Свет

Вайна з Іранам прывяла да дэфіцыту боепрыпасаў у ЗША

Страты ваеннай тэхнікі склалі $3,7 млрд, яшчэ $7,4 млрд прыпалі на іншыя выдаткі.

AP Photo / Sean Murphy, File 

Генеральны інспектар Міністэрства абароны ЗША заявіў, што вайна з Іранам прывяла да дэфіцыту шэрагу боепрыпасаў і праблем з папаўненнем іх запасаў. Гэтыя высновы разыходзяцца з заявамі прэзідэнта Дональда Трампа, які неаднаразова адмаўляў, што ЗША сутыкаюцца з недахопам узбраенняў, піша Бі-бі-сі.

Трамп сцвярджаў, што амерыканскія запасы боепрыпасаў «практычна неабмежаваныя», а паведамленні аб іх вычарпанні называў «фэйкавымі навінамі».

Аднак незалежны наглядны орган Пентагона паведаміў, што з лютага па чэрвень ЗША выдаткавалі на боепрыпасы больш за $22 млрд, што прывяло да «дэфіцыту стратэгічных запасаў».

На пытанні прэсы аб высновах генеральнага інспектара ў Белым доме заявілі, што Злучаныя Штаты маюць «больш чым дастатковую» колькасць боепрыпасаў. Гэты даклад упершыню дае незалежнае ўяўленне пра стан амерыканскіх запасаў узбраенняў — інфармацыя аб іх рэальных аб'ёмах звычайна засакрэчаная.

Папярэднія ацэнкі ўжо паказвалі на сур'ёзны дэфіцыт некаторых відаў боепрыпасаў.

За час вайны амерыканскія сілы выдаткавалі велізарную колькасць як дальнабойных ударных сродкаў, так і ракет сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, якія выкарыстоўваліся для перахопу іранскіх атак.

Паводле ацэнкі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), апублікаванай у канцы ліпеня, запасы некаторых ракет-перахопнікаў, у тым ліку для комплексаў Patriot і THAAD (Terminal High Altitude Area Defense), значна скараціліся — у асобных выпадках больш чым напалову. У дакладзе генеральнага інспектара не раскрываецца, колькі менавіта такіх узбраенняў засталося ў распараджэнні ЗША. Аднак у ім пацвярджаецца наяўнасць дэфіцыту запасаў і гаворыцца пра «слабыя месцы ў абаронна-прамысловай базе», якія перашкаджаюць іх хуткаму папаўненню.

У дакуменце адзначаецца, што Міністэрства абароны цяпер спрабуе паскорыць працэдуры закупак і скараціць тэрміны вытворчасці, каб ліквідаваць дэфіцыт і атрымаць магчымасць «аператыўна рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі».

Белы дом адхіліў высновы нагляднага органа.

«Узброеныя сілы Злучаных Штатаў маюць больш чым дастатковыя запасы боепрыпасаў і ўзбраенняў для выканання ўсіх стратэгічных задач, пастаўленых галоўнакамандуючым, і нават больш», — заявіла ў аўторак прадстаўніца Белага дома Ганна Кэлі.

Трамп і іншыя прадстаўнікі яго адміністрацыі таксама неаднаразова называлі паведамленні пра недахоп боепрыпасаў ілжывымі, а некаторыя з такіх публікацый — нават «здрадніцкімі».

4 жніўня міністр абароны Піт Хегсет напісаў у X, што паведамленні СМІ пра дэфіцыт узбраенняў «не адпавядаюць рэчаіснасці».

А 3 верасня Трамп у разгорнутай публікацыі ў Truth Social заявіў, што ЗША маюць «практычна неабмежаваныя» запасы боепрыпасаў і працягваюць іх назапашваць, «рыхтуючыся да любога магчымага развіцця падзей».

Даклад генеральнага інспектара таксама дазваляе ацаніць кошт вайны. Страты ваеннай тэхнікі склалі $3,7 млрд, яшчэ $7,4 млрд прыпалі на іншыя выдаткі. Усяго з 28 лютага па 30 чэрвеня ЗША выдаткавалі на вайну $33,4 млрд.

Пры гэтым асобная ацэнка Бюджэтнага ўпраўлення Кангрэса (CBO), апублікаваная ў аўторак, аказалася яшчэ вышэйшай — $38 млрд. У гэтую суму ўключаны кошт папаўнення выдаткаваных боепрыпасаў і страчанай у баях тэхнікі, дадатковыя гадзіны баявых вылетаў і павелічэнне выдаткаў на паліва.

Сярод страчанай тэхнікі — чатыры знішчальнікі F-15E, найноўшы малазаўважны знішчальнік F-35 Joint Strike Fighter і 30 беспілотнікаў MQ-9, знішчаных, як гаворыцца ў дакладзе, «пры розных абставінах».

Калі ЗША і Ізраіль пачалі наносіць удары, Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што канфлікт скончыцца на працягу некалькіх тыдняў.

Аднак пазней прэзідэнт змяніў свае прагнозы і заявіў, што вайна можа працягвацца да прамежкавых выбараў у ЗША ў лістападзе і скончыцца толькі «адразу пасля» іх.

Апытанні паказваюць, што вайна не карыстаецца падтрымкай большасці амерыканцаў.

Згодна з апытаннем Reuters/Ipsos, апублікаваным у пачатку верасня, толькі 23% амерыканцаў лічаць, што ў выніку вайны пазіцыі ЗША ў супрацьстаянні з Іранам сталі мацнейшымі, чым да пачатку баявых дзеянняў. Нават сярод прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі такога меркавання прытрымліваецца толькі каля паловы апытаных.

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС7

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Усе навіны →
Усе навіны

На фасадзе Ватыканскай бібліятэкі з'явілася гіганцкая хваля. Што гэта азначае?1

У Японіі колькасць людзей, старэйшых за 100 гадоў, упершыню перавысіла 100 тысяч4

Пад Столінам ужо другі раз за год прадалі шляхецкую сядзібу з вежай-абсерваторыяй1

«Ужо год жылі б без вайны». Лаўроў абвінаваціў ЗША і Еўропу ў тым, што вайна ва Украіне зацягнулася8

Барысаўскіх палітвязняў Салаша і Бабіцкага асудзілі на пяць гадоў калоніі за арт-прастору «Склад бутэлек»6

«Яна любіла жыццё». Памерла ўкраінская праваабаронца, якая дапамагала беларусам

Археолагі раскрылі магутны падмурак заходняй сцяны полацкай Сафіі3

Сям’я Сахашчыкаў рэарганізуе свой бізнэс у Польшчы1

Прыпынілі прыём заявак на італьянскія візы. Раней стала вядома, што падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў Мінску23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС7

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць