Офіс Беларускага пашпартнага цэнтра ў Вільні зачыняецца, праца працягнецца без офіса
Што будзе з пашпартам Новай Беларусі, якіх выдалі 600?

Беларускі пашпартны цэнтр (Belarus Passport Center) у Вільні зачыняецца. Адкрыццё новых у Польшчы альбо іншых краінах пакуль не плануецца. Аднак самі дакументы працягнуць выдаваць, нягледзячы на нізкую актыўнасць патэнцыйных уладальнікаў і панесеныя выдаткі, піша Радыё Свабода.
Ідэю аб з'яўленні пашпарта Новай Беларусі агучылі на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні ў жніўні 2022 года. Распрацоўку праекта ўзяў на сябе Аб'яднаны пераходны кабінет пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай.
Дакумент павінен быў стаць альтэрнатывай для палітуцекачоў і беларусаў замежжа, даць магчымасць не толькі ідэнтыфікаваць сябе з беларускай нацыяй, але і выконваць цалкам практычныя функцыі — пацвярджаць асобу падчас падарожжаў і ў камунікацыі з органамі ўлады замежных краін. Актуальнасць апошняга шматкроць узрасла пасля таго, як восенню 2023 года ўлады Беларусі скасавалі магчымасць атрымання новых «сініх» беларускіх пашпартоў у консульствах Беларусі за мяжой.
Распрацаваны макет «чырвонага» пашпарта Новай Беларусі прадэманстравалі незадоўга да гэтага. Паводле слоў стваральнікаў, ён цалкам адпавядаў усім нормам, якія прад'яўляюцца да афіцыйных і міжнародна прызнаных пашпартоў.
Для рэалізацыі праекта пашпарта Новай Беларусі ў 2023 годзе ў Літве была зарэгістраваная кампанія Belarus Passport Center, заяўкі на першыя дакументы пачалі прымаць у студзені 2025 года. Неўзабаве «чырвоныя» пашпарты атрымалі першыя ўладальнікі.
«Я быў адным з першых, хто атрымаў пашпарт Новай Беларусі, у першай сотні дакладна быў, — расказвае ў размове са Свабодай юрыст Алесь Міхалевіч. — Як адвакат і як чалавек я вельмі люблю інстытуцыі. І пашпарт, і прыналежнасць да беларускай дзяржавы могуць выдавацца нашымі легітымнымі органамі. Я лічу і Кабінет, і Офіс нашымі легітымнымі органамі. Пашпарт — неад'емная частка гэтага працэсу».
Алесь Міхалевіч расказвае, што трымае пашпарт Новай Беларусі разам са сваімі іншымі дакументамі, з сабой у паездкі яго не бярэ. Карыстаецца таксама вельмі рэдка, але ўсё ж лічыць гэты дакумент для сябе вельмі дарагім. Апошні раз пашпартам Новай Беларусі Міхалевіч карыстаўся, калі галасаваў на выбарах у Каардынацыйную раду.
«Калі Лукашэнка і надалей будзе займацца непрымальнымі рэчамі, я думаю, што ў гэтага пашпарта будзе магчымасць прызнання з боку дэмакратычных краін, цывілізаванага свету, — працягвае Алесь Міхалевіч. — Сябрам паказваю, знаёмым. Быў у Грузіі, хваліўся там перад беларусамі Грузіі».
Паводле слоў суразмоўцы, яго знаёмыя карысталіся пашпартам Новай Беларусі падчас засялення ў гатэлі, паказваючы яго разам з карткай дазволу на жыхарства ў краіне Еўрапейскага саюза.
«Пры праходжанні пашпартнага кантролю пакуль яго нельга паказваць, але праца вядзецца, — аптымістычна працягвае Алесь Міхалевіч. — Спадзяюся, атрымаецца дамагчыся і гэтага. Гэты пашпарт вельмі добра распрацаваны. З пункту гледжання эстэтыкі, з пункту гледжання геральдыкі. Ён эстэтычна зроблены як нешта прыгожае, цудоўнае, беларускае. Гэта ўжо дадае яму вельмі шмат вартасці».
У верасні 2026 года «Беларускі пашпартны цэнтр» апублікаваў новую статыстыку.
Паводле яе, на пачатак верасня было выдадзена каля 600 пашпартоў Новай Беларусі. Яшчэ 60 заявак, як сцвярджаецца, знаходзіліся ў працы.
Згортванне дзейнасці ў Літве, шматтысячныя выдаткі
«Праведзены аўдыт, рэфармавана структура цэнтра і аптымізаваны некрытычныя выдаткі, — гаворыцца ў справаздачы Беларускага пашпартнага цэнтра на афіцыйным сайце Святланы Ціханоўскай. — Гэта павінна дапамагчы праекту ў перспектыве выйсці на самаакупнасць, паскорыць адміністрацыйныя працэсы і наладзіць больш шчыльнае ўзаемадзеянне з грамадзянамі і міжнароднымі партнёрамі».
Паводле літоўскага партала Rekvizitai.lt, які збірае і публікуе рэгістрацыйныя і фінансавыя звесткі пра кампаніі Літвы, апошні супрацоўнік літоўскай кампаніі Belarus Passport Center быў звольнены ў ліпені 2026 года.
На піку, у 2024 годзе, яе штат налічваў чатыры чалавекі.
Па тых жа крыніцах, заснаваных на афіцыйнай справаздачнасці перад літоўскімі дзяржаўнымі органамі, можна прасачыць фінансавыя паступленні і выдаткі кампаніі з моманту стварэння да канца 2025 года. Паводле гэтых даных, на рахунак Belarus Passport Center паступіла каля 110 тысяч еўра ў 2024 годзе і больш за 250 тысяч еўра ў 2025 годзе. Кампанія скончыла 2025 год са стратай прыкладна ў 30 тысяч еўра. Звесткі за 2026 год стануць даступныя пазней.
Марыюс Гудзелайціс, які афіцыйна прадстаўляў літоўскую кампанію Belarus Passport Center, не адказаў на запыт Свабоды аб размове. Запыт журналістаў аб крыніцах і аб'ёме фінансавання праграмы, дасланы на электронную пошту Belarus Passport Center, на момант публікацыі таксама заставаўся без адказу.
«Мы скарацілі прысутнасць у Літве, — расказвае ў размове са Свабодай дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — У Літве цяпер можна толькі здаць біяметрычныя даныя. Сам пашпартны цэнтр як фізічнае памяшканне яшчэ працаваў да пачатку гэтага года. Там адбываліся грамадскія мерапрыемствы, раздавалі дапамогу вызваленым. Але потым мы скарацілі прысутнасць і стварылі дэцэнтралізаваную сістэму. Скарацілі выдаткі. Самае галоўнае — гэта збор біяметрычных даных, а пасля — адпраўка і выдача пашпартоў».
Паводле слоў Вячоркі, у юрыдычнай асобы «Беларускага пашпартнага цэнтра» ў Літве застаецца фармальны дырэктар, але фізічнага офіса там больш няма.
Падрабязнасцяў пра тое, дзе і якім чынам цяпер будуць захоўвацца падрыхтаваныя да выдачы пашпарты, Вячорка не раскрывае, спасылаючыся на закрыты характар гэтай інфармацыі.
Паводле яго слоў, гэта абароненае складское памяшканне, а перадача дакументаў уладальнікам адбываецца альбо з рук у рукі, альбо праз аператараў «Беларускага пашпартнага цэнтра», якія не маюць доступу да асабістых даных людзей.
«Нейкага Belarus Passport Center Polska не плануецца, — працягвае Франак Вячорка. — «Пашпартны цэнтр» быў створаны сумесна Офісам і Кабінетам (АПК. — РС) як даччыная тэхнічная кампанія. Ён не займаецца міжнароднымі перамовамі. Яго задача — забяспечыць збор даных, верыфікаваць людзей, каб сярод іх не было ніякага агента альбо чалавека без грамадзянства. Цяпер рэгістраваць новую юрыдычную асобу няма сэнсу, працуем у тых межах, якія ёсць».
Паводле Франака Вячоркі, збор біяметрычных даных у ахвотных атрымаць пашпарты Новай Беларусі рэгулярна арганізуюць у Польшчы і Літве, дзе гэта можна зрабіць штотыдзень.
Акрамя таго, ёсць магчымасць падаць заяўку і ў іншых краінах Еўропы, а таксама ў гарадах ЗША, дзе збор даных будуць арганізоўваць на месцах.
Паводле паведамлення самога «Беларускага пашпартнага цэнтра», цяпер там працуюць над тым, каб біяметрычныя даныя для атрымання «чырвонага» пашпарта можна было дасылаць дыстанцыйна.
Пра тое, колькі на гэты момант каштаваў увесь праект «пашпарта Новай Беларусі» і на што менавіта траціліся грошы, Франак Вячорка дакладна адказаць не гатовы. Паводле яго слоў, найбольш сродкаў пайшло на запуск праекта, атрыманне неабходных дазволаў і ліцэнзій, набыццё абсталявання і іншыя выдаткі.
«Усе асноўныя выдаткі былі на старце, — кажа Вячорка. — Цяпер інфраструктура ўжо існуе. Застаюцца адміністрацыйныя выдаткі. Іх скарачэнне адбываецца за кошт змяншэння колькасці людзей, далучаных да праекта, і арэндных выдаткаў. Больш дакладна я тут пракаментаваць не магу… Сёлета мэта — выйсці калі не на самаакупнасць, то на максімальна нізкія выдаткі. Сума ў 97 еўра (кошт «чырвонага» пашпарта для карыстальніка. — РС) не пакрывае ўсіх выдаткаў на выраб дакумента. Трэба пакрыць кошт верыфікацыі, ёсць выдаткі, звязаныя з выпускам кожнага дакумента, з сістэмай бяспекі — арэндай воблачных сэрвісаў. Сабекошт дакумента большы, але калі кошт будзе павышаны, то ахвотных атрымаць яго стане менш».
«Дзеля 600 чалавек не будуць мяняць заканадаўства»
Франак Вячорка дадае, што не можа назваць статыстыку па краінах, дзе пашпарт Новай Беларусі найбольш запатрабаваны. Паводле слоў суразмоўцы, гэта краіны Еўрасаюза, якія не маюць для беларусаў альтэрнатывы ў выглядзе пашпарта іншаземца, гэта значыць не Польшча і Літва.
У Офісе адзначаюць павелічэнне попыту на «чырвоны» пашпарт у ЗША. Франак Вячорка звязвае гэта найперш з павелічэннем праблем з легалізацыяй для беларускіх уцекачоў у гэтай краіне.
Вячорка звяртае ўвагу на тое, што пры выдачы пашпартоў Новай Беларусі іх уладальнікаў папярэджваюць пра немагчымасць выкарыстання такіх дакументаў падчас падарожжаў. Аднак ён таксама кажа, што пакуль не зафіксавана выпадкаў пераследу грамадзян Беларусі за тое, што яны маюць «чырвоны» пашпарт Новай Беларусі. Больш-менш афіцыйна выкарыстаць такі дакумент пакуль можна толькі падчас галасавання ў Каардынацыйную раду.
«На дадзены момант я слаба веру ў тое, што нейкая краіна прызнае гэты пашпарт цалкам як travel document (падарожны дакумент) альбо дзяржаўны дакумент, — дадае Франак Вячорка. — Але ён усё адно будзе набываць нейкія дадатковыя функцыі.
Разам з камандай міжнародных экспертаў мы падрыхтавалі такую «дарожную карту» для найгоршага сцэнарыя, калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца. Як можна развіваць такі дакумент. Там ёсць некалькі варыянтаў, у тым ліку з краінавым кодам, які дазволіць легітымізаваць яго ў будучыні».
Дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай і старшыня юрыдычнага дэпартамента яе Офіса Лявон Марозаў у размове са Свабодай кажа, што працуе над юрыдычным прызнаннем пашпарта Новай Беларусі. Паводле яго слоў, шанцаў на тое, што нейкая краіна дапаможа з міжнародным юрыдычным прызнаннем дакумента, больш па-за межамі Еўрасаюза.
«Мы працуем і там, і там, але больш верагодна, што гэтае прызнанне адбудзецца не ў Еўрасаюзе, — кажа Марозаў. — Я нядаўна далучыўся да гэтага праекта. Працую на валанцёрскіх умовах. Звязаўся з экспертамі ICAO (міжнародная арганізацыя ААН, якая займаецца пытаннямі бяспекі авіяпералётаў і стандартызацыі дакументаў для міжнародных падарожжаў. — РС). Юрыдычна пашпарт гатовы і можа быць прызнаны. Палітычна — над гэтым працуем».
Паводле слоў Марозава, ён дамовіўся пра сустрэчы ў Арменіі. Гэтую краіну выбралі таму, што і ў Грузіі, і ў Арменіі цяпер можа быць шмат беларусаў, якія маглі б мець патрэбу ў такім дакуменце. Канкрэтных перамоў пра палітычнае прызнанне дакумента Марозаў, паводле яго слоў, пакуль не вёў.
Акрамя адсутнасці прадметных перамоў, існуе і яшчэ адна юрыдычная асаблівасць. Калі ўрад нейкай краіны пагодзіцца дапамагчы з міжнародным прызнаннем пашпартоў Новай Беларусі, ёсць верагоднасць, што ўжо выдадзеныя «чырвоныя» дакументы давядзецца мяняць на новыя.
«Умоўна, калі Арменія дае «дабро», мы ваш пашпарт Новай Беларусі забяром і зробім яго travel document, — гаворыць Марозаў. — Гэта значыць, што юрыдычна ён будзе ўмоўна армянскім, а палітычна — беларускім».
Паводле слоў Франака Вячоркі, Офіс Святланы Ціханоўскай не збіраецца закрываць праграму, нягледзячы на выдаткі і не самую вялікую колькасць ахвотных атрымаць пашпарт. Дарадца Ціханоўскай кажа, што гэта ў тым ліку іміджавы праект, вартасць якога ўжо ацанілі спецыялісты.
«Тыя, хто бачыць гэты дакумент, вельмі паважаюць яго, — гаворыць Франак Вячорка. — Як гэта арганізавана, як гэта зроблена. У тым ліку памежнікі, паліцыя. Асабліва калі мы праходзілі аўдыт. Усё гэта выклікае вялікую павагу. Але мы ўпіраемся ў міжнароднае права. Сучасны свет вельмі зарэгуляваны. Зараз няма ўніверсальных рашэнняў для беларусаў у выгнанні. Магчыма, сітуацыя вакол Беларусі будзе горшаць… Гэта мае сімвалічнае значэнне — няскоранасць беларусаў у выгнанні. Вядома, мне хацелася б, каб пашпартоў было выдадзена больш. Калі б іх выдалі тысячу ці дзве, было б нашмат прасцей лабіраваць іх легалізацыю. Дзеля 600 чалавек яны не будуць распрацоўваць інструкцыі ці мяняць заканадаўства».
Каментары
- Геральдычная рада з Забугай і Вячоркай атрымалі грошы;
- Кухар Гудэлайціс і Пашпартыстка Габія атрымалі грошы;
- Літоўская дзяржава атрымала грошы;
- Беларусы: папалі на крыміналкі.