У польскім Музеі бітвы пад Грунвальдам зробяць беларускамоўны аўдыягід
15 верасня ў Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася з дырэктарам Музея бітвы пад Грунвальдам у Стэмбарку, гісторыкам Шыманам Дрэем. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі ініцыятар кампаніі за ўсталяванне бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі Юрый Меляшкевіч і галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Шыман Дрэй падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Фота
Ціханоўская падзякавала Дрэю за падтрымку ідэі зрабіць больш заўважным удзел ваяроў з тэрыторый сучаснай Беларусі ў Грунвальдскай бітве і штогадовых памятных мерапрыемствах.
Бакі дамовіліся пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Плануецца падрыхтаваць беларускую версію аўдыягіда ў музеі, а таксама забяспечыць удзел прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл у міжнародных мерапрыемствах музея разам з партнёрамі з Польшчы, Літвы і Украіны.

Да чарговай гадавіны Грунвальдскай бітвы ў ліпені 2027 года плануецца пашырыць удзел беларускай супольнасці і беларускіх гістарычных рэканструктараў у памятных мерапрыемствах.
Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасць усталявання на Грунвальдскім полі памятнага знака ў гонар ваяроў з тэрыторый сучаснай Беларусі і флагштока з бел-чырвона-белым сцягам.
Грунвальдскае поле мае ў Польшчы статус помніка гісторыі. Таму для ўсталявання новых аб'ектаў неабходна прайсці адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры і атрымаць дазволы органаў, якія займаюцца аховай культурнай спадчыны.
Каментары