Цана расійскай нафты на фоне абвастрэння на Блізкім Усходзе падскочыла да $110 за бараль
На фоне новага абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе і нападаў еменскіх хусітаў на нафтавыя аб’екты Саудаўскай Аравіі кошт расійскай нафты рэзка вырас. Кошт Urals, асноўнай экспартнай маркі расійскай нафты, у заходніх партах падняўся вышэй за 110 даляраў за бараль, піша The Moscow Times.

Як паведамляе Reuters са спасылкай на трэйдараў, у параўнанні з пачаткам ліпеня расійская нафта падаражэла на 175%. Яе кошт дасягнуў максімальнага ўзроўню з красавіка, калі падчас вайны ЗША з Іранам былі заблакаваныя пастаўкі нафты праз Армузскі праліў.
Цяпер праблемы ўзніклі і з пастаўкамі саудаўскай нафты праз Чырвонае мора. У выніку атакі хусітаў быў пашкоджаны нафтаправод, які перапампоўваў праз пустыню каля 3 мільёнаў бараляў нафты на суткі. Яго праца спыненая на нявызначаны тэрмін.
Саудаўская Аравія ўжо папярэдзіла кліентаў пра адмену часткі вераснёўскіх паставак. На фоне недахопу блізкаўсходняй нафты ў Індыі расійскі Urals упершыню за працяглы час прадаецца не са зніжкай, а, наадварот, з надбаўкай. Паводле крыніц Reuters, яго кошт там прыкладна на 8 даляраў за барэль вышэйшы за кошт Brent. У Кітаі надбаўка на Urals дасягнула 20 даляраў за барэль, паводле даных Argus.
Такая дынаміка цэн можа істотна палепшыць сітуацыю з нафтагазавымі даходамі расійскага бюджэту. Раней за студзень — жнівень федэральны бюджэт Расіі атрымаў ад нафты і газу каля 5,02 трыльёна рублёў (каля 54 мільярдаў даляраў). Гэта на 17% менш, чым за такі ж перыяд мінулага года, і прыкладна на траціну менш, чым за студзень — жнівень 2024 года.
Пры гэтым цяперашні кошт Urals амаль удвая перавышае ўзровень, закладзены ў расійскі бюджэт на 2026 год, — 59 даляраў за бараль. Сярэдняя цана расійскай нафты з пачатку верасня — 81 даляр за бараль.
Аднак высокія цэны на сырую нафту не абавязкова цалкам выправяць становішча расійскага бюджэту. Адной з праблем сталі ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. З-за дэфіцыту паліва расійскія ўлады ўвялі забарону на экспарт бензіну і дызельнага паліва.
У выніку Расія працягвае вывозіць сырую нафту прыкладна ў ранейшых аб’ёмах, але агульны экспарт нафты і нафтапрадуктаў знізіўся да мінімальнага ўзроўню з часоў пандэміі — прыкладна да 28 мільёнаў тон на месяц, ацэньваюць аналітыкі Райфайзенбанка. Паводле іх, рост цаны нафты, які чакаецца па выніках верасня, наўрад ці цалкам кампенсуе падзенне экспарту. Акрамя таго, скарачаецца і расійскі ненафтагазавы экспарт.
Пры падрыхтоўцы бюджэту на 2026 год расійскае Міністэрства фінансаў разлічвала скараціць леташні дэфіцыт з 5,7 да 3,6 трыльёна рублёў (з 67,10 мільярда да 42,38 мільярда). Аднак ужо па выніках першага квартала гадавы план дэфіцыту быў перавышаны.
Да пачатку верасня дэфіцыт расійскага бюджэту вырас да 5,8 трыльёна рублёў. На яго павелічэнне ў тым ліку паўплывалі рэкордныя вайсковыя выдаткі, якія за першае паўгоддзе перавысілі 10 трыльёнаў рублёў.
Газпрамбанк ацэньвае, што да канца 2026 года дэфіцыт расійскага бюджэту можа павялічыцца да 6,5—7,5 трыльёна рублёў (76,52—88,29 мільярда даляраў).
Нафтавікі ЗША папярэдзілі, што механізмы стрымлівання сусветнага паліўнага крызісу вычарпаныя
Буйны саудаўскі нафтаправод можа быць выведзены са строю на некалькі тыдняў
Еменскія хусіты захапілі стратэгічныя астравы Баб-эль-Мандэбскага праліва. Адзін з найбуйнейшых гандлёвых шляхоў фактычна апынуўся пад кантролем баевікоў
Саудаўская Аравія прыпыніла працу нафтаправода «Усход — Захад» пасля атакі дронаў з тэрыторыі Ірака. Па ім ідзе 5% сусветнай нафты
Кошт нафты Brent перавысіў $100 за бараль
Каментары