Увечары 13 верасня ў Польшчы 23‑гадовая грамадзянка Беларусі, якая жыве ў Кракаве, ехала на квадрацыкле разам з пасажырам уздоўж Віслы і разам з ім сарвалася з абрыву ў раку. Абодвух пацярпелых даставілі ў бальніцу з сур’ёзнымі траўмамі, піша Most.

Аварыя адбылася каля горада Казімеж-Дольны ў Люблінскім ваяводстве. Пра здарэнне паведаміла мясцовая паліцыя. Пры гэтым у афіцыйным паведамленні польскіх праваахоўнікаў грамадзянства кіроўцы не згадвалася. Паводле ж інфармацыі мясцовага рэсурсу Lublin112, квадрацыклам кіравала грамадзянка Беларусі, якая жыве ў Кракаве.
Паводле паведамлення паліцыі, здарэнне заўважыў мужчына, які рыбачыў на Вісле. Ён убачыў, як з абрыву ў раку з’ехаў квадрацыкл, на якім знаходзіліся два чалавекі, і патэлефанаваў у экстранныя службы.
На месцы здарэння паліцыянты знайшлі 23‑гадовую жыхарку Кракава і 34‑гадовага жыхара горада Пулавы. Абодва былі ў свядомасці і цвярозыя.
Пацярпелыя расказалі, што ехалі на квадрацыкле Linhai па дарозе ўздоўж Віслы ў бок Пулаваў. У нейкі момант дарога стала вузейшай. Дзяўчына, якая была за рулём, занадта моцна ўзяла налева, пасля чаго квадрацыкл з’ехаў з абрыву і ўпаў у раку.
З-за моцнага болю абодвух пацярпелых даставілі ў бальніцу ў Пулавы. Яны атрымалі сур’ёзныя траўмы.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары