Частку кампаній і актываў яны перадалі сямейнаму фонду. Што гэта за форма ўласнасці і што яна дае, патлумачыў у сваім канале журналіст Вадзім Сяховіч.

Будаўнічы бізнес Сахашчыкаў працуе ў Польшчы і Германіі. Адна з яго асноўных кампаній Sahaty выступае падрадчыкам і генпадрадчыкам. Дэвелаперскім кірункам займаецца CUD Development, якая будуе ўласныя жылыя комплексы. Цяпер у яе партфелі два праекты: Osiedle Racławicka ў Мшчонаве і Zakątek Chmielna ў Жырардаве.
У ліпені ў гэтым бізнесе пачаліся прыкметныя змены. Як піша Вадзім Сяховіч, Сахашчыкі зарэгістравалі дзве новыя кампаніі — CUD Budownictwo і CH. Першая таксама будзе займацца падраднымі працамі і разам з Sahaty і CUD Development увайшла ў Grupa CUD. Паводле самой групы, цяпер у ёй каля 300 супрацоўнікаў.
Адначасова змянілася і структура ўласнасці. Мажарытарным уладальнікам новай CUD Budownictwo стаў сямейны фонд (Fundacja rodzinna) Fundacja S. На яго ж перааформілі CUD Development, якая раней у роўных долях належала Валеру і Алегу Сахашчыкам.
Навошта Сахашчыкам сямейны фонд
Fundacja rodzinna з'явілася ў польскім заканадаўстве ў 2023 годзе. Яе галоўнае прызначэнне заключаецца ў стварэнні магчымасці захаваць сямейны бізнес пры пераходзе ад аднаго пакалення да наступнага. Заснавальнік загадзя вызначае правілы кіравання маёмасцю і выплат членам сям'і, што дазваляе блізкім атрымліваць даход без абавязковага ўдзелу ў кіраванні кампаніяй.
Эксперты Анатоль і Лідзія Ражковы з ALG Legal тлумачаць і іншыя перавагі гэтай формы бізнэсу.
Калі дывідэнды атрымлівае непасрэдна фізічная асоба, пасля падатку на прыбытак кампаніі ўзнікае яшчэ і падатак пры выплаце грошай уласніку. Сямейны фонд дазваляе адкласці гэты другі этап і атрыманыя ім сродкі пакідаць унутры структуры і рэінвеставаць.
Напрыклад, фонд можа ўкладваць іх у нерухомасць, каштоўныя паперы або долі іншых кампаній. Падатак на ўзроўні фонду ўзнікае пры выплаце сродкаў бенефіцыярам. Для заснавальніка і яго найбліжэйшых сваякоў пры гэтым дзейнічаюць асобныя льготы.
Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што перададзеная фонду маёмасць больш не ёсць асабістай маёмасцю яго заснавальніка. Гэта ў пэўнай ступені абараняе яе ад асабістых крэдытораў. Але, як падкрэсліваюць эксперты, абарона не абсалютная. Фонд можа адказваць па некаторых абавязацельствах, якія ўзніклі да яго стварэння, а таксама па выплаце аліментаў.
Па словах экспертаў, хоць змены ў структуры кампаній сталі бачныя гэтым летам, рыхтаваць стварэнне сямейнага фонду Сахашчыкі мусілі значна раней. У Польшчы такія фонды рэгіструе толькі адзін Акруговы суд. Праз вялікую колькасць заявак працэс займае каля 12—14 месяцаў. Таму цяперашнія змены, хутчэй за ўсё, вынік рэарганізацыі, распачатай яшчэ летась.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары