Архіў

Адкуль тое «дзікае паляваньне»?

Цалкам магчыма, што ў адной з сваіх аповесьцяў Караткевіч зашыфраваў месца аднаму яму вядомага скарбу…

Чытаючы Караткевіча, зь цягам часу займеў звычку знаходзіць карані той ці іншай згаданай у аўтара зьявы.

Першай маёй «знаходкай» быў «фашчаўскі ёлуп» («Каласы пад сярпом тваім», «У сьнягах драмае вясна»), які, напэўна, і дагэтуль стаіць на ўскраіне Фашчаўкі, што на Шклоўшчыне.

Выраз гэты, паводле сьведчаньня сястры Караткевіча Натальлі Сямёнаўны Кучкоўскай, быў калісьці шырока ўжываны ў Воршы. У 1990-х у адным са шклоўскіх недзяржаўных выданьняў была зьмешчана публікацыя пра мясцовыя паданьні аб «ёлупе». Паводле адной зь легендаў, помнік быў усталяваны дзеля ўшанаваньня памяці параненага і пазьней пахаванага ў Фашчаўцы героя Аршанскай бітвы. Паводле іншай вэрсіі, рыцар быў забіты мясцовымі сялянамі падчас народных хваляваньняў. Часопіс «Авэ Марыя» (2002, №1—2) больш канкрэтны: аўтар артыкулу пра касьцёлы на Шклоўшчыне А.Грудзіна спасылаецца на архіўны дакумэнт, датаваны 1912 годам, паводле якога калёна ўзьведзена манахамі-езуітамі ў гонар загінулага рыцара Сымпліцыяна.

У вандроўку ў Фашчаўку я выбраўся разам з мастаком — і каталіком — Алесем Кажамякам. Да Шклова дабраліся на дызэлі, а адтуль давялося ісьці пешкі — высьветлілася, што на Фашчаўку аўтобусы ходзяць нерэгулярна. Выбіраючы па мапе найкарацейшую дарогу, мы хутка заўважылі дзіўнае сугучча назваў вёсак на нашым шляху: Хадулы, Путнікі, Заходы…

Урэшце, мы і крочылі маршрутам пілігрымаў, што, вандруючы па каталіцкіх сьвятынях, ішлі ад Аршанскага езуіцкага кляштару да Фашчаўскай езуіцкай місіі, дзе разьмяшчаўся, паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін», «агромністы мураваны касьцёл у раманскім стылі». Цяпер тут застаўся толькі падмурак.

А найпрасьцейшая дарога праз поле вывела нас проста да «ёлупа» на старых могілках на ўскрайку Фашчаўкі. Гэта была складзеная з чырвонай цэглы высокая калёна, наверсе якой знаходзілася драўляная скульптура, стан якой, на жаль, не дазваляў рабіць хаця б прыблізныя здагадкі пра яе першапачатковы выгляд.

Тады і раскрылася перада мной ва ўсёй сваёй грандыёзнасьці задума земляка — закласьці для мяне і іншых чытачоў згадкі пра тое, што сам ведаў, але мусіў хаваць ад цэнзараў і хамаў. Ён верыў, што прыйдзе час, і тое, што падавалася большасьці ягоных сучасьнікаў аджылым і нецікавым, стане цэнтрам увагі ў незалежнай краіне.

Цяпер можна лічыць знойдзенай і «Куцеінскую Маці Божую», той абраз, пра які Караткевіч у тых жа «Каласах…» піша: «Гэтая ікона з Куцейны лічылася раней узорам для тых, хто пісаў іконы: «Прыгажосьць невыказная».

Абапіраючыся на зьвесткі, прыведзеныя ў кнізе «Легенды і паданьні Аршаншчыны», рэальным яе прататыпам можна лічыць абраз Маці Божай Аршанскай, копія XVIII ст. зь якога захоўваецца цяпер у Менскім Сьвятадухавым катэдральным саборы. Але ж Караткевіч прыводзіць легенду пра яшчэ больш даўнюю за часы ўзьнікненьня Куцеінскага манастыра гісторыю гэтага абраза, якая таксама можа аказацца праўдзівай…

Пасьля гэтых знаходак убачаная ў кніжцы пра вытокі сярэднявечнага рыцарства згадка «дзікага паляваньня» ня дужа й зьдзівіла. Наяўнасьць у хаце «ўнівэрсальнага даведніка» — Інтэрнэту — яшчэ больш спрасьціла справу. Высьветлілася, што пра тое «дзікае паляваньне», прынамсі, з 1092 году (калі ў Парыжы сьвятаром, які вяртаўся пасьля наведаньня хворага, была ўбачана і пазьней апісана працэсія прывідаў) згадвалі па ўсёй Заходняй Эўропе тады, калі моцны вецер пачынаў раўсьці зь неба, гнуць дрэвы долу ды зносіць дахі з хат.

Людзі ў такі час нібыта бачылі, як па небе рухаецца кавалькада прывідных вершнікаў са зграяй прывідных сабак, а на чале кавалькады бязгучна ляціць на сваім кані Дзікі Паляўнічы. Паводле дасьледчыка і аднаго з кіраўнікоў нэапаганскай суполкі «Вера» Квэльдульфа Гундарсана, у засьпетага «дзікім паляваньнем» падарожнага быў толькі адзін спосаб уратавацца — кінуцца пасярод дарогі тварам у зямлю і трываць халодныя дотыкі прывідных ганчакоў па плячах.

Зьяўленьне людзям «дзікага паляваньня», паводле «вольнай энцыкляпэдыі» «Wikipedia», сьведчыла пра набліжэньне нейкай бяды, вайны або паморку, у найлепшым выпадку — сьмерці відавочцы. Больш за тое, «дзікае паляваньне» магло забраць відавочцу з сабой, у Краіну Мёртвых.

Паводле старажытных паданьняў, вядомы рэальныя людзі, што нібыта вялі за сабой «дзікае паляваньне», сярод якіх называліся кароль Артур і вядомы пірат Фрэнсіс Дрэйк. Вобраз Дзікага Паляўнічага выкарыстаны Шэксьпірам у «Віндзорскіх свавольніцах».

Але што застаецца загадкай для мяне дагэтуль, дык гэта тое, дзе мог даведацца пра «дзікае паляваньне» Караткевіч. Ён напісаў першы варыянт гэтай аповесьці ў Воршы, на гарышчы пунькі, якую й цяпер можна ўбачыць у двары хаты на вуліцы Касманаўтаў.

Зьвестак пра існаваньне падобнага сюжэту ў беларускім фальклёры няма, альбо яны недастаткова вядомыя. Таму, можа, у шляхетнай сям’і Караткевіча пераказваліся падобныя сюжэты з эўрапейскай міталёгіі?

У творах Караткевіча шмат таямніц, таму цалкам магчыма, што ў адной са сваіх аповесьцяў пісьменьнік зашыфраваў месца аднаму яму вядомага скарбу ці сьвядома зробленай схованкі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Усе навіны →
Усе навіны

Нетаньяху ўвёў Іран у зман з дапамогай вяселля, а Трамп — сваімі заявамі8

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране12

Трамп: Незразумела, ці засталася ў Ірана ядзерная праграма3

«Раней быў смачнейшы». У тыктоку абмеркавалі мінулае і сучаснасць квасу з жоўтай бочкі6

У Мінску з'явіліся «чыстаматы». Што гэта такое і як яны працуюць?9

«Я ўжо аднойчы ўцякаў ад дыктатуры». У ЗША сына беларускага палітычнага ўцекача хочуць дэпартаваць па новай схеме Трампа31

Беларускія айцішнікі з'язджаюць з Літвы? Як змяняецца колькасць беларусаў у Літве па тыпах ДНЖ12

«Расійскія му-му выглядаюць бледнавата». Што пра атакі Ізраіля на Іран пішуць расійскія ваенкары5

У КНДР з другой спробы ўсё ж спусцілі на ваду скандальны вайсковы карабель1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць