Пінчук купіў ноўтбук, але карыстацца ім не змог. Узнікла нечаканая праблема
Жыхар Пінска набыў праз інтэрнэт-пляцоўку ноўтбук Apple у прыватнай асобы з Мінска. Цана, знешні выгляд і характарыстыкі пакупніка задаволілі, а сама тэхніка на момант пакупкі была спраўнай. Але пры спробе ёй карыстацца ўзнікла нечаканая праблема, піша Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Пасля вяртання дадому мужчына абнавіў аперацыйную сістэму ноўтбука, пасля чаго высветлілася, што доступ да прылады абмежаваны і карыстацца ёй у звычайным рэжыме немагчыма.
Пінчук паспрабаваў вярнуць тэхніку прадаўцу, але той катэгарычна адмовіўся прыняць яе назад. Тады пакупнік звярнуўся ў суд. Каб высветліць прычыны праблемы і магчымасць паўнавартаснага выкарыстання ноўтбука, была прызначаная экспертыза радыёэлектронных прылад і электрабытавой тэхнікі.
Эксперт Пінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў, што прылада падключаная да механізму аўтаматычнай рэгістрацыі прылад Apple. Для яе паўнавартаснага выкарыстання неабходна прайсці абавязковую рэгістрацыю ў спецыяльнай сістэме.
Без гэтай працэдуры немагчыма завяршыць першапачатковыя налады ноўтбука і выкарыстоўваць яго ў адпаведнасці з прадугледжаным вытворцам парадкам. Экспертыза таксама паказала, што прылада належыць арганізацыі, якая выкарыстоўвае спецыяльныя механізмы абароны доступу да яе.
З улікам заключэння эксперта суд пастанавіў скасаваць дамову куплі-продажу. Пры гэтым прадавец павінен вярнуць пакупніку грошы не толькі за ноўтбук, але і за правядзенне экспертызы.
Каментары