Дзяніс Дудзінскі наведаў 100 краін — расказвае, якія ўразілі яго найбольш. Але самую жаданую краіну ён трымае на потым
Сёння ў Дзяніса Дудзінскага за плячыма сто наведаных краін. Ён жыў сярод афрыканскіх плямёнаў, пераходзіў джунглі Дар'енскага прабелу і сядзеў на беразе Амазонкі ў горадзе, пра які марыў яшчэ маленькім. Але ў галоўную краіну са сваёй дзіцячай карты свету ён дагэтуль не едзе: хоча пакінуць сабе месца для мары.

Пра любімыя мясціны ў Беларусі, падарожжы ў адзіноце і краіны, якія здзівілі яго больш за ўсё, Дзяніс Дудзінскі расказаў «Нашай Ніве».
«У дзяцінстве прасцей было паляцець на Месяц»
— Калі мне было гадоў пяць ці шэсць, першай дарослай кнігай, якая трапіла мне ў рукі, быў «Таямнічы востраў» Жуля Верна. Спачатку бабуля чытала мне яе ўголас, а пасля я працягнуў ужо сам. Гэта было маё першае знаёмства з прыгодамі, падарожжамі, далёкімі краінамі, джунглямі і астравамі, — расказвае Дудзінскі.
Потым былі іншыя кнігі Жуля Верна, «Рабінзон Круза» Даніэля Дэфо, фільм «У пошуках капітана Гранта». А канчаткова «дабілі» кнігі польскага пісьменніка Альфрэда Шклярскага пра Томека Вільмоўскага.
— Гэта былі 1980-я. Тады прасцей было паляцець на Месяц, чым паехаць падарожнічаць. Людзі, якія з'ездзілі ў Балгарыю, Чэхаславакію ці Югаславію, былі нейкімі багамі. У іх на некалькі месяцаў наперад хапала гісторый пра тое, як яны пабывалі за мяжой.
Менавіта з кнігамі пра Томека Вільмоўскага звязаная і адна з яго галоўных дзіцячых мар.
— Я заўсёды хацеў трапіць у Ікітас. Гэта горад у Перу, у самым сэрцы Амазоніі. Туды не вядуць дарогі — можна толькі даплысці па Амазонцы або прыляцець самалётам. Я прачытаў пра яго яшчэ ў дзяцінстве ў кнізе Вільмоўскага, якую цяпер перачытваю па-польску.
Праз шмат гадоў ён усё ж дабраўся туды.
— Я сеў на беразе Амазонкі, адкрыў бутэльку піва і зразумеў: я не падвёў таго хлопчыка. Я абяцаў сабе, што калі-небудзь пабачу гэты горад. І пабачыў.
«Твая галава — гэта каструля супу, набітая ўражаннямі»
Частку сваіх падарожжаў Дудзінскі здзяйсняў адзін. Кажа, што ў гэтым ёсць асаблівае задавальненне.
— Усё, што ты бачыш, што вырашаеш, кожны твой наступны крок належыць толькі табе і залежыць толькі ад цябе.
Нават у падарожжах з сябрамі ці блізкімі людзьмі даводзіцца шукаць кампрамісы.
— Сябру захацелася выпіць піва — і ты сядзіш з ім паўгадзіны. Хтосьці хоча ўстаць а восьмай раніцы, а ты хацеў бы паспаць да дзесяці. Калі ж ты адзін, то робіш толькі тое, што хочаш сам.
Асабліва каштоўнымі ён лічыць моманты, калі застаецца сам-насам з месцам.
— Ты сядзіш на Мачу-Пікчу і нікому не кажаш: «Паглядзі, як тут крута». Ты проста прапускаеш усё праз сябе. Успамінаеш гісторыю гэтага месца, думаеш пра людзей, якія тут жылі, ходзіш па гэтых вуліцах. І ўсё гэта належыць толькі табе.
Не менш важная, паводле яго, і дарога назад.
— Калі едзеш туды, то жывеш чаканнем. А калі вяртаешся, уражанняў столькі, што іх немагчыма адразу асэнсаваць. Твая галава — гэта такая каструля супу, набітая не супам, а ўражаннямі.

Звычайна пасля такіх паездак, кажа Дудзінскі, людзі робяцца маўклівымі.
— Калі туды мы едзем балбатлівыя і вясёлыя, то назад усе сядзяць з такім позіркам у нікуды. Ты настолькі перапоўнены ўсім убачаным, што проста маўчыш.
«Хто зараз можа ўзгадаць, што ёсць у Манголіі?»
На пытанне пра краіны, якія выклікалі найбольшы ваў-эфект, Дудзінскі адказвае амаль адразу: такіх было дзве — Марока і Манголія.
— Нехта мне казаў: «Паехалі ў Марока». А для мяне Марока было… Ну, чытаў пра яго, але ўяўлялася нешта накшталт Егіпта. Я і думаў: ну Марока і Марока. Ды яшчэ і далёка ехаць, Паўночная Афрыка.
Адна з маіх любімых краін сёння — гэта Марока. Прычым там ёсць усё. Напрыклад, заснежаная гара Тубкаль, самая высокая гара Паўночнай Афрыкі. Мы туды хадзілі, у кошках, усё як належыць.
Асабліва яму запомніўся горад Эс-Сувейра.
— Адзін з маіх самых любімых гарадоў увогуле на свеце. На беразе акіяна, халоднага акіяна. Белыя домікі.
Дудзінскі згадвае таксама трохдзённы конны паход уздоўж Атлантычнага акіяна.
— Калі ты галопам пад сонцам па беразе Атлантычнага акіяна ляціш на кані — гэта нешта неверагоднае.

Не меншым адкрыццём стала і Манголія.
— Хто зараз можа ўзгадаць, што ёсць у Манголіі? Больш за тое, там толькі два больш-менш вялікія гарады — Улан-Батар і Мурэн. Усё астатняе — гэта нешта зусім іншае.
Падарожнічаць па краіне даводзілася на старых савецкіх «буханках».
— Дарог там няма. Ты не можаш у гэтай «буханцы» ні есці, ні спаць, таму што яе ўвесь час трасе.
За адну паездку кампанія перасекла Манголію ад пустыні да паўночных раёнаў.
— Мы прайшлі Манголію ўпоперак: ад пустыні, дзе быў пераход на вярблюдах, цераз перадгор'і, і да Паўночнай Манголіі. Ад пяскоў і плюс 50 градусаў — да аленяводаў і паўночных аленяў.
Начаваць даводзілася разам з мясцовымі жыхарамі.

— Спіш у гэтых шалашах у аленяводаў, з імі ж ясі. Холадна, дождж, плюс пяць. Усё цячэ. Печка працуе, але дыміць. Ты задыхаешся, кашляеш. Але афігенна.
«У Дар'енскім прабеле мы ўчатырох два дні елі адзін снікерс»
Самым складаным падарожжам Дудзінскі называе Дар'енскі прабел — участак джунгляў на мяжы Панамы і Калумбіі, дзе перарываецца Панамерыканская шаша.
— Панамерыканская шаша — гэта сістэма дарог ад Аляскі да самага поўдня Паўднёвай Амерыкі. І толькі ў адным месцы яна перарываецца.

Па яго словах, прычын некалькі: наркатрафік, картэлі, непраходныя балоты і складаны рэльеф.
— Усе машыны і фуры, якія едуць па Панамерыканскай шашы, у нейкі момант проста паварочваюць на паром. Гэтыя 90 кіламетраў яны абмінаюць па вадзе, а потым зноў вяртаюцца на дарогу.
Трапіць у Дар'ен таксама няпроста.
— Гэта вайсковая зона. Туды пускаюць навукоўцаў, арнітолагаў, серпентолагаў. Амерыканскія вайскоўцы прыязджаюць туды трэніравацца ў джунглях.
Каб атрымаць дазвол, кампаніі з чатырох сяброў давялося праявіць знаходлівасць.
— Мы раздрукавалі сабе бэйджы. Я ўзяў бэйджы са «Славянскага базару», нейкія паперы з пячаткамі. Прыходзім, а нас пытаюцца: «Навошта вам туды?» А я пачынаю выкладваць усе гэтыя паперы. Яны ж не разумеюць, што там напісана. Але выглядае сур'ёзна.
На вайсковых блокпастах гэтыя паперы яшчэ не раз спатрэбіліся.
— Наш праваднік нешта ім паказваў, яны кудысьці тэлефанавалі, нешта ўдакладнялі. І толькі пасля гэтага нас прапускалі далей.
Сам прабел кампанія перасякаць не спрабавала.
— Гэта адна з самых недаступных тэрыторый на зямным шары. Мы не ішлі праз увесь Дар'енскі прабел — гэта вельмі небяспечна. Але кіламетраў 20—25 усё ж прайшлі.
Апошняя кропка, куды яшчэ можна дабрацца транспартам, — вёска Явіса.
— Ты едзеш у гэтых мікрааўтобусах. Тут нехта корміць дзіця грудзьмі, тут жа куры, тут жа козы. Кагосьці ўжо ванітуе ад спёкі. І так дабіраешся да апошняй мясціны — вёскі Явіса.

Менавіта там заканчваецца асфальт.
— Мы выйшлі недзе а восьмай вечара. Цёмна. Аўтобус разварочваецца і едзе назад. І мы стаім з рукзакамі пасярод Явісы.
Жыллё знайшлося ў мясцовая жыхаркі доньі Марыі.
— Мы бегаем па гэтай вёсцы, шукаем донью Марыю. А яна кажа: «Калі хочаце, ключы ляжаць у шклянцы каля ўваходу. Заходзьце, выбірайце пакой і жывіце. Потым заплаціце». Ляжыць недзе ў гамаку і просіць яе не чапаць.
Перад выхадам у джунглі кампанія зайшла ў мясцовую карчму.
— Як у каўбойскіх фільмах. Зайшлі — і музыка адразу выключылася. Усе на нас глядзяць. Лацінасы ў белых майках, ва ўсіх мачэтэ. Мы пытаемся: «Можна нешта мясцовае выпіць?» Нам наліваюць нейкае мутнае пітво ў чужыя шклянкі, нават не памыўшы іх. Я кажу: «Хлопцы, не саромеемся». Выпілі залпам — і ўсё, музыка зноў уключылася, сталі сваімі.
У самім Дар'ене жыццё хутка зводзіцца да самых простых рэчаў.
— Горны ручай. Ты каля яго праводзіш увесь час. Адтуль бярэш ваду піць, там жа мыешся, там жа мыеш вопратку, там жа астуджваеш піва.
Усё неабходнае даводзілася несці на сабе.
— Нам сказалі: вось апошняя лаўка, дзе можна купіць кансервы, рыс, нешта яшчэ. Купляйце ўсё зараз.
Але нават гэтага не хапіла.
— І нехта ўспомніў, што ў заплечніку ляжыць узяты ў самалёце снікерс. Упершыню ў жыцці я бачыў, як чатыры дарослыя чалавекі ядуць адзін снікерс два дні.
І менавіта гэта яму запомнілася не менш за самі джунглі.
— Там ніхто пра цябе не клапоціцца. Няма ні рэстаранаў, ні сталовак. Ёсць толькі ты, тое, што прынёс з сабой. І джунглі вакол.
«Мае сябры называюць гэта дудызмам»
Пасля сотні краін і дзясяткаў вялікіх падарожжаў Дудзінскі кажа, што галоўны вынік для яго не ў колькасці наведаных месцаў.
— Спакайней становішся да чужых мінусаў, да чужога непаразумення, да чужых недахопаў. Ты робішся больш цярпімым.
Паступова, кажа ён, з'яўляецца асаблівае стаўленне да жыцця.
— Што б вакол цябе ні адбывалася, ты такі: ну добра. Ты набываеш нейкі будыйскі спакой.
Менавіта падарожжы, лічыць Дудзінскі, дапамаглі яму знайсці гэты стан.
— Мае сябры называюць гэта дудызмам. Я ніколі не злуюся.
І тлумачыць гэта вельмі проста:
— Ты ведаеш, наколькі вялізны свет. Ты адчуў яго не толькі вачыма, але ўсімі рэцэптарамі. Табе было холадна ў Паўночнай Манголіі. Табе было горача і душна ў джунглях Амазонкі. Ты жыў сярод плямёнаў Паўднёвай Эфіопіі.
Ты прыязджаеш у вёску, дзе людзі ходзяць у набедраных павязках, размалёўваюць сябе і палююць. Ставіш сваю палатку і жывеш побач з імі.
Асабліва яго ўразіла тое, як па-рознаму людзі могуць успрымаць звычайныя для нас рэчы.
— Ты сядзіш каля вогнішча, а потым бачыш, як чалавек выходзіць з тваёй палаткі з тэлефонам у руках. Садзіцца побач і пытаецца: «Што гэта?» Ты паказваеш, што гэта тэлефон. Ён яшчэ крыху яго круціць у руках і сыходзіць.
Мы прывезлі мыльныя бурбалкі, алоўкі, цукеркі. А яшчэ ўзялі шкарпэткі з самалёта. Навошта яны нам? Адзін хлопчык атрымаў гэтыя сінія шкарпэткі. Спачатку ён нават спрабаваў іх есці. Бо да гэтага мы вучылі дзяцей разгортваць цукеркі.
Потым жонка Дудзінскага Каця дапамагла хлопчыку іх надзець.

— Ён сядзеў і проста разглядаў гэтыя шкарпэткі на сваіх нагах. Мы кажам: можаш хадзіць у іх, можаш зняць і забраць дадому. А ён проста не разумеў, што гэта такое і падняў ногі дагары.
«Калі ласка, не чапайце Віцебск»
Сярод беларускіх мясцін, якія запомніліся больш за іншыя, Дудзінскі называе Дзятлаўскі раён і раку Шчару. Тлумачыць, што гэта праз людзей — у гэтых мясцінах у яго было шмат прыяцеляў.
Любімым беларускім горадам Дудзінскі без ваганняў называе Гродна.
А вось за Віцебск яму крыўдна.
— З горада, у якога быў вельмі цікавы, казачны, утульны патэнцыял, зрабілі нешта пластыкава-панэльнае, — тлумачыць.
На яго думку, беларускія ўлады часта не ўмеюць беражліва працаваць з гістарычнай спадчынай.
— Калі яны за нешта бяруцца, усё ператвараецца ў нейкую матрошку, у магніцік на халадзільнік, у нейкую лухту.
Дудзінскі прызнаецца, што шмат разоў бываў у Віцебску падчас «Славянскага базару» і назіраў, як мяняўся горад.
— Я заўсёды хацеў сказаць: калі ласка, не чапайце Віцебск. Хаця б пакіньце яго такім, які ён ёсць.
Асабліва яго раздражняе імкненне зрабіць гістарычныя мясціны «прыгажэйшымі» любой цаной.
— Да нас прыедзе шмат гасцей, таму тут будзе прыгожы пластыкавы фасад, тут будзе металачарапіца, а тут замест брукаванкі пакладзём плітку або закатаем усё ў асфальт.
Падобныя пачуцці ў яго выклікае і стаўленне да гістарычных помнікаў у цэлым.
— Я вельмі не люблю ўсё гэтае дутае, матрошачнае.
У якасці прыкладу ён згадвае Мірскі замак.
— Калі я быў дзіцем і прыязджаў у Мір, там была гісторыя. Было адчуванне сапраўднага месца. А цяпер гэтую гісторыю ператварылі ў нейкі лубок, і мне шкада.
Асабліва гэта кідаецца ў вочы пасля падарожжаў па іншых краінах.
— Ты бачыш, як трапятліва людзі ставяцца да сваіх старых будынкаў, да сваёй гісторыі. А ў нас вельмі часта хочацца ўсё падрамантаваць, упрыгожыць, зрабіць «як лепш».
Пры гэтым сам Дудзінскі прызнаецца, што сумуе па Беларусі найперш не праз гарады, а праз асобныя месцы і ўспаміны, якія з імі звязаныя.
Яшчэ адна беларуская мясціна, якае нечакана моцна зачапіла Дудзінскага, — Ястрамбель. Там яго асабліва ўразіла старая сядзіба, якая паступова разбураецца. «Цудоўнае дзіва, якое магло б стаць сапраўднай адметнасцю месца», — апісвае сядзібу вядучы.

Некалькі разоў ён вяртаўся туды ізноў.
— Кожны раз я развітваўся з будынкам. Таму што дзесьці пісалі, што будуць нешта рабіць. А мы ж ведаем, як у нас рэстаўруюць. Абавязкова будзе металачарапіца, пластыкавыя вокны і ўсё астатняе.
«Калі я паеду ў Аўстралію, у мяне не застанецца мары»
Нягледзячы на сто наведаных краін, адна вялікая мара ў Дудзінскага ўсё яшчэ застаецца няздзейсненай.
— У планах — Цэнтральная Афрыка. Конга, Уганда, Руанда. Там жывуць горныя гарылы. Да іх можна прыйсці ў госці — з праваднікамі, вядома.
Але ёсць рэчы, якія ён свядома адкладае.
— У мяне дзве мары ў жыцці засталося. Трапіць на канцэрт Depeche Mode і паехаць у Аўстралію.
Абедзве цягнуцца яшчэ з дзяцінства.
— Аўстралія — гэта мой самы любімы кантынент, самая любімая краіна, у якой я ніколі не быў. У школе я на міліметровай паперы перамалёўваў карту Аўстраліі. На памяць ведаў усе больш-менш буйныя гарады.
Але ні на канцэрт любімага гурта, ні ў краіну сваёй мары ён пакуль не спяшаецца.
— Я не хаджу на канцэрты Depeche Mode і нават не думаю пра тое, каб паехаць у Аўстралію. Калі я гэта зраблю, у мяне не застанецца мары.
Каментары