Літаратура44

«Праспект Нежалезнасці» Мікіты Найдзёнава: жар, нахабства і шмат любімага Мінска

Эпатажны і таленавіты Найдзёнаў выдаў кнігу, які нагадвае сваёй палкасцю «Sex and the City» па-беларуску, — пра адносіны з будучай жонкай на фоне мінскіх лакацый. Пра зборнік расказвае Зося Лугавая. 

Паэт Мікіта Найдзёнаў. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

У чым Найдзёнаву не адмовіць, — гэта гранічная шчырасць. Калі вы раптам не ведаеце іх з жонкай гісторыі кахання, то ў агульных рысах усё адбывалася так: сустракаліся, пайшла да іншага, выйшла замуж (было добра і камфортна, але штосьці не тое), доўга мерылася разарваць і — нарэшце разарвала. 

Нават масты —
і тыя —
разводзяцца. 
Ты ўсё ніяк. 
Нібы нявольніца,
нібы бязвольніца, 
хоць і сцвярджаеш:
твая. 

Супраць фармальнасці,
супраць нармальнасці
сэрца маё
пратэстуе, глядзі!
Кажаш, 
усё яшчэ ў нас
атрымаецца.

Ай, не п**дзі. 

І тым не менш, гэта гісторыя з хэпі-эндам: героі цяпер разам, у шлюбе, і маюць дзіця. Праўда, беларуская рэчаіснасць дадала ў гэтую гісторыю такі паварот, якога б лепей там не было: у сакавіку 2023 года Мікіту арыштавалі, і ён прайшоў праз пекла. І гэтае расстанне прыпала на апошнія месяцы цяжарнасці жонкі.

Калі нічога гэтага не ведаць, то надрыў і любоўныя пакуты у зборніку «Праспект Нежалезнасці» могуць нават крыху раздражняць. Аўтар, я ўпэўненая, сам гэта ведае, таму і дражніць чытача, дадаючы ў якасці эпіграфа да зборніка: 

Так склалася, напэўна, гістарычна:
Паэт заўсёды трошкі істэрычка. 

Прыкладна такая ў Мікіты рэпутацыя яшчэ з часоў выкліку на паэтычны батл журы прэміі «Дэбют» 2016 года. Тады, нагадаю, маладога паэта не задаволіла рашэнне сябраў журы не прысуджаць прэміі нікому з шорт-лістараў (імі былі Анхела Эспіноса, Алесь Плотка і Мікіта Найдзёнаў), а ўсіх узнагародзіць суцяшальнымі грашовымі прызамі. Бо, маўляў, узровень у маладых паэтаў аднолькавы і выбраць роўнага сярод роўных не ўдалося. 

Паэт Мікіта Найдзёнаў. Фота: taubinpoetry.com

Але акрамя любоўных пакут маладога сэрца, «Праспект Нежалезнасці» — гэта яшчэ і кніга-настальгія па тым Мінску, якога ўжо няма. Гаворка нават не пра архітэктуру, а пра атмасферу і людзей. Зборнік увесь прасякнуты Мінскам:

Сядаць на дванаццаты, саракавы,
каб на Оперным выйсці…

Або:

Добра ўсё ж
папаліць на балконе ў дождж
ці няспешна прайсці 
ўвесь праспект Нежалезнасці
ўздоўж.

Аформіла зборнік таленавітая мастачка Лізавета Лянкевіч, вядомая афармленнем шмат якіх беларускіх кніг, у тым ліку такой беларускай класікі, як «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага і «Новай зямлі» Коласа. На ілюстрацыях «Праспекта Нежалезнасці» — Оперны, Свіслач, парк Горкага і кола агляду, плошча Перамогі і вазы, якія перафарбоўваюць з жоўтага ў белы. Кавярні і музыкі ў пешаходным пераходзе, «Цэнтральная кнігарня» і кінатэатр «Цэнтральны». Такі вось настальгічны і метафізічны шпацыр па дарагім сэрцу горадзе. 

Модным, прыгожым
выходзіць з нагоды і без:
горадам,
з гонарам, 
Конарам
І гэтакім крокам
насустрач прыгодам,
якія даўно цябе
пасуць на Нямізе
ці недзе за Камароўкай.

Першы зборнік Мікіты Найдзёнава выходзіў у 2015 годзе. «Праспект Нежалезнасці» — пра жыццё паміж 2015 і 2020-м. Гэта бесклапотныя (з нашай сённяшняй званіцы) бадзянні па горадзе, любоўныя пакуты, рэфлексіі адносна творчасці і адносін, крыху ўспамінаў-разваг пра бацькоў, шмат нахабства і пазёрства. 

А яшчэ трэба сказаць, што Мікіта Найдзёнаў з тых нешматлікіх маладых беларускіх паэтаў, якія пішуць у рыфму. А тых, хто добра піша ў рыфму ў часы верлібраў, можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Рыфмы Найдзёнава яркія, ягоны стыль — пазнавальны, нават унікальны. І «Праспект Нежалезнасці» выйшаў менавіта такі: дзёрзкі, яркі, запамінальны.

Людзям тонкай душэўнай арганізацыі
Цяжка знаходзіць дзэн.
У памяць усё ўразаецца
ад каланізацыі да каналізацыі.
І наўрад ці каму прызнаецца,
што сапсавала дзень.

Людзям простай душэўнай арганізацыі
ўсё да задніцы.

Мікіта Найдзёнаў. Праспект Нежалезнасці — Варшава: Янушкевіч, 2025

Каментары4

  • БЕРАСЦЬ
    19.01.2026
    А вершы моцныя. Сапраўдная паэзія высокай пробы.
  • Не прапіска красіць Чалавека
    19.01.2026
    Свидетель, вы як былі “маскоўскім калгаснікам” (не блытаць з працоўнымі на вёсцы), так ім і засталіся.
  • Бамбина
    29.01.2026
    Ну вот зачем вы рекламируете, если все равно не купить в Беларуси эту книгу? И не советуйте мне пересылку из-за рубежа: и заморачиваться неохота, и нет уверенности, что дойдет целая.

Цяпер чытаюць

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура15

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Усе навіны →
Усе навіны

Платформу «Тры сланы» і ініцыятыву «Вольныя» прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі

З 1 мая ў мінскім наземным транспарце запрацуюць кнопкі адкрыцця дзвярэй1

Два рыбакі патанулі ў Віцебскім раёне

Wildberries запусціў у Беларусі дастаўку ежы з кафэ і рэстаранаў3

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects8

«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы2

«Бесіць, калі мне кажуць кітайскае «ніхаа». Казашка расказала, як ёй жывецца ў Беларусі30

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран2

Як зрабіць пасведчанне кіроўцы на беларускай мове? Усё прасцей, чым вы думаеце13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура15

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць