Ці можа колер валасоў уплываць на рызыку раку скуры, адчуванне болю або нават хуткасць пасівення?

Журналісты The Washington Post распыталі дэрматолагаў і даследчыкаў пра тое, што навука ведае пра сувязь паміж натуральным колерам валасоў і здароўем.
Як тлумачаць спецыялісты, натуральны колер валасоў вызначаецца колькасцю меланіну ў іх. Гэты пігмент, які таксама прысутнічае ў скуры і вачах, бывае двух тыпаў. За чорныя і карычневыя валасы адказвае эўмеланін, за светлыя і рудыя — феамеланін. Розныя камбінацыі гэтых пігментаў ствараюць усе адценні — ад блонду да каштанавага колеру. З гадамі ж практычна ўсе людзі пачынаюць сівець, калі клеткі ў валасяных фалікулах паступова спыняюць выпрацоўваць пігмент.
У большасці выпадкаў колер валасоў — проста асаблівасць выгляду. Але даследаванні паказваюць, што некаторыя колеры могуць быць звязаныя з пэўнымі асаблівасцямі здароўя.

Рудыя валасы і светлыя адценні: вышэйшая рызыка меланомы
Найбольш выразная сувязь, паводле спецыялістаў, назіраецца ў людзей з рудымі валасамі. Іх уладальнікі амаль заўсёды маюць вельмі светлую скуру, якая дрэнна загарае і лёгка абгарае на сонцы. Гэта павышае рызыку развіцця раку скуры, у тым ліку меланомы — найбольш небяспечнай яе формы.
Аднак генетычны варыянт рэцэптара MC1R, адказны за выпрацоўку феамаланіну, тоіць у сабе небяспеку нават без уздзеяння ўльтрафіялету. Даследаванні паказалі, што біяхімічныя працэсы ў арганізме рудавалосых могуць правакаваць рак скуры нават пры адсутнасці сонечных прамянёў.
Некаторыя даследаванні таксама выявілі магчымую сувязь паміж варыянтамі гена MC1R і хваробай Паркінсана. Навукоўцы пакуль не прыйшлі да адназначнай высновы, але існуе гіпотэза, што іншы тып меланіну можа ўплываць на нейроны ў частцы мозгу, якая пакутуе пры гэтым захворванні. Аднак спецыялісты падкрэсліваюць: гэтая сувязь яшчэ патрабуе дадатковага вывучэння.
Людзі са светлымі валасамі могуць інакш адчуваць боль
Асобная тэма — успрыманне болю. Даследаванні паказваюць, што людзі са светлымі або рудымі валасамі могуць адчуваць боль інакш, чым астатнія. Навукоўцы выявілі, што ўладальнікі светлых і рудых валасоў маюць іншы гарманальны баланс, які змяняе працу апіёідных рэцэптараў.
Гэта прыводзіць да парадаксальных вынікаў: з аднаго боку, такія людзі могуць мець больш высокі агульны парог болю, але з іншага — яны менш успрымальныя да пэўных відаў анестэзіі. Паводле аднаго з найбольш вядомых даследаванняў, ім можа спатрэбіцца прыкладна на 20% больш наркозу для дасягнення таго ж эфекту. Менавіта недастатковая эфектыўнасць мясцовага абязбольвання часта становіцца прычынай павышанай трывожнасці такіх людзей перад візітам да стаматолага.

Людзі з цёмнымі валасамі могуць быць больш схільныя да пэўнага тыпу аблысення
Колер валасоў можа быць звязаны і з некаторымі формамі выпадзення валасоў. Даследаванняў на гэтую тэму пакуль няшмат, але ёсць звесткі, што адзін з распаўсюджаных тыпаў — гнездавая алапецыя (alopecia areata) — можа крыху часцей сустракацца ў людзей з цёмнапігментаванымі валасамі. Гэтая аўтаімунная хвароба выклікае ачаговае выпадзенне валасоў, што часта пачынаецца з невялікіх круглых плям на скуры галавы ці ў вобласці барады.
Захварэць можа кожны, але найчасцей першыя сімптомы ўзнікаюць у дзяцінстве або маладосці.
У даследаванні 2024 года навукоўцы прааналізавалі медыцынскія даныя больш як паўмільёна жыхароў Вялікабрытаніі. Высветлілася, што ў людзей з чорнымі валасамі магчымасць развіцця гэтай хваробы значна вышэйшая, чым у людзей з каштанавымі валасамі. У цэлым цёмныя адценні мелі больш трывалую сувязь з гэтым аўтаімунным захворваннем, чым светлыя.
Стрэс можа ўплываць на працэс пасівення
Яшчэ адна цікавая асаблівасць датычыць пасівення. Валасы сівеюць тады, калі ў фалікулах паступова вычэрпваюцца ствалавыя клеткі меланацытаў, якія адказваюць за выпрацоўку пігменту. Спачатку валасы становяцца шэрымі, а потым зусім белымі.

Гэты працэс з'яўляецца натуральнай часткай старэння, але часам ён можа паскарацца. На хуткасць пасівення ўплываюць спадчыннасць і некаторыя захворванні. Даследаванні таксама сведчаць, што сваю ролю адыгрывае стрэс. Пры моцным напружанні ў арганізме выкідваецца норадрэналін, які літаральна «выпальвае» запасы пігменту на клеткавым узроўні.
Спыніць пасівенне немагчыма, але спецыялісты лічаць, што здаровы лад жыцця можа дапамагчы адкласці яго пачатак. Збалансаванае харчаванне, дастатковая колькасць сну і адмова ад курэння спрыяюць захаванню здароўя валасоў і могуць запавольваць страты пігменту.
Такім чынам, колер валасоў сам па сабе не вызначае лёсу чалавека і не ёсць галоўным фактарам рызыкі для захворванняў. Аднак даследаванні паказваюць, што ён можа быць своеасаблівым біялагічным маркерам, які адлюстроўвае асаблівасці працы арганізма — ад рэакцыі на боль да рызыкі меланомы або хуткасці сівення.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары