Кіеў пачаў нацыяналізацыю ўкраінскіх актываў «Беларуськалія». Частку з іх паспелі прадаць
У студзені 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць прадпрыемства «Беларуськалій». «Радыё Свабода» высветліла, што частку актываў, якія хочуць спагнаць у даход дзяржавы, ужо паспелі прадаць.

Міністэрства юстыцыі Украіны праз суд дамаглося забароны прадаваць вагоны, што належаць беларускаму прадпрыемству «Беларуськалій» і яго даччыным украінскім кампаніям, актывы якіх арыштавалі пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ваеннага ўварвання, падтрыманага ўладамі Беларусі.
У канцы 2024 года ў Агенцтве вышуку і менеджменту актываў (АВМА) Украіны паведамілі аб пачатку маштабнага продажу 30 431 тоны хларыду калію, якія на 24 лютага 2022 года знаходзіліся на тэрыторыі Украіны. З пачатку года праз адпаведныя аўкцыёны ўжо змаглі прадаць некалькі лотаў угнаенняў.
Чаму пазоў падалі праз два гады пасля санкцый
Міністэрства юстыцыі Украіны аргументавала свой пазоў тым, што прадпрыемства «Беларуськалій» цалкам кантралюецца палітычнай вярхушкай Беларусі, найперш Аляксандрам Лукашэнкам, «сваімі дзеяннямі спрыяе вядзенню вайны супраць Украіны праз фінансава-гаспадарчыя ўзаемаадносіны з прадпрыемствамі ВПК Расіі і акупацыйнымі адміністрацыямі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама надавала транспарт для перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з часова акупаваных тэрыторый, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Суд для забеспячэння разгляду пазову Міністэрства юстыцыі Украіны забараніў АВМА прадаваць чыгуначныя вагоны і абавязаў агенцтва падаць усю інфармацыю пра суму грошай, атрыманых за ўжо рэалізаваныя калійныя ўгнаенні.
Акрамя таго, суд забараніў дзяржаўным рэгістратарам ажыццяўляць любыя рэгістрацыйныя дзеянні, звязаныя з актывамі ўкраінскай кампаніі «Агророзквіт». Як высветлілася, раней такой забароны не было, а за гэты час яе актывы склалі 324 мільёны грыўняў (прыблізна 8 мільёнаў долараў у эквіваленце). У 2020-м яны складалі 255,8 мільёна грыўняў — 8,5 мільёна долараў у эквіваленце паводле курсу на той момант.
Што вядома пра кампанію «Агророзквіт»
Кампанія «Агророзквіт» зарэгістраваная 5 ліпеня 2016 года. Яе заснавальнік — Беларуская калійная кампанія. У Міністэрстве юстыцыі Украіны мяркуюць, што праз БКК 48% актываў украінскага прадпрыемства належыць «Беларуськалію».
У той жа час вядома, што «Агророзквіт» пэўны час быў звязаны з грамадзянінам Украіны Аляксандрам Скрыпкам і яго кампаніяй «СанАгро Україна». Іх звязваў нават адзін супольны заснавальнік — брытанская кампанія Agrofertrans Ltd, уласнікам якой і быў Аляксандр Скрыпка.
У 2016 годзе капітал Agrofertrans Ltd быў выкарыстаны для рэгістрацыі кампаніі «Белаграферт» у межах свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест». На афіцыйным сайце СЭЗ пазначана, што прадпрыемства створана з удзелам брытанскіх інвестыцый. Праўда, назва брытанскай кампаніі не згадваецца.
«Белаграферт» (гэтую кампанію ў свой час кантраляваў Віктар Шэйман) пабудаваў завод для вытворчасці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААТ «Гродна Азот». Раней паведамлялі, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаенняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Украіну праз кампанію «СанАгро Україна», бенефіцыярам якой таксама была брытанская Agrofertrans Ltd.
У канцы 2020 года Agrofertrans Ltd выйшла і са складу бенефіцыяраў прадпрыемства «СанАгро Україна» і кампаніі «Агророзквіт».
Паводле фінансавай справаздачы, у 2020 годзе «СанАгро Україна» атрымала 1,9 мільярда грыўняў даходу, але чысты прыбытак склаў 61,4 мільёна грыўняў (адпаведна 69,9 і 2,2 мільёна долараў у эквіваленце паводле курсу на снежань 2020 года). За апошнія чатыры гады даходнасць гэтай кампаніі павялічылася ў паўтара раза — да 3,2 мільярда грыўняў (амаль 80 мільёнаў долараў), а чысты прыбытак — да 98,6 мільёна грыўняў (2,5 мільёна долараў). Адметна, што і актывы кампаніі павялічыліся з 246,8 мільёна грыўняў (6,1 мільёна долараў) у 2020-м да 1,1 мільярда грыўняў (28,5 мільёна долараў) у 2024 годзе.
Кампанію «СанАгро Україна», якая была афіцыйным дылерам беларускага калію ва Украіне, падазравалі ва ўдзеле ў фінансаванні паездак украінскага дэпутата Яўгена Шаўчэнкі ў Беларусь (ён знаходзіцца ў следчым ізалятары паводле падазрэння ў дзяржаўнай здрадзе).
Паводле інфармацыі ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасля акцый пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандр Скрыпка ў 2015 годзе наведваў В’етнам як генеральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генеральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі.
ТАА «Агророзквіт» у 2020 годзе атрымала 3 мільярды грыўняў даходу і 19,8 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 110 мільёнаў і 713 тысяч долараў у эквіваленце). У наступныя чатыры гады даходнасць прадпрыемства зніжалася, пакуль у 2024 годзе не дасягнула 16,2 мільёна грыўняў са стратамі ў 9,7 мільёна грыўняў (адпаведна 404 630 і 242 085 долараў у эквіваленце).
Цяпер у кампаніі няма ніводнага працаўніка. Яе апошні кіраўнік Вадзім Кулік, які ў 2022 годзе напісаў заяву аб звальненні, доўга судзіўся, каб пайсці з гэтай пасады, бо праз вайну кампанія не магла правесці ў гэтых мэтах агульны сход акцыянераў. У лістападзе 2023 года Гаспадарчы суд Кіева прызнаў яго «працоўныя адносіны спыненымі ў сувязі са звальненнем з пасады дырэктара па ўласным жаданні».
У чэрвені 2024 года падатковыя органы анулявалі рэгістрацыю прадпрыемства «Агророзквіт» як плацельшчыка ПДВ на падставе дэкларацыі аб адсутнасці паставак.
Прэм'ер Літвы не выключае, што ЗША могуць паспрабаваць прымусіць Вільню зняць санкцыі з беларускага калію
Украіна прадала 61 вагон арыштаваных беларускіх угнаенняў
Што будзе ў выпадку, калі ЗША прыпыніць санкцыі на беларускі калій і банкі
Стала вядома, колькі бонусных выплат атрымаў у 2024 годзе генеральны дырэктар «Беларуськалія»
Каментары
Даведка ванька
Украіна з рБеларусь мае дыпламатычныя адносіны. Працуе пасольства Украіна у Мінску Праз тэррыторыю рБ адбываецца абмен палоннымі .Гэта навідавоку .