Чыноўнікі адрэагавалі на дзікую гісторыю пра роды ў Мінску — парушэнняў яны не знайшлі
Сотні тысяч праглядаў атрымала гісторыя беларускі, якая скардзілася на парушэнні падчас родаў у 5‑й мінскай радзільні. Цяпер камісія, што мусіла расследаваць той выпадак, даслала жанчыне адказ — паводле яго, вінаватых няма.

Беларуска пад нікам annasooliate апублікавала сваю гісторыю 28 жніўня. Ганна расказала, што 18 красавіка яна нарадзіла ў 5‑й мінскай радзільні дзіця, і падзялілася складанасцямі падчас родаў.
Паводле яе слоў, медыкі памылкова занізілі вагу дзіцяці, праз што адмовілі жанчыне ў кесаравым сячэнні, адмовілі ёй у паўнавартаснай анэстэзіі і ціснулі на яе, каб атрымаць згоду на медыцынскую маніпуляцыю — амніятамію (пракол плоднага пухіра). Жанчына нарадзіла сама, але роды былі складаныя. Пасля выпіскі ў Ганны знайшлі інфекцыю мочапалавых шляхоў і праблемы са швамі.
У камітэце аховы здароўя Мінгарвыканкама стварылі камісію, каб разабрацца ў гісторыі Ганны. Цяпер жанчыне даслалі адказ.
Паводле таго адказу, Ганну шпіталізавалі ў радзільню, калі яна перанасіла дзіця на 12 дзён. Пры гэтым сама Ганна сцвярджае, што ніякага пераношвання не было, і дактары ў радзільні проста самавольна памянялі тэрмін цяжарнасці. Праз пераношванне, пішуць у адказе, роды трэба было стымуляваць, інакш маглі б быць ускладненні.
Што да амніятаміі, то ў адказе нагадваюць, што Ганна дала пісьмовую згоду на маніпуляцыю. Але не сведчаць пра ціск, а пішуць пра «тлумачэнне доктарам магчымых рызыкаў пры адмове». Паводле тэксту адказу, у Ганны падчас выпіскі не было прыкметаў запаленчага працэсу. У сваім каментары жанчына звяртае ўвагу, што падчас выпіскі мела дрэнны аналіз крыві з высокімі паказчыкамі лейкацытаў і бактэрый, а потым у прыватным цэнтры ёй прызначылі экстраны курс антыбіётыкаў, бо знайшлі ў Ганны запаленчы інфільтрат.
У выніку, пішацца ў адказе, з жанчынай у радзільні абыходзіліся паводле клінічнага пратакола. Таксама чыноўнікі не выявілі фактаў парушэння медычнай этыкі ў бок Ганны, у тым ліку праз тое, што відэазапісы ў радзільні захоўваюцца толькі 30 дзён.
Сама Ганна не гатовая мірыцца з такім адказам. Жанчына плануе абскардзіць яго, а потым і звярнуцца ў пракуратуру.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары