У Мінску паўторна спрабуюць знайсці інвестара для ўчастка на вуліцы Пятра Глебкі, 7С. За права арэнды 44 сотак просяць 42 459 рублёў, але выкарыстаць зямлю можна толькі для будаўніцтва крытага скаладрома з падземным паркінгам. Першы аўкцыён не прывёў да з’яўлення інвестара, таму новыя таргі прызначаныя на 16 верасня, піша выданне Domovita.by.

На ўчастку плошчай 0,44 га плануецца пабудаваць спартыўны аб’ект. Плошча самога скаладрома павінна складаць каля 800 кв. м, падземнага паркінга — да 1000 кв. м, а агульная плошча будынка не можа перавышаць 1800 кв. м. Зямлю перадаюць у арэнду на пяць гадоў.
Пераможцу аўкцыёну давядзецца даволі хутка пачаць працу. На працягу двух месяцаў пасля заключэння дагавора неабходна аформіць права на ўчастак, яшчэ праз месяц пачаць падрыхтоўку праектнай дакументацыі. На распрацоўку праекта і атрыманне дзяржаўнай экспертызы адводзіцца не больш за два гады. Будаўніцтва павінна пачацца не пазней чым праз паўгода пасля зацвярджэння праекта.
Таксама інвестар павінен будзе кампенсаваць шкоду, нанесеную газонам і дрэвам, а зняты ўрадлівы слой глебы перадаць «Мінскзеленбуду». Змяняць прызначэнне ўчастка або перадаваць яго ў субарэнду нельга.
Пачатковы кошт лота — 42 459,72 рубля, задатак — 8300 рублёў. Акрамя таго, пераможцу трэба будзе пакрыць 12 952,84 рубля выдаткаў на падрыхтоўку дакументаў і аплаціць правядзенне аўкцыёну. Арэндная плата за зямлю ўносіцца асобна.
Таргі адбудуцца 16 верасня ў 11:00 на вуліцы Карла Маркса, 39. Заяўкі прымаюць да 14 верасня ўключна. Калі на аўкцыён прыйдзе толькі адзін удзельнік, ён зможа атрымаць участак па пачатковай цане з павелічэннем на 5 працэнтаў.
Каментары