Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах
Танцорка і кантэнт-крэатарка Кацярына Лёўкіна родам з Магілёўшчыны, але цяпер жыве ў Грузіі. Нядаўна яна вырашыла паспрабаваць разабрацца з пытаннем самотнасці і прыдумала чэлендж: схадзіць з мужчынамі на 40 спатканняў.

«Мне 36 гадоў і я вырашыла схадзіць на 40 першых спатканняў. Без інтыму і без чаканняў. Натхніў мяне на гэта фільм «40 спатканняў, 40 начэй». Мне стала цікава, ці змагу я ўвогуле пазнаёміцца з сарака незнаёмымі людзьмі і што адбываецца не ў рамантычнай камедыі, а ў рэальным жыцці?»
Праўда, ужо на паўдарозе Кацярына адзначыла, што сама ідэя, відаць, была няўдалай. Што ж так засмуціла дзяўчыну?
Пра свой досвед яна шчыра расказвае ў інстаграм-блогу.
Першыя некалькі дзён ліставання з мужчынамі ў дадатках для знаёмстваў, інстаграме і трэдсах увогуле не прывялі Кацярыну да рэальнага спаткання.
«Затое былі прапановы прысесці мне на твар і пабачыць мяне «ў яго дома ў чырвонай сукенцы». Большасць мужчын адразу імкнуліся ўдакладніць, ці будзе ў нас з імі сэкс. Алё, я клічу павячэраць разам, паразмаўляць — гэта што, так складана? Я павінна адразу рассунуць ногі? Мужчыны баяцца страціць грошы, у іх страх, што я развяду іх на салату?»
Калі ў Каці ўсё ж удалося дамовіцца на сустрэчу, мужчына зліўся з яе за пару гадзін да прызначанага часу, папрасіўшы перанесці ўсё на наступны дзень.
«А я паспела дарэмна памыць галаву, парушыўшы графік мыцця», — скардзіцца Кацярына. Яна дала гэтаму мэтчу другі шанец, але ён не прыйшоў на спатканне і тады.
«Гэта было ў разы складаней, чым я думала».
Яшчэ два патэнцыйныя кавалеры адразу паказалі сябе «рэд сцягамі», бо адмаўляліся казаць, чым яны займаюцца.
«Яны казалі мне, што гэта не важная інфармацыя для першага спаткання. А што мы тады на ім робім, калі не знаёмімся? Я ўжо не ў тых гадах, каб разгадваць загадкі. І сама не імкнуся быць загадкай».
Яшчэ адно спатканне Кацярына адмяніла сама, бо перад ім хлопец нечакана пачаў задаваць ёй дзіўныя пытанні і дыктаваць інструкцыі.
«На пытанне, які ў мяне рост, я напісала, што 172 і ён сказаў: «Тады давай без абцасаў». Ён ужо загадзя пачаў мяне пад сябе падладжваць».
«Калі наступным разам захочаце запытаць у мяне, чаму я самотная, пераглядзіце мае відэа з чэленджу «40 спатканняў», — не хавае злосці і расчаравання беларуска. Але пакуль не страчвае надзеі, што можа хаця б давесці эксперымент да канца.
Каментары