Вядомыя беларускі называюць тых, хто вымушае іх сэрцы біцца мацней.
Што такое сэксуальнасць?
Як вызначыць крытэры аднясення чалавека да сэкс-сімвала?Ці гэта толькі накачаныя мускулы, «квадрацікі» на жываце ды выгляд Алена Дэлона? Ці ўсё ж унутраныя якасці чалавека: мужнасць, розум, кемлівасць?
Калі ж паспрабаваць вывесці «формулу сэксуальнасці», атрымаем наступнае: знешняя прыгажосць, якасці харакатару, памножаныя на вядомасць.
Маладосць і запал Ганчарэнкі
Журналістка Марына Коктыш, што «адмовіла» Лукашэнку на ўсю краіну, налічыла некалькі прывабных беларусаў.Па-першае, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку за «нешта незразумела прыцягальнае, жарсткае, палкае».
Па-другое, рэжысёра Купалаўскага тэатра Аляксандра Гарцуева як «узор «некрыклівай» сэксуальнасці». Затым — Уладзімір Няклаеў, які так тэмпераментна чытае вершы, што здольны ўскруціць галаву любой без выключэння жанчыне.
Нарэшце, за «маладосць, запал і ўсё астатняе» ў спіс сэкс-сімвалаў Коктыш патрапіў 34-гадовы трэнер барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка.
Назаву Кашчэева — Булка пакрыўдзіцца
А вось тэлевядучая Люся Лушчык так і не вызначылася, каго назваць самым-самым.«Назаву Кашчэева — Булка пакрыўдзіцца», — кажа дзяўчына. І дадае, што «ў нас шмат прывабных мужчын. Адукаваных, выхаваных, надзейных. Беларускім жанчынам пашанцавала!».
Самы сэксуальны — мой муж!
Жонкамі сэкс-сімвалаў лічаць сябе вядучая Тамара Лісіцкая, спявачка Руся, кіраўніца партала Diva.by Алена Каравец.Іх спадарожнікі жыцця не саступаюць сваім палавінкам па папулярнасці.
Мяркуйце самі: муж Лісіцкай — праграмны дырэктар «Радыус-ФМ» Глеб Марозаў. Багдан Каравец — вядомы IT-нік і рэкламшчык.
Спадарожнік жыцця Русі Юрый Маціюн — таленавіты фатограф, які «шчыра закаханы ў Беларусь і мяне», як лічыць спявачка. Застаецца толькі па-добраму ім пазайздросціць.
Зрэшты, Лісіцкая не абмяжоўваецца мужам,дадаўшы ў спіс музыкаў Уладзіміра Пугача (гурт J-Mors), Змітра Вайцюшкевіча, Піта Паўлава ды тэнісіста Макса Мірнага.
Каліноўскі і Выліваха
Свайго мужа, музыку, гісторыка і літаратара Яраша Малішэўскага, паэтка Аксана Спрынчан называе «сэкс-рэальнасцю».
«Калі б я жыла раней, мой сэкс-сімвал быў бы Кастусь Каліноўскі,калі б сталася літаратурнай гераіняй — Гервасій Выліваха [персанаж аповесці Караткевіча «Ладдзя Роспачы» — «НН»]», — разважае паэтка.
«Каб сэксуальнае жыццё было болей разнастайным, чытаю і слухаю іншых сэксуальных мужчын — Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзіміра Някляева, Алезіса Дземідовіча, Піта Паўлава… А як упрыгожвае жыццё беларуска-шведскі сэкс-анёл Стэфан Эрыксан!»
Недасяжны Севярынец
Самы сэксуальны беларускі мужчына — гэта, безумоўна, Павал Севярынец, лічыць літаратарка Марыя Мартысевіч.Чаму? Бо сэкс-сімвал не павінен быць дасягальны.
«Гэта проста феерыя сэксу. Нашага цнатлівага беларускага сэксу».
Лукашэнка сказаў — Лукашэнка зрабіў
А вось для цыркачкі Ганны Бандарчук (вядучай праграмы «Ноч з Ганнай Бонд» на БелМузТБ) мужчынскі сэкс-сімвал — Аляксандр Рыгоравіч.Так, менавіта Лукашэнка, а не які-небудзь Ціхановіч.
Чаму? Усё проста: «у арміі служыў — ужо прыемна. Цяперашнія туды асабліва не ходзяць», — кажа Бонд.
«Моцны духам, высокі, прыгожы. Сказаў — зрабіў.Кожнай бы па такім мужчыну — і ў хаце быў бы поўны парадак». Артыстка не шкадуе кампліментаў, каб апісаць свайго «сэкс-сімвала». Яна належыць да цыркавой дынастыі Бандарчукоў. Многія памятаюць, як Таццяна Бандарчук, кіраўніца Дзяржаўнага цырку, у 1999 годзе аказалася ў цэнтры скандала, нітачкі з якога прывялі следчых да палкоўніка Паўлічэнкі. Справу ўрэшце спыніў Аляксандр Лукашэнка...
Што ж, кожнаму — сваё. Ці, дакладней, кожнай — свой.
Каментары