылучалі на Нобелеўскую прэмію і што пра гэтых кандыдатаў вядома з рассакрэчаных архіваў.

Хто нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, але атрымаў прэмію, жывучы за яе межамі
Жарэс Алфёраў (1930—2019) нарадзіўся ў Віцебску. Савецкі і расійскі фізік атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 2000 годзе сумесна з нямецкім навукоўцам Гербертам Крэмерам.
Палову прэміі ім прысудзілі за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур, якія ўжываюцца ў высакахуткаснай электроніцы і оптаэлектроніцы. Другую палову атрымаў амерыканскі інжынер Джэк Кілбі за ўнёсак у вынаходніцтва інтэгральнай схемы. Алфёраў зрабіў навуковую кар’еру ў СССР і Расіі.
Менахем Бегін (1913—1992) нарадзіўся ў Брэст-Літоўску — цяперашнім Брэсце. Ён стаў прэм’ер-міністрам Ізраіля і ў 1978 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру разам з прэзідэнтам Егіпта Анварам Садатам.
Узнагароду ім прысудзілі за перамовы, якія прывялі да заключэння мірнага пагаднення паміж дзвюма краінамі. Важным этапам перамоваў сталі Кэмп-Дэвідскія пагадненні, заключаныя пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Джымі Картэра.
Шымон Перэс (1923—2016) нарадзіўся ў вёсцы Вішнева, якая сёння знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Ён займаў пасады прэм’ер-міністра і прэзідэнта Ізраіля, кіраваў знешнепалітычным ведамствам краіны.
У 1994 годзе Перэс атрымаў Нобелеўскую прэмію міру сумесна з прэм’ер-міністрам Ізраіля Іцхакам Рабінам і палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам за намаганні па дасягненні міру на Блізкім Усходзе. Узнагарода была звязаная з перамоўным працэсам, які прывёў да падпісання пагадненняў у Осла.
Эліза Ажэшка: першы вядомы намінант з Беларусі
Першым вядомым прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была польскамоўная пісьменніца Эліза Ажэшка (1841—1910).
Яна з’явілася на свет у сядзібе Мілкаўшчызна непадалёк ад Гродна і стала адным з прыкметных прадстаўнікоў польскай літаратуры XIX стагоддзя. У Гродне ўсталяваны помнік Ажэшцы, на аднайменнай вуліцы працуе яе дом-музей — дакладная копія дома, дзе яна жыла і працавала.
У 1905 годзе Ажэшку вылучылі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Паводле апублікаваных звестак, яна атрымала восем намінацый і дайшла да фінальнага разгляду разам з Львом Таўстым і Генрыкам Сянкевічам.
Частка членаў камітэта прапаноўвала падзяліць узнагароду паміж Ажэшкай і Сянкевічам, аднак прэмію ў выніку прысудзілі толькі Сянкевічу.
Паводле слоў аднаго з акадэмікаў, Ажэшка саступала Сянкевічу «як мастак-апавядальнік і віртуоз мовы», але валодала тым, што, на думку самога Нобеля, «мела б большую вагу, чым вялікі эпічны размах»: «У яе вялікае, багатае сэрца, якое кахае».
Ураджэнка Беларусі мела рэальны шанец стаць першай жанчынай, якая атрымала вышэйшую літаратурную ўзнагароду. Але гэтага не здарылася, і першай літаратурнай набеліяткай ў 1909 годзе стала шведка Сельма Лагерлёф.
Першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, была полька Марыя Складоўская-Кюры. Яна застаецца адзіным лаўрэатам прэмій па фізіцы (1903) і хіміі (1911).
Як насуперак этыцы сын вылучыў бацьку
Прафесар Леў Розанаў, які загадваў кафедрай нармальнай фізіялогіі Белдзяржуніверсітэта і атрымаў афіцыйнае права вылучаць кандыдатаў, у 1928 годзе выкарыстаў гэты прывілей неардынарна.
Насуперак акадэмічнай этыцы ён намінаваў на вышэйшую навуковую ўзнагароду ўласнага бацьку — земскага лекара-эпідэміёлага Паўла Розанава.
Пры гэтым у вылучанага кандыдата адсутнічалі колькі-небудзь сур’ёзныя навуковыя працы, а яго імя згадвалася ў медыцынскай перыёдыцы толькі аднойчы. Нобелеўскі камітэт такую прапанову разглядаць адмовіўся.

Навукоўцы з Беларусі, чые адкрыцці прэтэндавалі на прэмію
Напалеон Цыбульскі (1854—1919) — фізіёлаг, які нарадзіўся ў Крываносах на тэрыторыі сучаснай Беларусі (Гродзенская вобласць). Даследваў фізіялогію кровазвароту і эндакрыннай сістэмы. Яго кандыдатуру вылучалі на Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі або медыцыне ў 1911, 1914 і 1918 гадах. Лаўрэатам ён не стаў.
Леанід Мандэльштам (1879—1944) нарадзіўся ў Магілёве, адзін з найбуйнейшых фізікаў свайго часу. У 1930 годзе яго намінавалі на Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Мандэльштам разам з Рыгорам Ландсбергам адкрыў камбінацыйнае рассейванне святла — з’яву, якая пазней атрымала назву эфект Рамана (у 1930 годзе Нобелеўскую прэмію за даследаванні рассейвання святла прысудзілі індыйскаму фізіку Чандрасекарэ Венкатэ Раману).
Майсей Куніц (1887—1978) нарадзіўся ў Слоніме. Быў біяхімікам і даследаваў ферменты, уключаючы трыпсін і рыбануклеазу. Куніц разам з Джонам Нортропам вылучаўся на прэмію па фізіялогіі/медыцыне ў 1937 годзе, а ў 1941‑м — па хіміі. Нортроп атрымаў прэмію ў 1946 годзе.
Філіп Левін (1900—1987) нарадзіўся ў Клецку. Пасля пераезду ў ЗША стаў вядомым імунагематолагам, даследаваў групы крыві, у прыватнасці рэзус-фактар і яго сувязь з гемалітычнай хваробай немаўлятаў.
Яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі/медыцыне вылучалі ў 1946, 1950, 1952 і 1953 гадах.
Якаў Зяльдовіч (1914—1987) нарадзіўся ў Мінску. Фізік-тэарэтык, астрафізік і фізікахімік, зрабіў унёсак у вывучэнне ядзерных рэакцый, касмалогіі і эвалюцыі Сусвету. Зяльдовіча вылучалі на Нобелеўскую прэмію па хіміі ў 1968 годзе, а ў 1971‑м — па фізіцы.
У апошнім выпадку яго кандыдатуру прапанавалі разам з амерыканскімі астрафізікамі Маартэнам Шмітам і Джонам Уілерам.
Віталь Гальданскі (1923—2001) паходзіць з Віцебска. Даследчык у галіне ядзернай хіміі, ядзернай фізікі і мёсбауэраўскай спектраскапіі.
У 1971 годзе яго вылучылі на Нобелеўскую прэмію па хіміі разам са шведскім фізікам Каем Сігбанам.
У архіве Нобелеўскай прэміі захаваўся запіс аб намінацыі: хімік Мікалай Эмануэль, які іх вылучыў, лічыў, што ўзнагароду варта было падзяліць паміж двума навукоўцамі. Аднак прэмію ім тады не прысудзілі. Сігбан атрымаў Нобелеўскую прэмію праз 10 гадоў — без Гальданскага.
Намінант, які змяніў міжнароднае права, паходзіць з Беларусі
Рафаэль Лемкін (1900—1959) нарадзіўся непадалёк ад Ваўкавыска. Юрыст габрэйскага паходжання, ён прысвяціў жыццё распрацоўцы міжнародна-прававых механізмаў супраць масавага знішчэння людзей.
На фармаванне поглядаў Лемкіна паўплываў судовы працэс над армянінам Сагамонам Тэйліранам, які ў 1921 годзе застрэліў у Берліне былога міністра ўнутраных спраў Асманскай імперыі Талаата-пашу — аднаго з галоўных арганізатараў генацыду армян.
На судзе абмяркоўваліся масавыя забойствы і дэпартацыі армян, а нямецкі суд прысяжных апраўдаў Тэйлірана, пастанавіўшы, што малады армянін дзейнічаў у стане афекту.
Працэс над Тэйліранам прымусіў Лемкіна задумацца, чаму масавае знішчэнне людзей не пераследуецца як самастойнае міжнароднае злачынства і ці можа асобны чалавек вяршыць правасуддзе замест суда.
Пазней гэтыя разважанні сталі адным са стымулаў яго працы над міжнародна-прававым вызначэннем генацыду і механізмамі пакарання за яго.
Лемкін увёў у міжнародны абарот паняцце генацыду і адыграў ключавую ролю ў прасоўванні Канвенцыі ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, прынятай у 1948 годзе.
Яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію міру вылучалі неаднаразова — паводле апублікаваных біяграфічных даных, шэсць разоў з 1950‑га па 1959 гады. Аднак прэмію ён так і не атрымаў.
Уладзімеж Колас (1928—1996) — польскі хімік і фізік, які нарадзіўся ў Пінску. Стаў адным з заснавальнікаў сучаснай квантавай хіміі, вядомы піянерскімі разлікамі электроннай структуры малекул.
У 1973 годзе Коласа вылучылі на Нобелеўскую прэмію па хіміі разам з фізікам і хімікам Клеменсам Рутанам і хімікам Лютаславам Вальневічам.
У архіве Нобелеўскай прэміі захаваўся запіс аб намінацыі, аднак узнагароду навукоўцы не атрымалі.
Аўром Суцкевер (1913—2010) — яўрэйскі паэт, адзін з найбуйнейшых аўтараў, якія пісалі на ідышы. Нарадзіўся ў Смаргоні, у дзяцінстве разам з сям’ёй апынуўся ў Сібіры, затым жыў у Вільні (Вільнюсе). Падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Віленскім гета, удзельнічаў у супраціве нацыстам, ратаваў яўрэйскія культурныя каштоўнасці.
У 1970, 1974 і 1975 гадах яго вылучалі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Намінацыі зафіксаваныя ў архіве Нобелеўскага камітэта. Лаўрэатам Суцкевер не стаў.
Каго яшчэ намінавалі з беларускіх пісьменнікаў
У найноўшай гісторыі Беларусі аб вылучэнні на Нобелеўскую прэмію аб’яўлялі і літаратурныя арганізацыі.
Рыгор Барадулін (1935—2014) — паэт, перакладчык і народны паэт Беларусі. У 2005 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў пра рашэнне прадставіць яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У публікацыях пра паэта таксама згадвалася, што ў 2006 годзе ён фігураваў сярод намінантаў.
Адным з твораў, на якія звярталі асаблівую ўвагу прыхільнікі вылучэння Барадуліна, быў зборнік рэлігійнай паэзіі «Ксты».
Васіль Быкаў (1924—2003). Адзін з самых вядомых пісьменнікаў XX стагоддзя, які праславіўся прозай пра Другую сусветную вайну, маральны выбар і адказнасць чалавека. Яго творы перакладзеныя на многія мовы.
Кандыдатуру Быкава называлі сярод магчымых прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры; у падтрымку міжнароднага прызнання яго творчасці выступалі замежныя літаратары.
Паводле розных гістарычных сведчанняў (у прыватнасці, дзённікаў Барадуліна), першая спроба вылучыць Быкава на вышэйшую літаратурную ўзнагароду была здзейсненая ў 1993 годзе.
Спробы перыядычна паўтараліся, але дзесяці гадоў Быкаву не хапіла. У 2003‑м ён памёр.
Уладзімір Някляеў (1946) — паэт і празаік. У лютым 2011 года Беларускі ПЭН-цэнтр падтрымаў прапанову вылучыць яго на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Ініцыятарам выступіў паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
У 2012 годзе аб новым вылучэнні Някляева паведамлялі як аб сумеснай ініцыятыве Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў (незалежны). Прэмію ён не атрымаў.
Георгій Марчук (1947—2023) — пісьменнік, драматург і сцэнарыст. Працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм», кіраваў выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
Пра яго намінацыю на Нобелеўскую прэмію па літаратуры паведамлялася ў 2009 годзе. Намінатарам упершыню быў праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Інфармацыю пра наступныя намінацыі ад гэтай арганізацыі знайсці не ўдалося.
Важна адрозніваць публічна абвешчанае вылучэнне і пацверджаны запіс у архіве Нобелеўскага камітэта. Імёны намінантаў апошніх дзесяцігоддзяў афіцыйна не раскрываюцца на працягу 50 гадоў, таму магчымасць незалежнай праверкі падобных паведамленняў абмежаваная.
Алесь Разанаў (1947—2021) — паэт, перакладчык. Эксперыментаваў з паэтычнымі формамі, ствараў версеты і кароткія філасофскія тэксты, перакладаў творы замежных аўтараў.
У беларускім літаратурным асяроддзі Разанава называлі магчымым кандыдатам на Нобелеўскую прэмію па літаратуры; у прыватнасці, пісьменнік Уладзімір Арлоў згадваў яго сярод айчынных аўтараў, якія маглі б прэтэндаваць на ўзнагароду. Аднак надзейнага пацверджання канкрэтнага вылучэння ў адкрытых крыніцах знайсці не ўдалося.
Хто з беларускіх палітыкаў намінаваўся на прэмію
На Нобелеўскую прэмію міру вылучаўся Станіслаў Шушкевіч (1934—2022), першы кіраўнік незалежнай Беларусі. У 2007 годзе ініцыятыву праявіў былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, лаўрэат гэтай прэміі ў 1983 годзе. Шушкевіч быў адным з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, якія паклалі канец існаванню СССР.
У 2011 годзе яго кандыдатуру зноў прапанавалі на прэмію — разам з былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Краўчуком і расійскім палітыкам Генадзем Бурбулісам, якія таксама ўдзельнічалі ў падпісанні пагадненняў.
Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала ў 2021 годзе былі вылучаныя на Нобелеўскую прэмію міру. Ініцыятарам стаў дэпутат нарвежскага парламента Гейр Тоскедаль, які адзначыў іх барацьбу за сумленныя выбары і ўклад у мірны супраціў беларускім уладам.
Жаночае трыа было сімвалам пратэстнага руху пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Лаўрэатамі прэміі яны не сталі.
У 2021 і 2022 гадах асобна намінавалі Святлану Ціханоўскую, лідара дэмакратычных сіл. Яе вылучалі адпаведна прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і нарвежскі парламентарый Хаарэк Эльвенес.
Мікалай Статкевіч (1956) — апазіцыйны палітык. У студзені 2025 года дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус вылучыў яго на Нобелеўскую прэмію міру.
На той момант Статкевіч знаходзіўся ў зняволенні, адбываючы 14‑гадовы тэрмін паводле абвінавачання ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». Нобелеўскім лаўрэатам Статкевіч не стаў.
А што Лукашэнка?
Асобная гісторыя звязаная з нібыта вылучэннем на Нобелеўскую прэмію міру Аляксандра Лукашэнкі. У верасні 2020 года дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што той стаў кандыдатам на ўзнагароду. Аднак гэтая інфармацыя была скапіяваная з сатырычнага сайта «Панарама».
Пацверджаных звестак аб рэальным вылучэнні Лукашэнкі на Нобелеўскую прэмію няма. Сам ён у кастрычніку 2025 года назваў Нобелеўскі камітэт «палітызаванай структурай» і заявіў, што ад прэміі дакладна б адмовіўся.
Каментары