У Мінску затрымалі групу жанчын, якія арганізоўвалі міграцыю з Блізкага Усходу
Паводле інфармацыі МУС, у схеме ўдзельнічалі тры жанчыны. Дзве 53‑гадовыя фігуранткі стварылі ІТ-кампаніі і афармлялі для замежнікаў падробленыя дакументы аб працаўладкаванні на пасады інжынераў-праграмістаў. На падставе гэтых дакументаў іншаземцы атрымлівалі візы і дазволы на часовае пражыванне ў Беларусі.

Следства сцвярджае, што насамрэч замежныя грамадзяне займаліся прасоўваннем анлайн-казіно для жыхароў сваіх краін, дзе такая дзейнасць забароненая. Акрамя таго, у адным з арандаваных дамоў у Мінскім раёне была арганізаваная студыя для вырабу эратычнага кантэнту, які выкарыстоўваўся ў рэкламных мэтах.
Трэцяя затрыманая, 21‑гадовая мінчанка, займалася пошукам кліентаў. Паводле звестак МУС, ёй дапамагалі двое выхадцаў з Блізкага Усходу ва ўзросце 28 і 33 гадоў.
Паводле папярэдніх даных, такім чынам былі аформленыя дакументы як мінімум для 40 замежнікаў. За свае паслугі арганізатары бралі ад 1,5 да 2 тысяч даляраў з чалавека.
Па факце арганізацыі незаконнай міграцыі завялі крымінальную справу. Замежным грамадзянам, якія знаходзіліся ў краіне з парушэннем заканадаўства, пагражае прымусовае высяленне. Следчыя таксама высвятляюць магчымых іншых удзельнікаў схемы.
Каментары