Грамадства

Жыллё не нашмат таннейшае за польскае — але больш прасторнае і з дыванамі. ІТ-спецыялістка хваліць Таджыкістан

Юлія вядзе два праекты ў Таджыкістане. Гэтую гісторыю распавядае dzpk.io.

Фота: Антон Рыбакоў / Unsplash

«Таджыкскія заказчыкі вылучаюцца вытанчанымі манерамі»

— Я ўдзельнічаю ў двух праектах у гэтай краіне. Адзін — гэта ўкараненне SAP (сістэма планавання рэсурсаў) у тэлекамунікацыйнай кампаніі, а другі звязаны з ІТ-кансалтынгам для дзяржаўных структур. У абодвух праектах я выступаю ў ролі эксперта.

Хацелася б адзначыць вялікую розніцу паміж заказчыкамі з дзяржаўных структур і заказчыкамі з камерцыйных прадпрыемстваў. Урэшце, гэта характэрна для ўсіх краін, і Таджыкістан — не выключэнне.

У мяне ёсць досвед працы ва Узбекістане і Кыргызстане, і я міжволі параўноўваю гэтыя краіны.

Таджыкскія заказчыкі на агульным фоне вылучаюцца вытанчанымі манерамі, ветлівасцю і поўнай адсутнасцю агрэсіі ў камунікацыі. Часам гэта нават складана перажыць: адчуваеш сябе неадукаванай грубіянкай. Але, вядома, працаваць з ветлівымі людзьмі прыемней — гэта факт.

Адзін з праектаў прадугледжвае прысутнасць on-site на працягу 60% майго працоўнага часу. Увогуле, для праектаў у Цэнтральнай Азіі характэрнае жаданне заказчыка бачыць цябе асабіста. Як толькі з'ехаў — праца спыняецца.

«Жыллё не нашмат таннейшае за польскае»

Пералёты і пражыванне ўключаныя ў стаўку. Рашэнне наконт жылля і пералётаў прымаю сама, для мяне гэта вельмі зручна.

Жыллё ў Душанбэ не нашмат таннейшае за польскае. Кватэра, у якой можна жыць, каштуе ад $700, аплата наперад за паўгода, кантракт на год.

Прычым «аднапакаёвак» вы не знойдзеце: «маленькая кватэра» ў Душанбэ — гэта 70 квадратных метраў. А ў асноўным кватэры маюць ад 100 «квадратаў» — такія прасторныя, трохі пустыя памяшканні, засланыя дыванамі — усходняя раскоша.

Паколькі я ўсё ж знаходжуся ў Душанбэ не на поўную стаўку, пастаянная арэнда мне нявыгадная. Здымаю праз Airbnb, дамаўляюся з гаспадарамі пра доўгатэрміновыя адносіны. Жыла б і ў гатэлі, але мне важна самой гатаваць і мыць.

Unsplash

Старое жыллё тут зносяць з шалёнай хуткасцю — і з такой жа хуткасцю будуюць новае. Выглянуць у акно ў Душанбэ і не ўбачыць будоўлю немагчыма.

Але плаціць такія грошы за жыллё ў Таджыкістане, хай нават і новае, крыху раздражняе.

«Ты не можаш проста сказаць таксісту адрас»

Грамадскі транспарт у Душанбэ дрэнны. Заўсёды перапоўнены, маршруты нязручныя, аўтобусы, маршруткі. Затое паўсюль ездзяць таксі, прычым адной-адзінай кампаніі (фармальна ў Душанбэ дзейнічае некалькі службаў, але ва ўсіх адзіны дызайн).

Таксі даволі таннае — даехаць да працы ад маёй арандаванай кватэры каштуе прыкладна $2—2,5, а праз увесь горад можна праехаць за $5—10.

З мясцовых асаблівасцяў: таксісты не карыстаюцца навігатарам. І дадаткам для замовы таксі таксама, хоць ён ёсць. Каб выклікаць машыну, махаюць рукой з бардзюра — і спыняецца брэндаваны аўтамабіль, а не нейкі прыватны «бамбіла».

Яшчэ тут ёсць мілая асаблівасць — ты не можаш проста назваць адрас. Ты павінен назваць «пароль», мясцовы код раёна.

Напрыклад — «Мытня», «АВІР», «Іранская бальніца» ці нешта ў гэтым родзе. У кожнага месца ёсць свой код, таму перад паездкай у незнаёмае месца я пытаюся ў чалавека, які мяне запрашае, што сказаць таксісту.

Вуліцы за 10 гадоў шмат разоў пераназываліся, на розных картах яны называюцца па-рознаму. Сябры жартуюць, што гэта нагадвае сярэднявечныя тапонімы кшталту «дом пад трыма жабамі».

«Мяса для мужчын»

З крамамі не тое каб вельмі добра, але і не вельмі дрэнна. Ёсць сеткавыя супермаркеты «Пайкар», «Ёўлар», дзе, вядома, прадаецца шмат прадуктаў расійскай вытворчасці. Прычым не самых дарагіх і, адпаведна, не самых якасных.

Мясцовыя малочныя прадукты мне не вельмі падабаюцца, на аматара. Мясныя прадукты (каўбасы, рулеты) мясцовай вытворчасці ёсць добрыя, кошт пачынаецца ад $10 за кілаграм. І тут шмат гаспадарак, якія разводзяць вясёлкавую стронгу — таксама смачная. Але я палюю на беларускую «малочку» і расійскія пельмені, прывыкла.

Увогуле, людзі тут харчуюцца вельмі сціпла, ядуць шмат ляпёшак, рысу, салодкага. Асабліва дзеці і жанчыны. Мяса — для мужчын.

У цэлым сітуацыя з крамамі аднолькавая па ўсёй Цэнтральнай Азіі. Я была і ў Кыргызстане, і ва Узбекістане, і ўсюды, скажам так, смачных прадуктаў на прылаўках супермаркетаў не надта шмат.

За смачным трэба ісці на рынак. Хто не лянуецца, той ходзіць на рынак кожныя выходныя. Я вось лянюся. Цяжка, горача.

«Інтэрнэт цярпімы»

Інтэрнэт — так, перыядычна адключаецца. Але не скажаш, што ён жахлівы. Цярпіма. Дзяржава шмат укладае ў мадэрнізацыю сетак.

Што да мабільнага інтэрнэту. Схема такая ж, як і ва Узбекістане: ты павінен зарэгістраваць тэлефон, калі ўязджаеш у краіну, — як аўтамабіль.

Тэарэтычна прыезджыя павінны заплаціць мыта. Але на практыцы дастаткова напісаць заяву онлайн, што вы замежны грамадзянін, прыехалі на столькі месяцаў, увезлі тэлефон і — «прашу вызваліць ад мыта».

Пра гэтую схему мала хто ведае, таму тут усе ходзяць з двума тэлефонамі. З тэлефона, набытага ў Таджыкістане, раздаюць Wi-Fi на другі, асабісты і незарэгістраваны.

«Айцішнікаў шмат, менеджараў мала»

Ёсць мясцовы ІТ-парк; ёсць Агенцтва інавацый і лічбавых тэхналогій пры прэзідэнце, Савет па штучным інтэлекце пры Міністэрстве прамысловасці і новых тэхналогій. Дзяржава актыўна ўкладвае рэсурсы ў гэтую сферу, хоць нельга сказаць, што вельмі эфектыўна. У параўнанні з іншымі краінамі Цэнтральнай Азіі Таджыкістан знаходзіцца ў ролі таго, хто даганяе.

Айцішнікі ёсць, цалкам пісьменныя хлопцы. Шмат распрацоўшчыкаў, якія працуюць як на мясцовы, так і на сусветны рынак. Шмат грантавых праграм, інавацыйных праектаў, куды ў першую чаргу запрашаюць мясцовыя кадры. Складаней, на мой погляд, з менеджментам. Вопытных мясцовых кіраўнікоў вельмі мала.

Для мяне Таджыкістан — гэта яшчэ і магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з самых розных краін, папрацаваць у інтэрнацыянальных камандах. Паколькі праектаў шмат і яны фінансуюцца міжнароднымі арганізацыямі, тут працуюць людзі з самых розных краін — Еўропы, Кітая, Афрыкі.

Гэта цікавая экспацкая тусоўка, людзі з самымі мудрагелістымі біяграфіямі. Для мяне, якая большую частку жыцця сядзіць за камп'ютарам, нікуды не выбіраючыся, вельмі цікава пазнаёміцца з людзьмі, якія мяняюць краіны пражывання ледзь не кожны год.

«Атрымаліся каменныя джунглі з вузкімі распаленымі вуліцамі»

Тэмпература ў Душанбэ нават у жніўні падымаецца максімум да 40—42 градусаў.

Дажджоў няма, летась быў перапынак з канца красавіка да пачатку снежня. Сёлета лягчэй, у чэрвені дажджы ўсё ж бывалі.

А вось асноўная праблема — гэта пыл. Раней пылавыя буры былі 1—2 разы за лета, але мінулым летам яны ішлі практычна без перапынку. Сёлета іх было ўжо 5. А падчас пылавой буры ўзровень забруджвання паветра такі, што без рэспіратара выходзіць з дому не рэкамендуецца.

Я запомніла Душанбэ 2020 года вельмі зялёным — тады дамы былі маленькімі, а дрэвы вялікімі. А цяпер усё гэта пазносілі, дрэвы павысякалі, і атрымаліся каменныя джунглі з вузкімі распаленымі вуліцамі.

Найлепшы сезон для наведвання Таджыкістана — з другой паловы сакавіка да першай паловы чэрвеня і з сярэдзіны верасня да канца лістапада. Цёпла, камфортна.

«Больш нідзе такіх экскурсій няма»

Асноўная прырода — гэта горы, якія займаюць 93% плошчы Таджыкістана. Там вельмі добра, не так горача.

Зімой працуе цалкам прыстойны гарналыжны курорт: вышыня ад 2200 да 3200 метраў, пад'ёмнікі добрыя, трасы добра абсталяваныя, ёсць рыштунак напракат. Хоць даглядаюць за ім дрэннавата, але катацца можна.

Шмат нацыянальных паркаў. Мы амаль кожныя выходныя ездзім на экскурсію да якога-небудзь вадаспада ці возера.

Напрыклад, хадзілі ў старую шахту, дзе здабывалі аметысты. Прычым, думаю, больш нідзе няма такіх экскурсій, каб шахта наогул нічым не была абсталяваная.

Табе проста даюць ліхтарык, кажуць: «Унутры не чхаць, сцены не калупаць». І потым на цябе вылятаюць кажаны.

І ездзім на экскурсіі па старажытных гарадах. Таджыкістан — гэта ж Персія, тысячагадовая гісторыя.

«Беларусаў любяць усе. І ўкраінцаў. І расіян»

Вельмі добра, асабліва калі скажаш, што ты з Беларусі. Беларусаў любяць усе. Але і расіян там таксама любяць і лічаць паважанымі людзьмі. І ўкраінцаў таксама любяць.

Трэба разумець, што ў іх яшчэ нядаўна, у 90-х, была вайна. Многія засталі яе ўжо дарослымі, і таму цяпер асноўны матыў — «мы шчаслівыя, што ў нас няма вайны».

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Усе навіны →
Усе навіны

Дырэктара «Камунаркі» асудзілі на сем гадоў за карупцыю7

Розніца тэмператур у Беларусі зараз складае 17 градусаў

Муж забіў жонку, а потым выкінуўся з акна4

Самалёт Зяленскага не быў цэллю дрона, паветранае судна знаходзілася на зямлі ў Кішынёве

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць33

За што асудзілі экс-адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага2

Доктарка паехала ў адпачынак на тры тыдні. Праз некалькі дзён ад яе запатрабавалі вярнуцца праз скаргу пацыента2

Выйшла на свабоду палітзняволеная Ірына Такарчук, маці блогеркі Вольгі Такарчук

Французскі шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць